Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Відэаблогер Каця Казлоўская пра палітыку: Беларусь буду любіць незалежна ад колеру сьцяга


Каця Казлоўская
Каця Казлоўская

Чытачы Свабоды папрасілі відэаблогера Кацю Казлоўскую патлумачыць сваю пазыцыю што да палітыкі і бел-чырвона-белага сьцяга, а таксама пракамэнтавалі яе відэа, якія яна здымае на расейскай і беларускай мовах.

Артыстка і мадэль Каця Казлоўская нечакана для сваіх гледачоў пачала здымаць відэа для свайго каналу на youtube на беларускай мове.

Чытач: «Яе трэба браць вядучай на Белсат ці на Свабоду. Прыемна глядзець і слухаць».

Каця Казлоўская: «Дзякуй! Насамрэч, я з задавальненьнем. Калі мяне паклічуць у нейкі праект, дзе я буду мець магчымасьць казаць пра тое, што мне цікава, — чаму не?»

Чытач: «Кацярына, а што вы думаеце пра палітыку? Ці падтрымліваеце Лукашэнку? Ці трэба вярнуць бел-чырвона-белы сьцяг?»

Каця Казлоўская: «Дзякуй за пытаньне! Я пачну здалёк, бо тэма даволі складаная. Адказваць буду крок за крокам. Першая частка — што я думаю пра палітыку? Ведаеце, я пра яе ня думаю. Крамольна гучыць? Але ж сапраўды, палітыка — гэта ня тое, што мяне цікавіць. Навіны для мяне — балючае месца. Калі я гляджу любыя навіны — няважна, беларускія ці міжнародныя — пачынаю вельмі хвалявацца. Тут кагосьці забілі, тут хтосьці ня можа заплаціць падаткі альбо яшчэ што. Не заўсёды я магу чымсьці дапамагчы, падтрымаць. І мне прасьцей зьвяртаць увагу на добрае і пазытыўнае, чым факусавацца на нэгатыве. Я вучуся бачыць ва ўсім штосьці сьветлае. На жаль, ня надта шмат „сьветлага“ ў палітыцы любой краіны.

Пра сьцяг — як я ўжо казала ў інтэрвію Свабодзе раней, для мяне Беларусь і беларуская мова — значна больш, чым палітыка і яе атрыбуты. Я буду любіць сваю краіну ў любым выпадку, бо гэта краіна майго дзяцінства. Якога б колеру сьцяг ні быў — чырвона-зялёны альбо бела-чырвона-белы. Як у Валера Мазынскага ў фільме пра Каліноўскага — у нас ёсьць зьнешнія атрыбуты, а павінны быць унутраныя. Ня тыя, што стужачкай на запясьці, а тыя, што ў сэрцы.

Прабачце, што нейкія „лірычныя“ атрымаліся адказы. Але вы шчыра і прама пыталіся — і я таксама была максымальна шчырая».

Чытач: «Паглядзеў тры выпускі, на большае не хапіла... Абыякавая дзяўчына, якіх шмат у Беларусі...»

Каця Казлоўская: «Калі, кажучы пра мяне, вы мелі на ўвазе „абы-якая“ — то калі ласка. Але я ня згодная, што ў Беларусі „шмат абы-якіх дзяўчат“. Асабіста я вам не падабаюся, але ж добрых і ў чымсьці больш цікавых для вас дзяўчат у нашай краіне дастаткова!

П.c. Дзякуй за тое, што паглядзелі ажно тры выпускі. Для мяне гэта ўжо посьпех!»

Чытач: «Інфантыльная дзяўчына на грані пошласьці... прадукт інстытута антыкультуры... у стылі пасрэднасьцяў Агенцтва Грыбалёвай».

Каця Казлоўская: «Інфантыльная — магчыма. Асабліва, калі вы пра тое, што ў Вікіпэдыі адзначана як „захоўваньне ў паводзінах або ў фізычным абліччы рысаў, уласьцівых папярэднім узроставым этапам“ — тут ня бачу нічога дрэннага альбо сорамнага — я не сьпяшаюся штучна сталець. Я была б вельмі шчасьлівая, калі б у мяне атрымалася захаваць дзіцячую непасрэднасьць назаўжды.

Пра Агенцтва Грыбалёвай, на жаль, ня чула, прабачце. З-за гэтага не магу казаць дакладна, магчыма, вам лепей відаць. Цудоўна, што на сёньня ў нас ёсьць магчымасьць выбіраць свае тэлевізійныя перадачы, сваіх вядучых, сваіх блогераў і артыстаў. І ніхто вас не прымусіць глядзець тое, што вы лічыце пошласьцю альбо яшчэ чым. Дзякуй за камэнтар!».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG