Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сталі вядомыя асноўныя вэрсіі прычын крушэньня Боінга ў Растове


Ахвярамі авіякатастрофы сталі 62 чалавекі — 55 пасажыраў і сем членаў экіпажа, сярод загінулых грамадзяне дзевяці дзяржаваў.

У Растоўскім аэрапорце адбылося пасяджэньне апэратыўнага штабу, створанага для высьвятленьня прычын і ліквідацыі наступстваў катастрофы з самалётам Boeing 737-800. У нарадзе прынялі ўдзел міністар транспарту РФ Максім Сакалоў, губэрнатар вобласьці Васіль Голубеў, прадстаўнікі МНС і МУС, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода Антон Наумлюк.

На дадзены момант зь некалькімі дзясяткамі сваякоў у аэрапорце працуюць 27 псыхолягаў МНС і каля 40 лекараў іншых ведамстваў. Адмененыя 9 рэйсаў, што закранула каля 700 чалавек. Прадстаўнік расейскай чыгункі заявіў, што кампанія дадае вагоны ў склады маскоўскага кірунку.

Па словах Васіля Голубева, удалося зьвязацца з 47 зь 55 сваякоў пасажыраў. Паводле Сьледчага камітэту, расьсьледаванне здарэньня можа зацягнуцца больш чым на два месяцы, якія вызначаны законам.

Акрамя таго, прадстаўніца Сьледчага камітэту Аксана Каўрыжная назвала прыярытэтныя вэрсіі трагедыі: памылка пілётаў ва ўмовах дрэнных прыродных умоваў і тэхнічныя пашкоджаньні:

«Праводзіцца праверка па прыкметах злачынства, прадугледжанага часткай 3 артыкула 263 КК РФ. Вымаюцца парэшткі тэл, якія будуць накіраваны на ідэнтыфікацыю з дапамогай судова-мэдыцынскай i генэтычнай экспэртызаў. Выяўленыя два самапісцы: маўленчы і парамэтрычны, якія накіраваныя спэцыялістам для расшыфроўкі.

Сьледзтвам разглядаюцца дзьве асноўныя вэрсіі: памылка пілятаваньня ў сувязі са складанымі мэтэаўмовамі і тэхнічная няспраўнасьць самалёта.

Расьсьледаванне крымінальнай справы працягваецца. Канфіскавана лётная дакумэнтацыя, вывучаецца праца лётнай службы аэрапорта».

Раней паведамлялася, што выканаўчы дырэктар авіякампаніі Fly Dubai Гейт аль-Гейт заявіў на прэс-канфэрэнцыі ў Дубаі, што пілёты пацярпелага крушэньне самалёта мелі вялікі досьвед працы. Паводле яго словаў, Boeing апошні раз прайшоў праверку 21 студзеня гэтага года.

Самалёт авіякампаніі Flydubai, які выконваў рэйс з Дубая, пацярпеў крушэньне ў аэрапорце Растова-на Доне пры паўторным заходзе на пасадку ў складаных мэтэаўмовах. На борце самалёта знаходзіліся 62 чалавекі — 55 пасажыраў і сем чальцоў экіпажу. Усе яны загінулі. Сярод загінулых ёсьць грамадзяне дзевяці дзяржаваў — Расеі, Украіны, Кіргізіі, Узбэкістану, Сэйшэлаў, Кіпру, Гішпаніі, Індыі і Калюмбіі, паведаміў міністар транспарту РФ Максім Сакалоў.

XS
SM
MD
LG