Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разьвітаньне зь беларускім дысыдэнтам, які галадаў, як Саўчанка, — Валер Сядоў адышоў у іншы сьвет


Валер Сядоў падчас акцыі салідарнасьці зь вязьнямі КДБ, 19 студзеня 2011 году

Валер Сядоў падчас акцыі салідарнасьці зь вязьнямі КДБ, 19 студзеня 2011 году

7 лістапада 1990 году Валер Сядоў усталяваў на помнік Леніну крыж з зэкаўскай душагрэйкай і калючым дротам, а пасьля 32 дні галадаў на «Валадарцы».

Разьвітаньне з Валерам Сядовым адбудзецца 19 сакавіка а 14 гадзіне ў рытуальнай залі па адрасе Альшэўскага, 12 у Менску.

Валер Сядоў памёр 10 сакавіка ў Варшаве ад інфаркту. Яму было 64 гады.

Сядоў нарадзіўся ў Тбілісі, у сям’і, якая моцна пацярпела ад савецкіх рэпрэсіяў. Калі пяць год таму ў студыі Радыё Свабода ён распавядаў пра падзеі дваццацігадовай даўніны, казаў, што зь дзяцінства памятаў той боль і жах:

«Адна з мэтаў мітынгу 7 лістапада 1990 году — шэсьце на плошчу Леніна да помніка яму. Мне адразу ў той момант згадаўся дзед, бабуля, мая мама пяцігадовая, якая стаіць на марозе ў сьнезе паўразьдзетая. Па бацьку дзед, які загінуў, каб выратаваць сям’ю ад рэпрэсіяў. Уся радня згадалася, — распавядаў Сядоў. — Я зрабіў абвязаны калючым дротам крыж, на які была апранутая душагрэйка зэка ГУЛАГу. І мы ўсталявалі яго на помніку. Мы гэта зрабілі ад імя дзясяткаў мільёнаў рэпрэсаваных, і беларусаў у тым ліку».

На Сядова завялі крымінальную справу за «злоснае хуліганства».

Валер Сядоў. Апошняе фота

Валер Сядоў. Апошняе фота

«Выклікае мяне Кандрацьеў у кабінэт, ці то першы нам. генэральнага пракурора. Усьмешка, „сядайце“. Сядаю. „Як сям’я? Як дачка? Колькі гадоў дачцэ?“. Я ўсё распавядаю. Ён кажа: „Ведаеш, думаю, табе трэба быць зь сям’ёю, ты ім больш патрэбны, і мне ня хочацца гэтай справай займацца. Вось табе асадка, аркуш паперы — пішы на Пазьняка, на БНФ. Хочаш, у выглядзе артыкула апублікуем ва ўсіх газэтах, зараз запросім тэлебачаньне — дасі інтэрвію“. Карацей — здай, і за гэтую здраду ты зараз жа пойдзеш дахаты, — апісваў Сядоў мэтады працы тагачасных праваахоўных органаў. — Мне так помніцца, што я яму плюнуў у твар. Там нейкі кубак стаяў — гарбата ці кава, я гэты стол перакуліў, вельмі эмацыйна зрэагаваў. Я ж скончыў Сувораўскую вучэльню. Я яму сказаў: „Ты што, кадэта хочаш зрабіць стукачом?“. Ну, тут усё пачалося — кнопачкі, улятаюць, яны тады не хадзілі ў чорных масках, але ўжо былі ў іх такія хлопцы, качкі. Наручнікі — упершыню ў жыцьці я тады холад гэты на сваіх руках адчуў. І ў камэру».

Далей — камэра, карцэр, 32 дні галадоўкі, зьдзекі і правакацыі. А пад сьценамі «Валадаркі» зьбіраліся людзі, якія патрабавалі яго вызваліць.

Пасьля Валер Сядоў на доўгія гады зьнік з палітычнага жыцьця. Спрабаваў утрымліваць сям’ю — жонку і сына, браўся за любыя працы. 19 студзеня 2011 году каля Чырвонага касьцёла пасьля акцыі салідарнасьці зь вязьнямі Плошчы ізноў быў затрыманы.

Апошнія гады Валер Сядоў жыў у Варшаве, дзе быў адным з удзельнікаў праграмы Каліноўскага. З асьпірантуры і Інстытуту філязофіі Акадэміі навук яго выключылі яшчэ ў 1989-м, пасьля таго як на мітынгу ў Тбілісі ён узьняў бел-чырвона-белы сьцяг. Працягнуць навуковыя досьледы давялося ўжо ў сталым веку.

Валер Сядоў на Чарнобыльскім шляху, 2006 год

Валер Сядоў на Чарнобыльскім шляху, 2006 год

«Тады ён займаўся сацыялёгіяй, а цяпер рэлігійнай філязофіяй. Валер лічыў, што філязофію Ільіна (Іван Ільін — расейскі філёзаф. — РС) успрымаюць павярхоўна, — распавядае жонка Ірына Сядова. — Ён займаўся ва Ўнівэрсытэце кардынала Вышынскага. Навуковы кіраўнік быў у захапленьні ад яго працы, хацеў данесьці да палякаў яго ідэі».

Ірына распавядае, што ў Варшаве мужу было няпроста. Спачатку вучыў мову, жыў у інтэрнатах.

«Украінскія падзеі ён успрымаў абсалютна адназначна, — распавядае Ірына Сядова. — Калі пачаўся Майдан, ён проста не вылазіў з інтэрнэту».

«Я захапляюся Саўчанкай, але галадоўку ня вельмі ўхваляю. Галадоўка шкодзіць моцна здароўю, — кажа Ірына Сядова. — І гэтыя людзі такога ня вартыя. Шкада, што чалавек губіць здароўе. Шкада, калі нешта здарыцца. Канечне, галадоўкі не праходзяць бязь сьледу, і для Валера таксама».

Чаму Сядову не знайшлося месца ў палітычным жыцьці? «Нібыта і людзі някепскія ў апазыцыі, — лічыць Ірына. — Але нейкі сваркі ўвесь час, хоць што тут дзяліць — „месца ў аўтазаку“? У нас апазыцыі ні таргануцца, ні ўздыхнуць. Рэальныя справы — гэта тое, што робяць праваабаронцы».

Менавіта праваабарончая арганізацыя ў Польшчы дапамагла сям’і Сядова перавезьці цела Валера Сядова ў Беларусь. Ірына выказвае ўдзячнасьць камітэту «Салідарнасьць» за падтрымку.

Старшыня камітэту Іна Кулей называе гэта «праявай салідарнасьці».

«Пра гэта, канечне, трэба пісаць, салідарнасьць людзей вельмі важная, і вельмі хутка адгукаюцца партнэры», — распавяла Іна Кулей Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG