Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве западозрылі, што Беларусь аднавіла схему «распушчальнікаў-разбаўляльнікаў»


Дзьве кампаніі расейскага нафтаперапрацоўчага комплексу падазраюцца ў аптымізацыі падаткаў пры пастаўках у Беларусь.

Пра гэта 18 сакавіка заявіў віцэ-прэм’ер Расеі Аркадзь Дварковіч.

Ён назваў кампаніі «Танеко», якая ўваходзіць у групу «Татнефть», і «Салаватнефтеоргсинтез» са структуры «Газпрома»:

«Размова ішла не пра канцавыя прадукты, а фактычна пра сыравіну для вытворчасьці, то бок бэнзін прамой гонкі для іншых прадуктаў. Аб’ёмы павялічыліся рэзка, таму мы, як і калісьці з разбаўляльнікамі, зьвярнулі ўвагу, што гэта можа быць схема аптымізацыі падаткаабкладаньня ці мыта, і далі рэкамэндацыю прыпыніць пастаўкі да высьвятленьня сытуацыі», — цытуе Дварковіча ТАСС.

Дварковіч падкрэсьліў, што «глябальнага перагляду стасункаў» у сфэры ўзаемных паставак нафты і нафтапрадуктаў паміж Расеяй і Беларусьсю няма.

Раней Дварковіч рэкамэндаваў кампаніям «Татнефть» і «Газпром» прыпыніць пастаўкі нафтапрадуктаў з сваіх даччыных прадпрыемстваў у Беларусь у сярэдзіне лютага.

У 2015 годзе Беларусь удвая зьнізіла пастаўкі нафтапрадуктаў у Расею. У грашовым эквіваленце аб’ем экспарту беларускіх нафтапрадуктаў скараціўся на 65% у параўнаньні з 2014 годам, — піша БелаПАН.

Паводле дамовы Мытнага саюзу пры продажы паліва ў краіну для ўнутранага спажываньня частка рэсурсу не абкладаецца экспартным мытам. Частка, якая прызначаная для экспарту ў трэція краіны, абкладаецца зборам, які накіроўваецца краіне-вытворцы.

У 2014 годзе Менск і Масква дамовіліся, што Беларусь пакіне ў сваім бюджэце 1,5 млрд даляраў ад экспарту нафтапрадуктаў, вырабленых з расейскай нафты. Таксама ў 2014 годзе Расея і Беларусь узгаднілі аб’ёмы паставак нафты да 2024 году. Згодна з дамоўленасьцямі, у 2016–2024 годзе Расея будзе пастаўляць Менску 24 млн тон сыравіны на год.

Расея падазрае, што ў 2011–2012 годзе Беларусь пастаўляла на зьнешнія рынкі пад выглядам разбаўляльнікаў і распушчальнікаў нафтавыя прадукты, пазьбягаючы сплаты мыта ў расейскі бюджэт. Мяркуецца, што гэтая схема прынесла Беларусі больш за 2 млрд даляраў.

XS
SM
MD
LG