Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трымацца свайго чалавечага імя


Алег Дашкевіч
Алег Дашкевіч

Прачытаў днямі гіпотэзу, што плянэта Зямля і ўсе існыя на ёй не заўважылі, як перайшлі ў іншае вымярэньне, і такія абставіны непазьбежна пацягнуць за сабой мутацыі чалавека-разумнага.

Ня ведаю, можа й так, але мне здаецца, што чалавечае вымярэньне пачало мяняцца стагодзьдзе таму, пасьля Першай сусьветнай вайны, апошняй вайны па ўсталяваных правілах, дзе вялікую вагу меў кодэкс гонару, які бараніў чалавека ад усялякай мутацыі. Мільённыя страты ў той вайне ўсё ж не парушалі асноўныя прынцыпы чалавечае маралі. Дзе пад слова гонару палонных афіцэраў адпускалі з палону і праз вызначаны час яны, трымаючы тое самае слова гонару, вярталіся ў палон да непрыяцеля.

Пасьля, як казаў адзін клясык, – Бог памёр, а калі Бога няма, значыць усё дазволена, – вуснамі свайго героя прамаўляў іншы клясык.

І настаў час, калі з самых нетраў чалавека вылупіўся звышчалавек са сваёй звышідэяй і звышмаральлю. І правілаў ня стала. Ні для вайны, ні для міру.

«Імем рэвалюцыйнае мэтазгоднасьці!» – камандаваў адзін звышчалавек і тапіў баржы з даверлівымі афіцэрамі ў Крыме.

«Я вызваляю вас ад хімэры, што завецца сумленьнем» – заклікаў іншы звышчалавек і тапіў людзьмі печкі Асьвенціма.

Звышідэя грэла звышчалавека, звышідэя магутная рэч, але не бясконцая. І калі яна скончылася, памёр і звышчалавек. Ідэяў ня стала ўвогуле. Іх гукалі й гукаюць, і зьлева, і справа, і ззаду, і сьпераду, але ніяк не атрымліваецца дагукацца. Але калі няма ніякага сонца, каб грэцца, нават штучнага, нават лямпачкі Ільіча, наступаюць прыцемкі. Наступае час, калі людзі паступова губляюць абрысы саміх сябе, гібрыдызуюцца і пераўвасабляюцца ў такіх цікавых істот, як напрыклад, птушкі-сьцерхі. Сьцерхі ня людзі, правілы паводзінаў людзей ім не ўласьцівыя. Калі запусьціць у неба галоўнага сьцерха, то астатнія адразу пашыхтуюцца за ім у клін. І лятуць туды, куды пакажа важак. Ва Ўкраіну, напрыклад, альбо на Сырыю налятаюць клінамі.

Чалавек ператвараецца ў сьцерха не адразу, але калі ператвараецца, то адмаўляецца ад чалавечага імя. Гэта адна з галоўных асаблівасьцяў сьцерхаў – пазбыцца чалавечага імені. Прынамсі, так можна лічыць паводле ваеннага журналіста Аркадзя Бабчанкі, які назіраў мутацыі людзей у сьцерхаў на прыкладзе вайны ва Ўкраіне.

Вэтэран чачэнскай вайны вызначыў радыкальную розьніцу самаадчуваньня ваяроў у гэтых войнах. Ён сьцьвярджае, што галоўнай мэтай ягоных аднапалчан на Каўказе было – каб цябе апазналі. Спаленым, разарваным на кавалкі, аб’едзеным галоднымі сабакамі, але – быць пахаваным пад сваім імем на сваёй зямлі. Нармальнае чалавечае жаданьне. Таму яны свае жаўнерскія мэдальёны выраблялі са стальных лыжак і адмаўляліся ад выдадзеных дзяржавай алюмініевых, тыя былі ненадзейнымі, плавіліся ў агні. Але час ішоў і мутацыі паглыбляліся.

У сваім блогу Бабчанка прыводзіць шмат выпадкаў, калі загіблых ва Ўкраіне хавалі без імя, і іх сваякі лічылі гэтую справу нармальнай.

Адмовіўшыся ад чалавечага імя, сьцерхі адмаўляюцца і ад чалавечае маралі.

Артыст-дэпутат, хворы на цяжкую хваробу, які прайшоў курс лекаваньня за мяжой, галасуе за закон, што адмаўляе малым хворым дзецям на такую ж дапамогу за мяжой. Ён сам стаіць перад вечнасьцю і не разумее гэтай вечнасьці.

Сьцерхі не трымаюцца акрэсьленай тэрыторыі. Ім уласьцівая агрэсія й драпежнасьць, але яны самі не ўсьведамляюць прыроды свае агрэсіўнасьці й драпежнасьці.

А вось на відэа – чалавек у арабскім адзеньні кіруе танкам. Не на полі бою. Танк даганяе зьвязанага па руках і нагах ваеннапалоннага, які няўклюдна спрабуе ад яго ўцячы. Пад тракамі лопаецца чэрап, душыцца цела, пырскае кроў. Танкіст вылазіць з машыны і, усьміхаючыся, танчыць на танкавай брані. Можна дакладна сьцьвярджаць – гэта не чалавечы танец.

Сьцерхі ня людзі, гэта біялягічны від, фізычна падобны да чалавека-разумнага, але без чалавечага сьветаадчуваньня. Прыкладам, як у галівудзкім блёкбастэры «Чужыя».

Я ня ведаю, у якім вымярэньні мы цяпер жывем і якія шанцы мае чалавек-разумны супрацьстаяць мутацыям, што ператвараюць яго ў сьцерха. Самае простае, што прыходзіць у галаву, трэба як мага трымацца свайго чалавечага імя. Там, у нашым чалавечым імені, закладзенае і нашае вымярэньне, і ўсе нашыя паратункі ад усялякіх мутацый.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG