Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ёсьць магчымасьці для паляпшэньня беларуска-польскіх адносінаў бязь зьмены геапалітычнай арыентацыі Беларусі?

Максімюк: На наступным тыдні ў Беларусь з афіцыйным візытам прыедзе міністар замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі. Будзе гэта першы візыт кіраўніка зьнешняй палітыкі Польшчы ў Менску ад пяці гадоў. Нагадаю, што перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2010 году Менск наведаў Радаслаў Сікорскі. Але тады ён прыехаў хутчэй у якасьці прадстаўніка Брусэлю, чым Варшавы. Як кіраўнік МЗС Польшчы Сікорскі наведаў Беларусь у 2008 годзе. Апошнім афіцыйным візытам польскага боку ў Менску, калі не памыляюся, быў прыезд віцэ-прэм’ера Вальдэмара Паўляка ў 2009 годзе. Карацей, кантакты Варшава-Менск на высокім узроўні былі замарожаныя цягам апошніх 7-8 гадоў.


Думаю, пры гэтай нагодзе варта прыгадаць, калі пачаліся польска-беларускія дыпляматычныя кантакты. Польшча прызнала незалежнасьць Беларусі ў сьнежні 1991 году. Цырымонія ўстанаўленьня дыпляматычных адносін адбылася ў сакавіку 1992 году, падчас візыту ў Польшчу міністра замежных спраў Беларусі Пятра Краўчанкі. Дамову аб добрасуседзтве і прыязным супрацоўніцтве падпісалі ў чэрвені ў Варшаве прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса і старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч. У першай палове 90-х гадоў кантакты паміж Польшчай і Беларусьсю былі жывыя, потым было па-рознаму. Усё наогул пайшло ў горшы бок.

З таго, што прасачылася ў польскія СМІ наконт паездкі Вашчыкоўскага ў Беларусь, вынікае, што ён мае сямейныя карані ў Беларусі — ягоныя продкі з боку маці паходзяць з Ваўкавыску. І ён нібыта, па дарозе ў Менск, наведае Ваўкавыск, каб пабачыць месца, дзе нарадзілася ягоная маці.

Пра што едзе ў Менск дамаўляцца спадар Вашчыкоўскі, польскія СМІ не паведамляюць. Можна толькі рабіць дапушчэньні, што ў адрозьненьні ад свайго калегі Радаслава Сікорскага Вітальд Вашчыкоўскі ня будзе рабіць акцэнту на, так сказаць, чыста палітычныя і эўрапейскія пытаньні, а хутчэй засяродзіць увагу на справах двухбаковых адносін і двухбаковага супрацоўніцтва.

Што ў гэтых двухбаковых адносінах можна было б зьмяніць на лепшае? Гэта маё пытаньне да вас, калегі. Са свайго боку, адказваючы на яго, я хацеў бы зьвярнуць вашу увагу на два аспэкты. Першы — усё яшчэ ня выкарыстаны патэнцыял эканамічнага супрацоўніцтва. Другі — таксама ня выкарыстаны патэнцыял, які тоіцца ў праграме гэтак званага малога памежнага руху.

Польшча як краіна больш тэхналягічна прасунутая мае больш магчымасьцяў эканамічнага супрацоўніцтва, чым Менск. Цяперашні аб’ём гандлю паміж дзьвюма краінамі недзе 2,5 мільярды даляраў на год. Польшча — гэта сёмы гандлёвы партнэр Беларусі, але ж магла быць на значна вышэйшым месцы. Чым Беларусь прывабная для Польшчы?

Што тычыцца праграмы малога памежнага руху, дык яна магла б ахапіць каля 1 мільёна жыхароў зь беларускага боку польскай мяжы

У эканамічным пляне Беларусь уяўляе сабою цікавасьць для польскіх бізнэсмэнаў і інвэстараў як краіна, якая знаходзіцца ў адзінай мытнай прасторы з Расеяй і Казахстанам. То бок, Беларусь зьяўляецца ўваходам на агромністы рынак. Што ня менш істотна, у Беларусі прыстойна разьвітая транспартная інфраструктура. І трэці плюс: у Беларусі высокакваліфікаваная і адносна недарагая рабочая сіла.

Што тычыцца праграмы малога памежнага руху, дык яна магла б ахапіць каля 1 мільёна жыхароў зь беларускага боку польскай мяжы. Яны маглі б наведваць памежную зону Польшчы — паласу шырынёю 30 кілямэтраў — бязь візаў, толькі з адмысловым пасьведчаньнем, якое каштавала б 20 эўра і выдавалася б тэрмінам да пяці гадоў. Такі памежны рух Беларусь адкрыла з Латвіяй, але ёсьць праблемы з Польшчай і зь Літвой. Магчыма, Беларусь не хоча каб гэта адкрыла магчымасьці беларусам закупляцца ў Польшчы? Таму што тут актуальны лёзунг «купляйце беларускае», а пры сёньняшнім парытэце цэнаў выгодней езьдзіць туды. Значыць, калегі, нагадваю маё пытаньне: Ці ёсьць магчымасьці для паляпшэньня беларуска-польскіх адносінаў бязь зьмены геапалітычнай арыентацыі Беларусі?

Польскія новыя ўлады прагматычныя

Каліноўскі: На сёньня ўжо вядомая папярэдняя праграма візыту і першым пунктам — наведваньне Курапатаў, гэта сымбалічны жэст — аддаць даніну памяці людзей, зьнішчаных сталінізмам беларусаў і палякаў. Апрача таго ў міністра Вітальда Вашчыкоўскага будуць сустрэчы з польскай мешасьцю ў Горадні, наведваньне магіл продкаў у Ваўкавыскім раёне. Праблемы сваёй меншасьці яны будуць дапільноўваць, магчыма, здарыцца палёгка для беларускіх палякаў. Нагадаю, пад ціскам беларускіх уладаў Саюз палякаў быў расколаты, былі забраныя дамы, пабудаваныя за польскія грошы, у многіх гарадах Беларусі. Гэтае пытаньне застаецца праблемай. Будуць таксама афіцыйныя сустрэчы зь міністрам Уладзімерам Макеем і Аляксандрам Лукашэнкам. Прарывы не чакаюцца, гэта першы кантакт новых польскіх уладаў. Магчыма, будуць паляпшэньні, а калі яны будуць, прыедзе і прэзыдэнт Дуда. Польскія новыя ўлады прагматычныя. Яны вядуць выразную антырасейскую пазыцыю, але хочуць аднаўленьня кантактаў з былымі партнэрамі па Рэчы Паспалітай, беларусамі і ўкраінцамі як найбліжэйшымі суседзямі на ўсходзе.

У 2010-м годзе, калі міністар Радаслаў Сікорскі і міністар Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле былі ў Беларусі, адбылася фактычная абструкцыя на глебе сэксуальнай арыенатцыі былога нямецкага міністра. Гэта паказвае, што з Лукашэнкам весьці перамовы нялёгка, што хуткіх дасягненьняў чакаць не варта. Але ёсьць патрэба ў палягчэньні эканамічных зносін, памежных працэдур, энэргетычных праектаў. Малы памежных рух, эканамічныя праекты — гэта ўсё ў пэрспэктыве. Беларусі ў цэлым трэба аднаўляць свае прыязныя адносіны з даўнімі партнэрамі ва ўсіх галінах. Ну і Беларусі патрэбная такая падтрымка ва ўмовах пагрозы з усходу, ад Масквы.

Уся гэтая дапамога аказваецца на падмурку эўрапейскіх каштоўнасьцяў: лібэральных, дэмакратычных

Дубавец: Я думаю, тут могуць адбыцца нейкія прарывы наадварот. За апошнія многія гады Польшчы як прадстаўніца Эўропы аказвае калясальную дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасьці, незалежным мэдыям і культуры, дзякуючы чаму ўсе сфэры нармальна існуюць. У Беларусі ёсьць толькі адзін альтэрнатыўны дзяржаўным тэлеканалам – тэлеканал Белсат, які робіцца ў Польшчы. Таксама дзьве альтэрнатыўныя радыёстанцыі – Радыё Рацыя і Эўрарадыё – робяцца ў Польшчы. Многія кнігі непраўладных беларускіх пісьменьнікаў выдаюцца ў Польшчы, самая салідная беларуская прэмія – прэмія Гедройца – таксама спансуецца Польшчай. Гэты пералік ад вялікага да малога можна множыць і множыць.

Уся гэтая дапамога аказваецца на падмурку эўрапейскіх каштоўнасьцяў: лібэральных, дэмакратычных. Сёньня ў Польшчы адбываецца зьмена палітычнага істэблішмэнту на такі, які трымаецца не на гэтых каштоўнасьцях, а на каштоўнасьцях нацыяналізму, кансэрватызму. І ў зьвязку з гэтым сам тып нефармальных дачыненьняў Беларусі з Эўропай праз Польшчу можа зьмяніцца. Скажам, Польшча афіцыйная пераключыць сваю ўвагу з недзяржаўнага беларускага грамадзтва на польскую нацыянальную меншасьць. Зразумела, для гэтага трэба размаўляць не з незалежнай грамадзкай супольнасьцю, а з менскімі ўладамі найперш. З гэтага першым пытаньнем будзе – якой халеры вы Белсат утрымліваеце, які перадае ў Беларусь ня тую інфармацыю, і гэтак далей. Таму вось на гэтай акалічнасьці грамадзкая супольнасьць Беларусі можа мець істотныя страты. Я не кажу, што нешта зачыняць, але думаю, што выказаў думку большай часткі грамадзкай супольнасьці Беларусі, якая цяпер глядзіць на гэтыя перамены зь некаторай асьцярогай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG