Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны ЭЗ дамовіліся высылаць нелегальных мігрантаў назад у Турэччыну


На саміце ў Брусэлі яшчэ напярэдадні чакаліся цяжкія дыскусіі.

Эўрапейскі Зьвяз дасягнуў пагадненьня з Турэччынай адносна вырашэньня праблем міграцыйнага крызісу ў Эўропе, паведаміў у Твітэры прэм’ер-міністар Фінляндыі Юха Сыпіля. Пра гэта інфармуюць агенцтвы Reuters і AFP.

Напярэдадні канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла, што перамовы з Турцыяй «ня будуць простымі». Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд адзначыў, што няма ніякіх гарантый дасягнуць пагадненьня. Высокапастаўлены прадстаўнік Турэччыны паведаміў агенцтву Reuters аб намеры Анкары пераканаць Эўразьвяз пачаць новы этап перамоваў аб уступленьні ў ЭЗ, нягледзячы на магчымае вэта Кіпра.

На зыходзе другога дня саміту прэм’ер-міністfр Чэхіі Багуслаў Собатка пакінуў у Твітэры такі запіс: «Пагадненьне з Турэччынай дасягнутае. Усе нелегальныя мігранты, якія перайшлі мяжу Грэцыі з тэрыторыі Турэччыны, з 20 сакавіка будуць адпраўляцца назад».

Пагадненьне яшчэ павінна быць афіцыйна падпісана кіраўніком турэцкага ўраду Ахмэтам Давутаглу, які ўдзельнічае ў працы саміту ў Брусэлі.

Плян сумесных дзеяньняў 28 краін ЭЗ і Турэччыны ўключае фінансавую дапамогу і палітычныя саступкі Анкары. У абмен на гэта, Анкара павінна забясьпечыць стрымліваньне плыні ўцекачоў, які накіроўваўся ў Грэцыю праз турэцкую тэрыторыю.

XS
SM
MD
LG