Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі журналіст ня раіць беларусам ехаць у Крым: «Лепш пачакаць, калі ён стане зноў украінскім»


Уладзімір Прытула

Уладзімір Прытула

Уладзімір Прытула​, кіраўнік праекту Радыё Свабода «Крым. Рэаліі», перад пачаткам курортнага сэзону дзеліцца сваім поглядам зь беларусамі:

Ці ёсьць цяпер магчымасьць у Крыме для працы праўкраінскіх журналістаў?

Магчымасьць ёсьць, але рэалізаваць яе надзвычай цяжка. Усе журналісты ў Крыме знаходзяцца пад жорсткім кантролем расейскіх спэцслужбаў, паліцыі. Тыя нашы калегі, якія знаходзяцца зараз у Крыме, знаходзяцца пад пастаянным ціскам: калі ты не працуеш на дзяржаўныя або прарасейскія масмэдыі, ёсьць пагроза твайму жыцьцю, здароўю і бясьпецы, а таксама тваіх родных. Таму большасьць украінскіх журналістаў, якія цяпер застаюцца ў Крыме, працуюць фактычна ў падпольлі, ніводзін украінскі сродак масавай інфармацыі ня мае акрэдытацыі, а значыць магчымасьць працаваць легальна (акрамя аднаго тэлеканалу Інтэр, які мае часовую акрэдытацыю). Астатнія журналісты або пакінулі паўвостраў, або адмовіліся ад прафэсіі, або працуюць у паўпадпольлі — як калегі з праекту «Крым Рэаліі».

А ці працуюць у гэтым праекце расейскія журналісты ці этнічныя расейцы?

Так, калі я кажу пра ўкраінскіх журналістаў, я не падзяляю іх па нацыянальнасьці, гэта і этнічныя ўкраінцы, і крымскія татары, і этнічныя расейцы, прадстаўнікі ўсіх этнасаў, якія жывуць у Крыме.

Мы памятаем паведамленьні пра крымскія рэаліі неўзабаве пасьля анэксіі: недахоп прадуктаў і тавараў, перабоі з энэргіяй, электрычнасьць па некалькі гадзінаў на дзень... Як сёньня мяняецца сытуацыя?

Я б не сказаў, што зусім не было тавараў. І цяпер ёсьць пэўныя абмежаваньні, бяднейшы асартымэнт тавараў, упала іх якасьць. Большасьць прадуктаў завозяцца з Расеі, а іх якасьць ня вельмі высокая, крымчане наракаюць, украінскія прадукты ім былі смачнейшыя. Крымская сельская гаспадарка цяпер у заняпадзе, няма вады, праблемы з электрычнасьцю. Цяпер зноў зьменшыўся аб’ём падачы электрычнасьці з Расеі, гэты знакаміты энэргамост працуе зь перабоямі. Сёньня з Севастопалю нашы калегі паведамілі, што гораду зноў зьменшылі ліміты, Севастопаль сядзіць безь сьвятла. Шмат адключэньняў у спётэпавых сельскіх раёнах. Лепш у Сымфэропалі ці іншых буйнейшых гарадах. На лета, я думаю, абвострыцца і праблема з вадой.

Гэта праблема адчувальная і ў чыста курортных зонах?

Так, датычыць і курортаў. Гэта якраз сур’ёзны выклік для крымскіх курортаў. Як паказваюць апошнія апытаньні, расейцы баяцца ехаць у Крым на адпачынак — а яны адзіныя цяпер там турысты — таму што там праблемы з электрычнасьцю і вадою, і яны наўрад ці будуць вырашаныя да пачатку курортнага сэзону.

Дарэчы, беларускія турагенцтвы агітуюць і беларускіх грамадзян адпачываць у Крыме. А з другога боку, толькі што беларускі МЗС зноў папярэдзіў пра магчымыя праблемы, пра непрыемныя наступствы, пра магчымасьць прыцягненьня да адказнасьці ва Ўкраіне. Да якой парады вы б раілі прыслухацца беларусам?

Думаю, гэта адзін з тых выпадкаў, калі беларусам варта прыслухацца да рэкамэндацый свайго ўраду. Адзін зь нямногіх выпадкаў. На самой справе, ня так шмат беларускіх турыстаў прыяжджалі ў Крым пасьля яго анэксіі. Лічба зьменшылася, і гэта тлумачыцца праблемамі даезду — дарога праз расейскую тэрыторыю нашмат падоўжыла шлях, самалётам таксама даражэй. Беларусаў там намнога менш, чым у часы ўкраінскага статусу Крыму. Я думаю, што прыезд беларускіх грамадзян у Крым можа несьці для іх пагрозы, потым могуць узьнікнуць праблемы ва Ўкраіне. Каб пазьбегнуць іх, лепш у Крым ня езьдзіць, або пачакаць, пакуль ён стане зноў украінскім.

Ясна, што ў Крыме перасталі хадзіць грыўні, усе разьлікі перайшлі на расейскія рублі, у тым ліку ў рублях выплачваюцца зарплаты, пэнсіі. Як гэта адбілася на цэнах і дабрабыце — людзі пабагацелі ці пабяднелі?

Па-рознаму. Большасьць крымчан ад гэтага страцілі. Хаця у некаторых зарплаты вырасьлі, пэнсіі павысіліся. Калі ж улічваць рост цэн на прадукты і тавары, на камунальныя паслугі, дык звычайныя крымчане прайгралі. А хто выйграў? Выйгралі расейскія вайскоўцы, супрацоўнікі ФСБ, паліцыі, дзяржслужачыя, якія атрымліваюць добрыя зарплаты. Прайграў крымскі бізнэс. Асабліва сельскагаспадарчы, турыстычны. Крымскі бізнэс перажывае не найлепшыя часы.

А ці гучыць яшчэ ў Крыме ўкраінская мова?

Звычайна гучыць, украінцы не выракаюцца сваёй мовы, хаця на вуліцы гаварыць даволі небясьпечна. Засталося некалькі школ, дзе вядзецца вывучэньне ўкраінскай мовы. Усе 7 украінскіх школ пераведзеныя на расейскую мову навучаньня, не засталося так ніводнай школы з украінскай мовай выкладаньня. Нават знакамітая ўкраінская гімназія ў Сымфэропалі стала расейскамоўнай, там толькі засталіся клясы, дзе вывучаюць украінскую. Тое самае ў крымскіх татар. Хаця ў Крыме не закрылі ніводнай крымска-татарскай школы, выкладаньне там усё роўна вядзецца па-расейску. Гадзіны для вывучэньня крымска-татарскай мовы скарачаюцца.

На ваш погляд, якім урокам стала анэксія Крыму для суседзяў Расеі? Што трэба рабіць інакш, чым рабіла Ўкраіна, каб прадухіліць такое разьвіцьцё падзеяў?

Найперш гэта велічэзны ўрок для самой Украіны. Сама Ўкраіна робіць высновы. Па-першае, зьвяртае ўвагу на бясьпеку, свае ўзброеныя сілы: Данбас і Крым паказалі, што ўзброеныя сілы маюць быць сапраўды моцнымі, а спэцслужбы маюць працаваць на нацыянальныя інтарэсы. Ну а што да суседзяў... Варта памятаць: калі толькі ёсьць расейская база на тэрыторыі вашай краіны, гэта на 90 працэнтаў гарантыя таго, што мажлівая анэксія будзе пасьпяховай. Вайсковыя базы — гэта перадумова мажлівай акупацыі. Таксама трэба зьвяртаць увагу на разьвіцьцё ўласнай ідэнтычнасьці і мовы. Гэтаксама як на разьвіцьцё ўласных узброеных сіл і сіл бясьпекі — яны павінны працаваць на ўласную дзяржаву, а ня так, як стала ва Ўкраіне.

  • 16x9 Image

    Алена Ціхановіч

    Родам з Койданава, ці Дзяржынску. У раньнія 90-я пачала супрацоўніць са «Свабодай», вэтэраны якой абралі яе пазьней «голасам радыё».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG