Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музыкант без адчуваньня рытму — дыплямаваны невук. Як у прыватнай школе культывуюць тое, да чаго няма справы дзяржаве


Прафэсійны музыка, герой свабодаўскай кнігі «Жыцьцё пасьля раку» смаргонец Арцём Фрэнкель запачаткаваў курс рытмікі ў менскай Школе сучаснага вакальнага мастацтва Веранікі Яноўскай. Гэты абавязковы для ўсіх музыкаў прадмет ён штудзіраваў падчас навучаньня ў Нямеччыне, аднак профільныя адукацыйныя ўстановы ў Беларусі такой дысцыпліны ў раскладзе ня маюць. Ці азначае гэта, што выпускнікі беларускай музычнай індустрыі недавучаныя ў адным з асноўных складнікаў — пачуцьці рытму?

Прыватная вакальная школа эстрадна-джазавай сьпявачкі Веранікі Яноўскай — гэта невялікі пакой у адным з адміністрацыйных будынкаў сталіцы. Але жыцьця тут хапае, без перабольшаньня, на некалькі «рамачных» дзяржаўных установаў. Сама Вераніка таксама выкладае вакальна-харавыя дысцыпліны ў Менскім дзяржаўным музычным каледжы імя Глінкі, яна ляўрэат міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў.

Ноў-хаў апошняга часу ў яе прыватнай школе — рытміка, прадмет, які адразу прыйшоўся даспадобы і навучэнцам, і бацькам. У звычайных школах гэтая назва збольшага асацыюецца са спартовымі танцамі, але першаснае прызначэньне гэтага прадмета — выпрацаваць бездакорнае пачуцьцё рытму.

Музыка і выкладчык Арцём Фрэнкель

Музыка і выкладчык Арцём Фрэнкель

Летась экспэрымэнт распачаў рознаплянавы музыка Арцём Фрэнкель. У свой час разам зь Веранікай яны вучыліся ў каледжы Глінкі, дзе ён асвойваў кантрабас, а яна — харавое дырыжыраваньне. Потым шляхі на нейкі час разышліся: Арцём паехаў вучыцца ў Кёльнскую кансэрваторыю, некалькі гадоў працаваў у музычных бэндах на акіянскіх круізных лайнэрах. А калі летась вырашыў узяць паўзу і вярнуўся давесьці да ладу дом у вёсцы Зарудзічы на Смаргоншчыне, сфэры інтарэсаў зноў перакрыжаваліся. Вераніка ўжо заснавала Школу сучаснага вакальнага мастацтва і прапанавала варыянты супрацы.

Сьпявачка і заснавальніца вакальнай школы Вераніка Яноўская

Сьпявачка і заснавальніца вакальнай школы Вераніка Яноўская

Вераніка: Летась у чэрвені мы правялі першыя пробныя заняткі, каб зразумець перадусім для сябе: ці варта такі прадмет уключаць у новы навучальны год, наколькі ўвогуле гэта зацікавіць нашых навучэнцаў? Эфэкт, трэба сказаць, перавысіў усе чаканьні — дзеці проста сьвяціліся ад захапленьня. Пасьля гэтага ўсе пытаньні і сумневы былі зьнятыя.

Арцём: Саму ідэю я прывёз зь Нямеччыны, а дагэтуль асабліва нават не задумваўся, што ў Беларусі такі значны прабел у гэтай частцы музычнай адукацыі. Усе як быццам не заўважаюць, што рытму проста ня вучаць, нідзе ў спэцыялізаваных установах такі прадмет не выкладаюць. Чаму так? Паняцьця ня маю. Пытаньне, хутчэй, да кіраўніцтва Міністэрства адукацыі.

Вераніка: Справа нават не ў Мінадукацыі. Проста вельмі даўно так склалася сыстэма, што гэта надзвычай важная катэгорыя знаходзіцца ў стане незапатрабаванасьці. Хоць, калі згадваю свае ўрокі сальфэджыё, асобныя граматныя пэдагогі значэньне рытму ўсё ж разумелі. Скажам, калі пісалі дыктант, выкладчыца казала: спачатку вы павінны вызначыць рытм, бо гэта самае галоўнае, а ўжо потым думаць нотамі. Але гэта выключна жаданьне і разуменьне канкрэтнай асобы.

Юныя вакалісткі-барабаншчыцы

Юныя вакалісткі-барабаншчыцы

Арцём: Гэта тэорыя, а ў Нямеччыне я займаўся рытмікай, якая базуецца на сыстэме аднаго аўстралійца. Паводле гэтай мэтоды, рытміка служыць інструмэнтам духоўнага разьвіцьця, а ня проста музычнага. Нараджэньне рытму празь пераадоленьне. Прыкладам, хочаш выдаць нейкі дроб «такедзітакідам», а «буксуеш», не атрымліваецца. І празь пераадоленьне такіх вось заціскаў расьцеш ня толькі як майстар, але і духоўна. Гэта ня толькі для музыкаў, для ўсіх добра. Рукі, ногі, каардынацыя, дыханьне — усё, канечне, клясна, але ёсьць у гэтым і вышэйшае значэньне. У нейкім сэнсе гэта як ёга. Наогул, моцна ў тэму не заглыбляўся, але пэўныя практыкаваньні адтуль узяў, у тым ліку для нашага праекту.

Інструмэнт заварожвае і абвастрае пачуцьці

Інструмэнт заварожвае і абвастрае пачуцьці

Каб стымуляваць інтарэс да прадмета навучаньня і перавесьці духоўны пасыл у матэрыяльную плоскасьць, у сяброў-нефармалаў, якія займаюцца вырабам афрыканскіх барабанаў зь беларускім характарам, Арцём замовіў тузін інструмэнтаў «хэндмэйд» розных памераў. Цяпер дзеці ўзброеныя ня толькі тэорыяй, але і рэальным сродкам выбіваньня рытму.

Вераніка: З улікам таго, што Арцём жыве за 100 кілямэтраў ад Менску, атрымліваецца займацца толькі раз на тыдзень. Але ўсе дзеці з задавальненьнем наведваюць заняткі і практычна адразу ж выказалі жаданьне набыць сабе барабанчыкі. Для навучэнцаў гэта немалаважны элемэнт інтарэсу, нават пэўны фэтыш. Прынамсі, стымул займацца нашмат большы. То бок ня проста дробам са стала «счытваць» ці на каленях адбіваць, а менавіта з дапамогай інструмэнта, у які яны проста ўлюбіліся. Некаторыя сваім барабанам нават далі імёны...

Непадробная цікаўнасьць да прадмету

Непадробная цікаўнасьць да прадмету

Арцём: У кожнага барабана ёсьць свая душа. Нават калі на ім і ня граеш, проста прыемна ім валодаць. Дома паставіць як прадмет інтэр’еру — дарэчы, многія дзеля гэтага і набываюць. А ў нашым выпадку яшчэ і як элемэнт адукацыі. Трэба сказаць, што за прамінулы час узровень абыходжаньня з інструмэнтам у дзяцей ня тое што падрос, ён скокнуў — у параўнаньні з пачаткам гэта як неба і зямля. Але і моцна захапляцца ня варта, бо гэта акурат той выпадак, калі спачатку трэба навучыцца прагаворваць пэўныя склады, дапамагаючы сабе рукамі. Прыкладам, як індыйскія музыкі: на якім бы інструмэнце чалавек ні граў, ён спачатку мусіць навучыцца прагаворваць рытм, а ўжо потым стукаць пальцамі па таблах. А да гэтага скорагаворкай «выстрэльваць» «такуціцікітак» і г.д.

Вераніка Яноўская ўсьцешаная, што новая дысцыпліна стала адным з элемэнтаў яднаньня навучэнцаў, якія па сваёй творчай спэцыфіцы — выразна акрэсьленыя індывідуалы. У ейнай школе дзеці спасьцігаюць азы найперш вакальнага майстэрства, таму калектыўныя заняткі — адна з магчымасьцяў камунікацыі ў камандзе:

Арцём Фрэнкель і Вераніка Яноўская

Арцём Фрэнкель і Вераніка Яноўская

Вераніка: Па-першае, гэта добра зьядноўвае, бо самі па сабе яны — сольныя выканаўцы. А тут апынуліся ў групе, пачалося калектыўнае музыцыраваньне. Пры гэтым яны ня проста ствараюць музыку, а павінны яшчэ адчуваць, разумець адзін аднаго — яшчэ адна вялікая грань іх разьвіцьця. Гэта, канечне ж, здорава.

Арцём: Тут яшчэ плюс у тым, што ўсё выконваецца ўжывую. Бо звычайна рэпэтыцыі пад фанаграму, пад «мінусоўку». Дакладней, пад фанаграму не сьпяваюць, але суправаджае запісаная мэлёдыя. А ў дадзеным выпадку яны самі ствараюць музыку, маюць сваё суправаджэньне. Што яшчэ важна. Ёсьць пэўны рытм, але ж яны ня граюць адно і тое ж усе разам, гэты рытм раскладваецца на асобныя элемэнты. Нейкі барабан вядзе партыю, іншы ўкліньваецца і г.д. І ўсё трэба рабіць у тэму, каб не было хаосу. Зь цягам часу навучыліся слухаць, што навокал. Ня проста мэханічна адбіваць, а разумець, дзеля чаго. Канечне, спачатку дубасілі, але паступова гэта зьнікла. Задача такая: паслухай, што грае сусед, паспрабуй яго дапоўніць і пры гэтым ня зьбіць з рытму. Не зымітаваць тое, што ён грае, а сыграць сваё, што ёсьць лягічным дадаткам.

Адстукаць рытм: ня так проста, як падаецца

Адстукаць рытм: ня так проста, як падаецца

Першым выпрабаваньнем для «ўдарнікаў» барабаннага рытму стаў паказальны выступ перад самай складанай аўдыторыяй — уласнымі бацькамі. І гэты іспыт, як кажа Вераніка Яноўская, быў вытрыманы з гонарам:

Вераніка: У выніку гэтыя заняткі прывялі да таго, што мы падрыхтавалі паўнавартасны канцэртны нумар. Важна было паказаць, што за тры зь невялікім месяцы фактычна з нулявых выканаўцаў у гэтым жанры яны змаглі ня проста атрымаць карысьць і нешта для сябе зразумець у рытміцы, а здолелі гэта ўвасобіць у канкрэтнай мастацкай задуме. Без перабольшаньня, гледачоў нашы барабаншчыкі ўразілі. Ня думаю, што нехта чакаў такога выніку...

Тое, што рытміка як прадмет не выкладаецца ў беларускіх дзяржаўных установах адукацыі музычнага профілю, ці азначае аўтаматычную недавучанасьць выпускнікоў? І, як вынік, «недаробленасьць» дыплямаваных спэцыялістаў?

Ці абзавёўся імем уласным гэты барабан?

Ці абзавёўся імем уласным гэты барабан?

Арцём: Так, абсалютна. Нават спэцыялісты па рытме — скажам, музыкі, якія граюць на барабанах — маюць сур’ёзныя прабелы ў гэтай сфэры. Прадстаўнікам новага пакаленьня барабаншчыкаў, якія цяпер выкладаюць, напрыклад, у музычнай вучэльні (ня будзем пераходзіць на імёны-прозьвішчы), рэальна не хапае ведаў. Людзі проста не разумеюць, як правільна сыграць, куды рукі падзець, так мякка скажам. Веды даволі павярхоўныя наконт рытму — і гэта ў тых, хто займаецца справай прафэсійна.

Вераніка Яноўская кажа, што дзеці, якія праходзяць курс рытмікі, выйгрышна адрозьніваюцца ад тых, хто не да канца ацаніў унікальную магчымасьць пашырыць ці ўдасканаліць свае веды.

Мастацтва рытмікі ў выкананьні Арцёма Фрэнкеля:

Вераніка: Былі тыя, каго я ўгаворвала, што гэта неабходна, што гэта на карысьць. У выніку ня столькі дзеці, колькі не захацелі бацькі. Але на канцэрце нават у сольным выкананьні адчуваньне сябе, свайго цела ў дзяцей, якія займаліся рытмікай, было нашмат свабаднейшае, чым у тых, хто туды не хадзіў. Гэта факт. Як ужо казаў Арцём, гэта комплексная справа. Ня толькі музычнае, а асабовае, фізіялягічнае разьвіцьцё, бо набываеш нават пэўную мышачную свабоду. Дарэчы, для любога выканаўцы мышачная свабода — адзін са складнікаў посьпеху. Як толькі здараецца заціск у нейкай адной частцы, чакай імпульсу да іншых непрыемнасьцяў — сыстэмы арганізму ўзаемазьвязаныя. І ніколі ў жыцьці не атрымаеш свабодны гук, чысты голас. З інструмэнталістамі, здаецца, тое ж самае. Таму для мяне асноўнай задачай было, што я і сказала Арцёму, каб дзеці разьняволіліся, каб адчулі ўпэўненасьць. А мы, апроч гэтага, вырашылі яшчэ шмат іншых задачаў.

У працэсе стварэньня рытму

У працэсе стварэньня рытму

Арцём: Як мне падаецца, дзякуючы рытміцы яны нават сталі лепш сьпяваць. Бо калі чалавек выконвае нейкую мэлёдыю, у ёй абавязкова прысутнічае пэўны рытм, правільна? Атрымліваецца, што за кошт набытых ведаў прынамсі адзін элемэнт мэлёдыі стаў лепшы. А значыць, яны сталі больш прасунутымі ў сваёй справе, прынамсі мая лёгіка такая.

Дык ці можна экспэрымэнт з увядзеньнем рытмікі ў навучальны працэс у асобна ўзятай школе прызнаць удалым? І ці ад самага пачатку зоркі на небе сталі такім чынам, каб засьведчыць правільнасьць сымбіёзу — перапляценьня вакальнага жанру з барабанным боем?

Як не даходзіць словам, тады — на пальцах

Як не даходзіць словам, тады — на пальцах

Вераніка: Абсалютна ўдалы, хоць, можа, гэта ня столькі экспэрымэнт, колькі зьбег абставінаў. Бо калі гаворка пра прафэсіяналаў, якія разумеюць, што і дзеля чаго яны робяць, дык тут ужо да месца казаць пра сур’ёзны падыход. Цешыць, што практычна ўсе мае вучні адгукнуліся, хоць і не адразу. Спачатку былі сумневы: што яшчэ за рытміка? Ці ня тая, што была ў савецкай школе, дзе дзеці танцуюць, надзяваюць чэшкі, бодзі? Навошта гэта? Тлумачыла: рытміка — як прадмет, з барабанамі. Ну, і мне давяралі, таму што аўтарытэт перад бацькамі за гэтыя гады напрацаваны салідны. То бок калі я кажу, што будзе толк, значыць, так і будзе. Дзякуй богу, мне вераць, а галоўнае, я сама ў гэта паверыла: пагаварыўшы з Арцёмам, пераканалася, што ўсё атрымаецца.

Новыя веды — у дзіцячыя масы

Новыя веды — у дзіцячыя масы

Арцём: Дарэчы, у нашай краіне гэта ўсё ж можна назваць экспэрымэнтам... А ідэя абрастала ўжо па ходу, як сьнежны ком, бо пачыналася ў зусім іншай прывязцы. Я неяк падзяліўся зь Веранікай няўдалым досьведам: маўляў, хацеў у Залесьсі пад Смаргоньню зрабіць кляс па рытміцы, каб быў дзіцячы калектыў, які прадстаўляў бы вёску на сьвятах — балазе, пасьля рэстаўрацыі сядзібы Агінскага іх там шмат. А няма ні хору, ні ансамбля, нічога. Задумаў стварыць калектыўчык хоць бы пры школе. Аказалася, усё ня так проста: у дзяржаўных установах гэта амаль нерэальна, з прыватнікамі ў гэтым сэнсе прасьцей. Вераніка тады і падтрымала: дык клясная ідэя, давай паспрабуем у маёй школе. Ну вось паспрабавалі, нібыта атрымалася.

Яшчэ адна гісторыя, як працягвае Арцём Фрэнкель, зьвязаная з выбарам дапаможнага інвэнтару — на чым адбіваць рытм? Дзе ўзяць гэтулькі патрэбнага інструмэнту?

Гармонія ва ўсім — і ў душы, і ў целе

Гармонія ва ўсім — і ў душы, і ў целе

Арцём: Задумаліся: на якім інструмэнце працаваць? Ёсьць такія, зь якіх без папярэдняй падрыхтоўкі і гука ня выцягнеш: ну ня можа быць, каб узяў у рукі скрыпку і адразу ж пачаў граць. Сышліся, што будзе інструмэнт, на які ня трэба адмыслова вучыцца — барабан, ці не адзінае, што не вымагае звышвысілкаў. Але нават ударныя розныя, усялякія дарбукі, тыя, якія гучаць рэзка і на слых ня надта прыемна (забягаючы наперад, нашы зробленыя з натуральных матэрыялаў — дрэва, скура, вельмі мякка гучаць, прыемна вуху). Паўстала праблема, дзе ўзяць барабаны. На першы ўрок трэба адразу 10 штук, але ж ня скажаш бацькам, каб набылі. А раптам не спадабаецца ідэя, адмовяцца? Палазілі ў інтэрнэце, схадзілі ў краму. Самы маленькі — 2 мільёны рублёў мінімум. І раптам знайшліся людзі, якія самі робяць барабаны. Яны нам іх проста далі, напавер — без усялякіх расьпісак, нават адрасоў-тэлефонаў не спыталіся. І літаральна за тыдзень усе барабаны знайшлі новых гаспадароў. Карацей, у адзін момант усім стала клясна. Атрымалася так складна, як у цывілізаванай Эўропе...

Канец заняткаў

Канец заняткаў

На адным з заняткаў удалося паназіраць, як выкладчык Арцём Фрэнкель сумовіцца з выхаванцамі вакальнай школы. Склалася ўстойлівае перакананьне, што на чарговым справаздачным канцэрце бацькоў юных барабаншчыкаў чакае цэлы вадаспад громападобных эмоцыяў.

Плённа папрацавалі — заслужылі салодкі пачастунак

Плённа папрацавалі — заслужылі салодкі пачастунак

Дарэчы, дзелавыя кантакты Арцёма Фрэнкеля і Веранікі Яноўскай урэшце выліліся ў творчы саюз. Іх джазавы бэнд Port Monait, дзе Вераніка саліруе, а Арцём грае на кантрабасе, досыць запатрабаваны сталічным пляцоўкамі і ўжо мае сталую слухацкую аўдыторыю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG