Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея паводзіць сябе, як у XIX стагодзьдзі», — Паўэр


Саманта Паўэр
Саманта Паўэр

Амбасадар ЗША ў ААН Саманта Паўэр у інтэрвію «Голасу Амэрыкі» запэўніла, што санкцыі супраць Расеі за анэксію Крыму ня будуць зьнятыя да той пары, пакуль Крым ня будзе вернуты Ўкраіне.

«Мы ніколі не прызнаем дзеяньняў Расеі. Я разумею, што шмат каму гэта можа здацца проста словамі, аднак такая форма ізаляцыі і асуджэньня мае гістарычныя прыклады эфэктыўнасьці супраць нелегальных і агрэсіўных дзеяньняў дзяржаў», — падкрэсьліла яна.

Між тым Саманта Паўэр выказалася супраць прадстаўленьня Кіеву лятальнай зброі, для таго, каб Украіна магла супрацьстаяць расейскай агрэсіі.

«Я думаю, што мы прыйшлі да высновы, што дапамога зброяй будзе катастрафічнай для ўсіх. Так, гэта падыход, які абраў для сябе Ўладзімер Пуцін, каб задаволіць свае амбіцыі, зьвязаныя з Украінай. Аднак, калі мы паспрабуем абагнаць Пуціна ў мілітарызацыі, гэта будзе азначаць яшчэ большую шкоду для ўкраінскага народа, які і без таго ўжо напакутаваўся ў гэтым канфлікце.

Я разумею, што многія расчараваныя такой сытуацыяй, але мы аказваем вялікую нелетальную дапамогу. Напрыклад, мы далі Ўкраіне крэдытаў на суму 3 мільярды даляраў. Мы інвэстуем у сыстэму правасудзьдзя, у антыкарупцыйны сэктар. Я ўпэўненая: час пакажа, што палітыка, накіраваная на ізаляцыю Расеі, падзейнічае.

Ужо цяпер бачная эканамічная і палітычная цана, якую плаціць Расея за тое, што паводзіць сябе ў XXI-м стагодзьдзі, як у XIX-м. Гэтая палітыка стала прычынай таго, што „Менск“ наогул меў месца, што мела месца выкананьне менскіх пагадненьняў. Я нядаўна бачыла статыстыку, згодна зь якой у 2013 годзе эканоміка Расеі складала адну восьмую эканомікі ЗША, а цяпер гэта — адна шаснаццатая яе частка. І такая сытуацыя ня можа быць добрай для расейскай эліты, для ўраду краіны і для прэзыдэнта Пуціна», — заявіла амбасадар ЗША ў ААН.

Ключавыя словы: Пуцін, Менск, Расея, Украіна, ЗША, Паўэр, ААН

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG