Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нулявы нумар «Пагоні»


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Рэспубліканская газэта з такой назвай выходзіла некалі ў Горадні, была закрытая судом пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году.

У такія самыя дні ў 1992 годзе рыхтаваўся пачатковы, нулявы нумар новай газэты «Пагоня». Ззаду былі апошнія дні СССР, Рэспубліка Беларусь існавала асобна толькі першыя месяцы. Адчуваньні былі незвычайныя, з часам яны змазаліся, іх перакрэсьліла незьмяняльная ўлада. Засталася думка, што такія станоўчыя ўзрушэньні можна перажыць толькі аднойчы ў жыцьці. Улада неўзьлюбіла кароткі час дэмакратычнага разьвіцьця нашай радзімы, усё зрабіла, каб зацерці, зафарбаваць чорнай фарбай.

Але мне ён запомніўся нашай газэтай, якая мела назву дзяржаўнага герба і ў шыльдзе — рыцара на кані. Так, мы вальней дыхалі, хоць у душы былі рэшткі страху, што дэмакратычны час працягнецца нядоўга. Досыць было ўключыць трансьляцыю сэсіі Вярхоўнага Савету, каб адчуць няпэўнасьць: большасьць хацела быць у Савецкім Саюзе, які не існаваў. Сапраўды пералякаесься, калі лёс краіны вызначаюць учорашнія людзі.

Памятаю, для нулявога нумару я напісаў зацемкі, у якіх стараўся перадаць свае назіраньні за бягучым часам. У суседзяў-палякаў былі надрукаваныя (да грашовай рэформы) купюры з шасьцю нулямі. Знаёмы паляк прывёз пару пачкаў пражанай аўстрыйскай кавы, каштуе ў іх, напісаў я, «усяго восем тысяч злотых». Але журналіст зарабляе тры мільёны! У нас такі пачак каштаваў трыста-чатырыста рублёў (250 грамаў), а кіляграм звычайнай кавы — пяцьсот-шэсьцьсот. На свой журналісцкі аклад я мог набыць два кіляграмы. У нас яшчэ былі савецкія грошы, чырвонцы зь Леніным і ў кішэнях «купоны пакупніка».

Вокны «Пагоні» на вуліцы Дамініканскай
Вокны «Пагоні» на вуліцы Дамініканскай

Нулявы нумар быў падрыхтаваны ў сьценах абласной газэты «Гродзенская праўда». Пазьней у «Пагоні» была ўжо рэдакцыя. Якое месца! У старым горадзе, у камяніцы, частка якой была на Савецкай, другая — на Дамініканскай. Мы ганарыліся, што гэта была адна зь некалькіх вуліц, якія гарадзкое начальства дазволіла пераназваць.

Бюст маршала Сакалоўскага побач з рэдакцыяй
Бюст маршала Сакалоўскага побач з рэдакцыяй

За вакном рэдактарскага пакою стаяў на высокім пастамэньце вялізны бюст. Маршала Сакалоўскага, Васіля Данілавіча. Зусім нядрэнна. Чалавек з-пад Саколкі, беларус. А мог жа стаяць ваеначальнік, які да Беларусі ня меў дачыненьня. Я не кажу: бальшавік які-небудзь, наркамхарч, дапусьцім. Да Сакалоўскага гэтае месца займаў гіпсавы Сталін, пакуль яго ня вынесьлі з маскоўскага маўзалею. За бюстам была старая рэдакцыя абласной газэты, дзе некалі працаваў Васіль Быкаў, а зьлева ад яе першы дом, дзе жыў у Горадні пісьменьнік.

Мне падабалася прыехаць у рэдакцыю, калі яшчэ нікога не было. Глянеш на маршала: нязломак, выглядае салідна, і пачынаеш пісаць. Бо пазьней з гэтым было зусім дрэнна. Пакой быў прахадны, міма мяне вечна лёталі групы турыстаў, якім то ваўчары былі патрэбныя, то квіткі, то яны былі чымсьці незадаволеныя. Абстаноўка рабілася зусім непрацоўная. Аб творчасьці не ўспамінаючы.

Пазьней я перадаў рэдактарства Маркевічу, а сам перайшоў у «Свабоду». Новае начальства вырашала выселіць адыёзную газэту з такога выдатнага месца, з галоўнай вуліцы, зь пешаходнай. Мікола Маркевіч адмовіўся перасяляцца, і міліцыянты яго вынесьлі на вуліцу на руках. Падумаць толькі: часы яшчэ не сапсаваліся дарэшты! Кароткія дэмакратычныя гады яшчэ аказвалі свой лагодны ўплыў. Сёньня ці выносілі б акуратна на руках рэдактара апазацыйнай газэты?

На другім паверсе камяніцы на вуліцы Маркса працавала рэдакцыя «Пагоні»
На другім паверсе камяніцы на вуліцы Маркса працавала рэдакцыя «Пагоні»

Уплыў дэмакратычных часоў праявіўся таксама ў тым, што «Пагоню» тады ня выкінулі на вуліцу. Фонду «Бацькаўшчына», што яе заснаваў, і рэдакцыі далі новае памяшканьне, таксама ў старым горадзе — на вуліцы Маркса. За акном цяпер быў катэдральны касьцёл (калі высунуцца і паглядзець налева). Другая зьмена: па вуліцы бясконца ішоў транспарт. Трэцяя: камяніца была больш лядашчай і адсутнічала прыбіральня. Але некалькі гадоў нумары «Пагоні» яшчэ рыхтаваліся па новым адрасе, пакуль газэты ня стала.

З вакна быў відзён стары катэдральны касьцёл
З вакна быў відзён стары катэдральны касьцёл

Памятных шыльдаў, прысьвечаных «Пагоні», у горадзе няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG