Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курды ў Сырыі абвясьцілі пра стварэньне фэдэратыўнага рэгіёну


МЗС Сырыі і сырыйская апазыцыя дэклярацыю не падтрымалі

Курды, якія кантралююць паўночную частку Сырыі, абвясьцілі ў чацьвер аб стварэньні фэдэратыўнага рэгіёну «Ражавá — Паўночная Сырыя» на займанай імі тэрыторыі, перадае Associated Press. У яго ўвойдуць тры раёны пад кантролем курдзкіх сіл: Джазіра, Кабані і Афрын.

Рашэньне было прынятае прадстаўнікамі курдзкай партыі «Дэмакратычны саюз» (PYD) на зьезьдзе курдзкіх сіл у паўночнасырыйскай правінцыі Хасака. Абвяшчэньне было зроблена ў той момант, калі ў Жэнэве праходзяць перамовы па ўрэгуляваньні сырыйскага канфлікту з удзелам сырыйскага ўраду і некалькіх прадстаўнікоў апазыцыі. Але «Дэмакратычны саюз» у іх удзелу не прымае, бо гэтая арганізацыя разглядаецца ўладамі Турцыі як тэрарыстычная.

Раней пра пляны абвясьціць аб стварэньні на поўначы Сырыі фэдэратыўнага рэгіёну заяўляў кіраўнік прадстаўніцтва Сырыйскага Курдыстану ў Маскве Родзі Асман. Паводле яго, сырыйскія курды лічаць фэдэралізацыю адзіным спосабам вырашыць сырыйскі крызіс.

«Учора 200 дэлегатаў, якія прадстаўляюць усе нацыянальныя групы, што жывуць на поўначы Сырыі, пачалі сустрэчу для абмеркаваньня новай сыстэмы кіраваньня ў Сырыйскім Курдыстане і на поўначы Сырыі ў цэлым», — сказаў Асман.

«Мы прынялі гэтае рашэньне, зыходзячы зь перакананьня ў тым, што рашэньне сырыйскага крызісу магчыма шляхам фэдэралізацыі Сырыі. Складана казаць пра захаваньне ладу з цэнтралізаваным кіраваньнем, бо ён, у тым ліку, стаў прычынай сырыйскага крызісу», — падкрэсьліў курдзкі палітык.

Разам з тым сырыйскі ўрад адпрэчыў ідэю аб стварэньні на поўначы краіны курдзкага фэдэратыўнага рэгіёну.

У заяве МЗС Сырыі сказана, што прынятая дэклярацыя неканстытуцыйная і няплатная. Таксама ведамства перасьцерагло любыя сілы ад спробаў «разбурыць цэласьць тэрыторыі Сырыі».

Сырыйская нацыянальная кааліцыя, адна з найбуйнейшых арганізацый сырыйскай апазыцыі, таксама выступіла супраць дакумэнта і «любых спробаў стварэньня аўтаномных рэгіёнаў». Такім чынам, на іх думку, «адымаецца волевыяўленьне ў сырыйскага народу».

Тым часам ірацкія курды раней падтрымалі стварэньне сырыйскімі курдамі фэдэратыўнага рэгіёну на поўначы Сырыі, заявіў кіраўнік прадстаўніцтва ірацкага Курдыстану ў Маскве Аса Талабані.

«Гэта нашы браты, і яны лічаць, што настаў час для стварэньня асобнага фэдэральнага суб’екту. Мы абавязкова будзем падтрымліваць гэтую ідэю», — сказаў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG