Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Пуціна бываюць пэрыяды нэўратызацыі. Магчыма ўсё», — Бялкоўскі аб пэрспэктывах паўтору крымскага сцэнару


Уладзімер Пуцін

Уладзімер Пуцін

Уладзімер Пуцін сёньня не гатовы да паўтору крымскага сцэнару ў адносінах да кагосьці з суседзяў Расеі, але гэта ня значыць, што такі варыянт у прынцыпе немагчымы.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў расейскі палітоляг Станіслаў Бялкоўскі.

Два гады таму, 18 сакавіка 2014 году, Уладзімер Пуцін падпісаў указ аб прыняцьці Рэспублікі Крым у склад Расейскай Фэдэрацыі — фактычна ў гэты дзень завяршылася апэрацыя па анэксіі Крыму. Цяпер у Расеі 18 сакавіка — гэта дзяржаўнае сьвята: «Дзень узьяднаньня Крыму з Расеяй».

«Дэ-факта Крым ужо прызнаны — у тым сэнсе, што ніхто не зьбіраецца ваяваць за яго»

— Анэксіі Крыму ўжо два гады. Ці «КрымНаш» да гэтага часу працуе на ўмацаваньне пазыцыяў Пуціна ўнутры краіны, ці палітычны эфэкт ад далучэньня Крыму ўжо зьнік?

Станіслаў Бялкоўскі

Станіслаў Бялкоўскі

— На сёньняшні дзень «КрымНаш» усё яшчэ працуе на Пуціна, хоць, вядома, ня гэтак глыбока, шырока і ярка, як два гады таму. Два гады таму гэта было шокам для значнай часткі насельніцтва — сама магчымасьць пашырыць Расейскую Фэдэрацыю за кошт новых тэрыторыяў і пераламіць трэнд на скарачэньне тэрыторыі імпэрыі, які з канца 80-х гадоў XX стагодзьдзя здаваўся непераадольным. Але і сёньня «КрымНаш» — гэта адзін з найважнейшых лёзунгаў, які падтрымлівае ня толькі большасьць насельніцтва, але і значная частка элітаў, якая яшчэ нядаўна скептычна ставілася да Пуціна.

Разам з тым становіцца ўсё больш відавочна, што анэксія Крыму прывяла да правінцыялізацыі як самога паўвострава, які ператвараецца ў мядзьведжую дзірку, так і Расеі ў цэлым, якая становіцца ізгоем сусьветнай супольнасьці і «хворым чалавекам Эўропы». Але для большасьці насельніцтва Расеі гэта не такі істотны фактар, як той прыліў нацыянальнага гонару, які быў перажыты два гады таму ў сувязі зь дзеяньнямі расейскага прэзыдэнта.

— Ці здольная Масква дамагчыся саступак ад Захаду па пытаньні Крыму — каб Крым быў прызнаны калі не дэ-юрэ, то дэ-факта?

Фармальнае прызнаньне Крыму безумоўна б азначала, што мы зноў у ялцінскім-патсдамскім сьвеце і чалавецтва адкінута больш як на чвэрць стагодзьдзя назад.

— Дэ-факта Крым ужо прызнаны — у тым сэнсе, што ніхто не зьбіраецца ваяваць за яго альбо аказваць Украіне настолькі істотную вайсковую падтрымку, каб яна магла адваяваць паўвостраў самастойна. Дэ-юрэ расейскім Крым прызнаны ня будзе. Больш за тое, я гатовы прадказаць узмацненьне розных санкцыяў і абмежаваньняў ня толькі для паўвострава і кампаніяў, якія там працуюць, але і наагул для суб’ектаў расейскай эканомікі. Злучаныя Штаты як галоўны ідэоляг сучаснага сьвету ясна даюць зразумець, што з анэксіяй Крыму яны ніколі ня зьмірацца, таму што Пуцін дапусьціў істотнае парушэньне правілаў глябальнай гульні, і гэтае парушэньне недаравальнае. Ужо няма ялцінска-патсдамскага сьвету, у які хоча вярнуцца расейскі прэзыдэнт, таго сьвету, дзе ўсё вызначалася моцай войскаў і дзе існавалі фіксаваныя зоны ўплыву тых ці іншых буйных дзяржаў. Гэты сьвет паваліўся разам з бэрлінскай сьцяной у канцы 1989 году, і ні ЗША, ні Эўразьвяз не зьбіраюцца ў яго вяртацца. А фармальнае прызнаньне Крыму безумоўна б азначала, што мы зноў у ялцінскім-патсдамскім сьвеце і чалавецтва адкінута больш як на чвэрць стагодзьдзя назад.

«Рашэньне аб анэксіі Крыму было спантанным і эмацыйным»

— Ці чакаў Пуцін такой кансалідаванай і непрымірымай пазыцыі сусьветнай супольнасьці па крымскім пытаньні? Ці ён разьлічваў на больш мяккую рэакцыю?

— Рашэньне аб анэксіі Крыму, як мы цяпер ужо пэўна ведаем, было спантанным і эмацыйным. Да канца лютага 2014 году было незразумела, ці зьбіраецца Масква на самой справе анэксаваць Крым, а камандуючыя расейскімі вайсковымі падразьдзяленьнямі, у прыватнасьці Чарнаморскага флёту Расеі, да апошняга баяліся такога сцэнару, бо былі да яго апрыёры не гатовыя, нягледзячы на шматгадовыя разважаньні (выключна тэарэтычныя) пра тое, што Крым павінен вярнуцца ў склад Расеі.

Сытуацыя вакол Крыму можа пачаць зьмяняцца толькі пасьля сыходу Ўладзімера Пуціна са сваёй пасады. Галоўная праблема ў адносінах Захаду і Расеі — ня ўласна паўвостраў, а сам Уладзімер Пуцін.

Калі Пуцін усё гэта праварочваў, ён лічыў, што яму ўдасца дамагчыся саступак ад Захаду дастаткова хутка і спусьціць сытуацыю на тармазах, як пасьля асэтынскай вайны ў жніўні 2008 году і прызнаньня Расеяй дзяржаўнай незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Але так не атрымалася, таму што Пуцін не ацаніў, у наколькі іншых абставінах і іншых акалічнасьцях прымаецца такое рашэньне аб анэксіі. Ён не зразумеў, што ўсё-ткі адрывае кавалак незалежнай эўрапейскай дзяржавы Ўкраіны. У адрозьненьне ад Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, якія дэ-факта не былі падкантрольныя Грузіі, хоць дэ-юрэ ўваходзілі ў яе склад, Крым і дэ-факта, і дэ-юрэ быў падкантрольны Ўкраіне. То бок сытуацыя была зусім іншая. А Пуцін зьдзейсьніў цэлую чараду неканвэнцыйных учынкаў, якіх Захад яму не даруе.

Сытуацыя вакол Крыму можа пачаць зьмяняцца толькі пасьля сыходу Ўладзімера Пуціна са сваёй пасады. Галоўная праблема ў адносінах Захаду і Расеі — ня ўласна паўвостраў, а сам Уладзімер Пуцін.

«Максымум, на што можна разьлічваць, — гэта трансфармацыя Крыму ў незалежную дзяржаву»

— Як вы мяркуеце: што будзе ў выніку з Крымам? Ці будзе ён калі-небудзь вернуты Ўкраіне?

— Я ня бачу пакуль такой магчымасьці. І справа ня толькі ў пазыцыі тых ці іншых гульцоў, уключаючы Расейскую Фэдэрацыю. Справа ў тым, што пераважная большасьць насельніцтва Крыму — за знаходжаньне паўвострава ў складзе Расеі. Гэта я магу сьцьвярджаць, таму што, па-першае, ніколі не ўхваляў анэксію Крыму, па-другое, шмат разоў бываў у Крыме ў постсавецкі пэрыяд яго гісторыі, калі ён належаў Украіне, і ведаю, што прарасейскія настроі большасьці там былі заўсёды абсалютна відавочныя. То бок з гэтым не пагодзіцца ні насельніцтва Крыму, ні насельніцтва Расеі. Таму, хто б ні быў ва ўладзе ў Маскве, гэтае рашэньне проста тэхнічна неажыцьцяўляльнае — пра што і кажуць Міхаіл Хадаркоўскі і Аляксей Навальны, і за што іх крытыкуюць тыя апазыцыянэры, якія нават гіпатэтычна ня мысьляць сябе ва ўладзе, таму могуць шчодра раздаваць любыя абяцаньні, якія ім усё адно ніколі не давядзецца выконваць.

Максымум, на што можна разьлічваць, — гэта трансфармацыя Крыму ў незалежную дзяржаву.

Максымум, на што можна разьлічваць, — гэта трансфармацыя Крыму ў незалежную дзяржаву. То бок прызнаньне дзяржаўнай незалежнасьці Крыму, якая будзе падразумяваць пэўны вайсковы і эканамічны пратэктарат Расеі.

«У Пуціна бываюць пэрыяды нэўратызацыі, калі ён гатовы да досыць жорсткіх рашэньняў»

— Паўтарэньне «КрымНаша» зь нейкай іншай тэрыторыяй і іншай дзяржавай сёньня магчыма? Альбо Крэмль цяпер не гатовы да падобных акцыяў?

— Я мяркую, што на сёньняшні дзень Уладзімер Пуцін не гатовы да падобных акцыяў. Аднак многае тут залежыць ад настрою і стану расейскага лідэра ў кожны канкрэтны момант гістарычнага часу. У Пуціна бываюць пэрыяды нэўратызацыі, калі ён гатовы да досыць жорсткіх рашэньняў. Пэрыяд канца лютага 2014 году быў якраз такі: Пуцін, з аднаго боку, быў абураны Рэвалюцыяй Годнасьці ва Ўкраіне, якую ён расцаніў як інсьпіраваны ЗША дзяржаўны пераварот, а з другога боку, быў у лютасьці ад таго, што рэвалюцыя супала з закрыцьцём Алімпіяды ў Сочы — у яго разуменьні гэта быў падвойны ўдар па ім самім, яго рэпутацыі і яго пазыцыях. Акрамя таго, незадоўга да закрыцьця Алімпіяды была зафіксавана аварыя прэзыдэнцкага верталёта ў Сочы, і многія расцанілі гэта як спробу замаху на прэзыдэнта Расеі. Уся гэтая сукупнасьць фактараў давяла Пуціна да псыхалягічнага стану, пры якім ён быў гатовы прыняць рашэньне забраць ва Ўкраіны Крым. Цяпер да паўтору такіх рашэньняў ён не гатовы, але гэта ня значыць, што гэта ў прынцыпе немагчыма ў нейкай агляднай пэрспэктыве. Магчыма ўсё.

— Вы неаднаразова казалі пра тое, што канчатковая мэта Пуціна — вяртаньне да ялцінска-патсдамскай сыстэмы сусьветнай палітыкі. За два гады пасьля анэксіі Крыму яму ўдалося прасунуцца ў вырашэньні гэтага пытаньня?

Пуцін зусім не наблізіўся да жаданай мэты, хоць у яго часам маглі ўтварацца ілюзіі на гэтую тэму.

— Не, мне здаецца, ён ніколькі не прасунуўся, а наадварот, апынуўся далей ад жаданага выніку. Барак Абама ў сваім нядаўнім праграмным інтэрвію выданьню «Атлантык» даў зразумець, што Расея не ўспрымаецца эўраатлянтычным сьветам як суб’ект сусьветнай палітыкі, годны і гатовы да таго, каб сесьці з Захадам за стол перамоваў аб падзеле сьвету. Дый сам прынцып падзелу сьвету на фіксаваныя зоны ўплыву застаўся далёка ў мінулым — там, за бэрлінскай сьцяной, якая ўжо 26 гадоў не існуе. Таму Пуцін зусім не наблізіўся да жаданай мэты, хоць у яго часам маглі ўтварацца ілюзіі на гэтую тэму. Кожны раз, калі ЗША дапускаюць пэўныя дыпляматычныя пасажы, выказваюць павагу да Расеі і яе лідэра, Пуціну здаецца, што гэтыя перамовы ў бліжэйшай пэрспэктыве магчымыя. Але гэта ня больш чым ілюзіі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG