Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дваццаць гадоў Менскай вясны


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

На Дзень Волі 1996 году ў Менску на сьнег на праспэкце Скарыны пралілася кроў мірных дэманстрантаў.

І перад тым бывалі дэманстрацыі і сутычкі зь міліцыяй. Але каб у цэнтры гораду з крывёю, адкрыта? З нападам на дэманстрантаў? Нават у Курапатах у 1988-м міліцыя ціхарылася, калі ўжывала сілавыя прыёмы. А ў 1996-м… Перад тым падобнае мы бачылі толькі ў праграме «Время». Пра жахі капіталістычных краінаў.

А супраць чаго быў пратэст? Фактычна першы масавы – ад 1994-га, калі быў абраны першы прэзыдэнт. На мой погляд, супраць зьбіцьця дэпутатаў ад апазыцыі ў красавіку 1995 году проста ў залі парлямэнту. Супраць рэфэрэндуму 15 траўня 1995, які вярнуў падфоташопленую савецкую сымболіку. Ды супраць забароны таго самага шэсьця на Дзень Волі. А па вялікім рахунку, дык супраць «чырвонага пана», які пачаў заганяць беларусаў у калгас на ўзроўні ўсёй краіны. Толькі тады ўжо вырасла генэрацыя, якая не прымала такога – калгаснага. Дый шмат хто пакаштаваў свабоды ў часе між СССР і прэзыдэнцкай Беларусьсю.

А пасьля ажно да самага канца вясны, да 30 траўня – акцыя за акцыяй. Самая вядомая зь якіх – Чарнобыльскі Шлях. Цудоўна памятаю, якія ў гэтым магутным натоўпе былі разьняволеныя і добразычлівыя людзі. Так, хтосьці дзесьці куляў машыны. Былі зьбітыя з абодвух бакоў супрацьстаяньня. Але ўспышкі гвалту сталіся калівам як для такога вялікага для Менску натоўпу – каля 60 000 чалавек у адным месцы.

Тады большасьць усё яшчэ не магла прызвычаіцца да думкі, што суграмадзяне ў форме іх могуць рэпрэсаваць. Гэта было ўсё яшчэ там – у тэлевізары, ня ў нас.

Пасьля была восень зь некалькімі акцыямі, «Народны хурал» – так жартам назвалі першы «Народны сход». Няўдалая спроба імпічмэнту Лукашэнкі і рэфэрэндум 24 лістапада, які стаўся канстытуцыйным пераваротам – улада неабмежавана перайшла да адной асобы.

«Навошта ўзгадваць, калі не атрымалася выйграць?» Пэрыядычна сустракаю такія камэнты, асабліва ад тых, хто ў сярэдзіне 1990-х быў дзіцём і цьмяна памятае падзеі.

Вядома, застаецца адкрытым пытаньне, чаму тагачасныя дэпутаты прафукалі імпічмэнт, які вось-вось быў ужо амаль на далоні. Канечне, можна прыгадаць няздатнасьць арганізатараў акцыяў да крэатыву. Колькі людзі бадзяліся туды-сюды па Праспэкце і ваколіцах! Хоць відавочна на прыкладзе іншых краінаў, у тым ліку суседніх, трэба было стаяць. Ствараць пункт прыцягненьня іншых людзей.

Але я згадваю найперш звычайных удзельнікаў акцый пратэсту супраць палітыкі новай на той час улады. Тады на вачах кавалася тое, што пасьля ўвойдзе ў карыстаньне выразам «грамадзянская супольнасьць». Тое, чаго ў Беларусі, магчыма, перад тым не было ніколі.

1996 год – паўстаньне новых людзей. Новых беларусаў не ў саркастычным, а самым простым сэнсе. Людзей, якія ўсьвядомілі адказнасьць за ўласны лёс, а значыць – і лёс краіны.

Тое, што не хапіла крытычнай масы, каб зьмяніць хаду гісторыі ад савецкай у свабодную рэальнасьць, не азначае, што ўсё было дарэмна і што ня варта ўзгадваць. Большасьць удзельнікаў тых падзеяў, хоць і пасталелі на дваццаць гадоў, але жывыя і актыўныя.

За апошнюю чвэрць стагодзьдзя праз вулічныя акцыі пратэсту прайшлі не дзясяткі, а сотні тысяч па ўсёй краіне. Гэта людзі з моцнай прышчэпкай ад халуйства, прыстасаванства, двудушнасьці і двурушнасьці. А яшчэ гэта людзі, якія пераадольвалі свой страх, калі на іх ішлі ўзброеныя дубінкамі «касманаўты».

У большасьці ўдзельнікаў тых падзеяў нарадзіліся ў каго дзеці, у каго ўнукі.

Як і пасталелі тыя, хто санкцыянаваў і выконваў рэпрэсіі супраць годных людзей, хто падтрымліваў гвалт. Вось яны сёньня атрымалі перамены. Хоць баяліся самой згадкі слова «перамены», якое ў іх асацыявалася з хаосам і калапсам. Гэта яны здаюць і саджаюць адзін аднаго на ўзроўні «бальшых і маленькіх людзей», альбо грызуцца за надбаўку 20 000 рублёў да «давольствія» ў пэрыфэрыйным ведамстве. Гэта іхны сьвет пачынае бурыцца, сьвет, дзе не было месца людзям з гонарам і годнасьцю.

А ва ўдзельнікаў Менскай вясны нічога прынцыпова не зьмянялася. Б-Ч-Б і «Пагоню» з кватэраў не прыбіралі, дзецям і ўнукам беларускія кніжкі куплялі. А галоўнае – выхоўвалі ў сабе ды малодшых паняцьце годнасьці.

Зрэшты, у тых, хто калісьці несьвядома, па наіўнасьці ці проста неабазнанасьці падтрымаў бок зла, бок падману, гвалту і хлусьні, заўжды ёсьць магчымасьць далучыцца да Менскай вясны. Якой пакуль ад 2011 году ня бачна на вуліцы. Але гэта яна вымусіла «гасударавых людзей» у сваёй жа «гасударавай» газэце апублікаваць матэрыял пад назвай «Самаідэнтыфікацыя моладзі беларусамі – высокае дасягненьне дзяржавы».

Па лёгіцы наступны падобны артыкул мусіць мець назву «Самаідэнтыфікацыя моладзі грамадзянамі – высокае дасягненьне дзяржавы».

Толькі такі загаловак немагчымы, бо тады дзяржава будзе іншай – канстытуцыйнай. А значыць, грамадзкай і грамадзянскай.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG