Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нашу Акадэмію навук аб’явілі штабам «рускага сьвету». Ненавісьнікі «заходняй цывілізацыі» праводзяць тут мазгавыя штурмы, шукаюць цывілізацыйную альтэрнатыву, але нічога талковага не знаходзяць і здавольваюцца выкрыцьцём геяў, жыдоў і масонаў. Акадэмікі, прафэсура, філёзафы… У часы мае маладосьці сказалі б: «І ня сорамна?!»

Мяне чарговы раз уражвае, наколькі гэтыя штурмы і штурманы-штурмавікі – ня ў тэму нашага жыцьця, наколькі далёка ад думак, у тым ліку калектыўных, беларускага чалавека, нібы чужародны электрод уводзіцца ў мазгі для нейкага чарговага, жахлівага па выніках сваіх экспэрымэнту.

І я згадаў, што падобнае ўражаньне было, калі Лукашэнка шукаў дзяржаўную ідэалёгію. Як жа няблізка гэта ўсё звычайным беларусам. Нешта, відаць, ён знайшоў, але ніхто толкам ня ведае што. Завялі штаты ідэолягаў па ўсёй краіне – ад вёскі да сталіцы. Народ тлумачыць іхную дзейнасьць проста: «А гэта каб за Лукашэнку».

Выглядае, што прышчапіць краіне і народу нейкую ідэалёгію ў сёньняшнім сьвеце немагчыма. Далей за мазгавы штурм гэтая справа не ідзе.

У прынцыпе ідэалягічныя пошукі чарнасоценцаў у Акадэміі навук у істоце сваёй – антыцывілізацыйныя, бо задача іх у тым, каб аспрэчыць лёзунг Вялікай францускай рэвалюцыі пра свабоду, роўнасьць і братэрства (1793).

Зноў і зноў у гэтыя прынцыпы кідаецца камень і, нібы кругі па вадзе, разыходзяцца ад яго дыскусіі пра ўсіх «не такіх», няроўных з «намі», ня вартых таго самага права, што і «мы». Ня важна, ці мы ісьцінна рускія, а яны ня ісьцінна, ці мы натуралы, а яны не, ці мы белыя, славяне і за ўладу, а яны негры, жыды і апазыцыя. Галоўнае, што мы правільныя, а яны не. Можна называць іх адшчапенцамі, ворагамі, можна выганяць з краіны, пазбаўляць працы, саджаць у турмы, паліць у печках… Няправільных не павінна быць.

Любая ідэалёгія ў наш час патрэбная выключна для таго, каб засланіць сабой прынцыпы свабоды, роўнасьці і братэрства.

Скажыце, а як вы думаеце, народ – быдла ці ня быдла?

Народ можа быць быдлам, а можа і ня быць. Ніколі не назаве народ быдлам той, хто вызнае прынцып роўнасьці, бо той, хто кажа «народ быдла», сябе, натуральна, да статку не адносіць. Толькі ў стане няроўнасьці народ можа стаць быдлам. І наадварот – у стане роўнасьці (а тады ўжо і свабоды і братэрства) народ становіцца разумным арганізмам, дарастае, дацягваецца да таго, пра што мы з павагай кажам – Народ.

Калі ж у краіне ўсё робіцца для таго, каб натоўп не ператварыўся ў народ, тады і словы «Народ – крыніца ўлады» ў канстытуцыі гучаць цынічна, а сама канстытуцыя не працуе – настолькі, што мне нават ня хочацца пісаць гэтае слова зь вялікай літары.

Шукаюць ідэалёгію ня толькі чарнасоценцы, хапае маргіналаў зь іншымі, на першы погляд, супрацьлеглымі пастулятамі, але сам гэты пошук зводзіць усіх іх у адзін хаўрус. Таму ўсім шматлікім «фобам», змагарам зь «не такімі», усім «Брейвик был прав!» можна пажадаць толькі хутчэй азірнуцца і ўбачыць сябе ў адзінай таталітарнай кампаніі, што нясе сёньня сьцяг цемры і зьдзічэньня, выступаючы на бой з найвялікшым дасягненьнем чалавечай цывілізацыі – прынцыпамі свабоды, роўнасьці і братэрства.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG