Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусы нас падтрымліваюць, а Расея адмаўляе нашу мову і нацыянальнасьць», — лідэр украінскай дыяспары ў Беларусі


Беларускае грамадзкае аб’яднаньне ўкраінцаў «Ватра» адзначае 25-годзьдзе. Цяпер яго сябры — каля 4 тысяч грамадзян Беларусі.

Яшчэ за савецкім часам справу аб’яднаньня ўкраінцаў у Беларусі распачалі Багдан Міхайлюк, Аляксей Коба, Віктар Гутоўскі і Амяльян Станчук.

Згодна са статутам «Ватры» галоўныя напрамкі яе дзейнасьці — нацыянальна-культурнае адраджэньне ўкраінцаў Беларусі, захаваньне і разьвіцьцё культуры ўкраінскага народа, народных традыцыяў, мовы і гістарычнай памяці.

Свабода пагутарыла з адным са стваральнікаў аб’яднаньня і яго старшынём Віктарам Гутоўскім.

На імпрэзе з нагоды 25-годзьдзя Ватры. Справа - Віктар Гутоўскі
На імпрэзе з нагоды 25-годзьдзя Ватры. Справа - Віктар Гутоўскі

— Якая была ідэя ў стваральнікаў аб’яднаньня, да чаго яны імкнуліся?

— Хоць афіцыйна наша аб’яднаньне ўтварылася 16 студзеня 1991 году, ідэя аб’яднаньня існавала яшчэ за некалькі гадоў да гэтага. Яшчэ ў часы Савецкага Саюзу мы пачалі працаваць, каб украінцы Беларусі маглі аб’яднацца. Мы хацелі аб’яднаць ня толькі ўкраінцаў у Менску, але і ва ўсёй Беларусі. Мы пачалі супрацоўнічаць з дыяспарай, якая ўжо пачала гуртавацца ў Берасьці, Гомелі, Гародні, Віцебску. Але галоўная ідэя была ў тым, каб стварыць агульную арганізацыю. Неўзабаве паўстаў праект статуту і пачалося гуртаваньне, хоць трэба адзначыць, што ня ўсе рэгіянальныя структуры адразу пагаджаліся далучыцца. Цяпер рэспубліканская арганізацыя працуе і на ўзроўні гарадзкіх суполак, якіх мы маем каля дзясятка.

Юбілейная вечарына літаратараў Барыса Алейніка і Ліны Кастэнкі ў Музэі Янкі Купалы ў Менску
Юбілейная вечарына літаратараў Барыса Алейніка і Ліны Кастэнкі ў Музэі Янкі Купалы ў Менску

— Наколькі блізкія ўкраінскі і беларускі народы?

— Калі арганізацыя стваралася, то ў Беларусі пражывала 400 тысяч украінцаў. Але ў Беларусі былі таксама габрэйская, расейская, татарская, польская нацыянальныя меншасьці. Яны ўсе пачалі арганізоўвацца раней, чым украінцы. Атрымліваецца, што іншыя дыяспары ўжо прывыклі жыць аб’яднаньнямі. Найлепшы досьвед быў у габрэйскай арганізацыі — яны вельмі шчыльна камунікавалі паміж сабой. Найперш гэта было таму, што ў іх быў духоўны лідэр — рабін. А ва ўкраінцаў такога лідэра не было, няма яго да гэтага часу, які б духоўна ачольваў нашу супольнасьць. Яшчэ цікава, што ўсе меншасьці гуртаваліся і называлі сябе дыяспарамі. Толькі расейцы не прымалі гэты міжнародны тэрмін — яны і цяпер кажуць, што яны тут не дыяспара. Украінцы ж — такая нацыя, якая жыла зь беларусамі ў адной дзяржаве — Вялікім Княстве Літоўскім. На працягу доўгага часу ўкраінцы і беларусы ўзаемапранікалі. Цяпер, напрыклад, у Чарнігаве вельмі шмат беларусаў, а ў Берасьці — шмат украінцаў. Разам з тым украінцы хацелі і вылучыцца, падкрэсьліць сваю нацыянальнасьць. Напрыклад, калі праходзіў першы Чарнобыльскі шлях, то ўкраінцы Беларусі арганізавана ішлі асобным шэрагам. Такім чынам мы дэманстравалі сваю еднасьць і сваю нацыянальную прыналежнасьць.

На прыёме ва ўкраінскай амбасадзе. У цэнтры актыістка “Ватры” Тацяна Бей
На прыёме ва ўкраінскай амбасадзе. У цэнтры актыістка “Ватры” Тацяна Бей

— Чым займацца ваша аб’яднаньне? Ці можаце вы пахваліцца нейкімі дасягненьнямі?

— Ёсьць вельмі банальная праблема — у нас ніколі не было грошай на дзейнасьць. І цяпер няма. Справа ў тым, што іншым дыяспарам выдзяляюцца грошы з боку іх дзяржаў, у першую чаргу гэта тычыцца габрэйскай дыяспары, таму яна і самая багатая ў сьвеце і самая аб’яднаная. А ў нас усё на прынцыпах самаахвярнасьці. Але, нягледзячы на адсутнасьць грошай, мы разумелі, што трэба аб’ядноўвацца і вырашаць пытаньні — я маю на ўвазе ўкраінскую адукацыю, культуру, зьберажэньне мовы. Што магчыма, мы робім у гэтых кірунках. Наша дыяспара выдае газэту «Ўкраінец Беларусі», на жаль, яна выходзіць толькі адзін-два разы на год. Выходзіў бюлетэнь «Ватра». Справа ў тым, што няма рэдакцыі, якая б працавала пастаянна і атрымлівала заробак. Тое самае ў галіне адукацыі — няма выкладчыкаў, якія б працавалі і атрымлівалі грошы. Калі нешта адбываецца, то выключна на энтузіязьме.

— Разам з тым на вашай старонцы ў інтэрнэце багата фатаздымкаў зь мерапрыемстваў, дзе людзі ва ўкраінскіх нацыянальных строях альбо дзе адбываюцца зальныя імпрэзы накшталт курсаў ці сэмінараў...

— Так. Напрыклад, у Горадні кожныя два гады праводзіцца фэстываль нацыянальных культур. Мы заўсёды рыхтуем украінскую праграму для гэтага фэстывалю. Гэта абавязкова ўкраінская нацыянальная кухня, багатая культурніцкая праграма, выступы артыстаў, сьпевы хору. Звычайна на гэтым фэстывалі Ўкраіну прадстаўляюць больш за 150 чалавек. А з улікам таго, што мы вельмі пявучы народ, то ў гэтым пляне мы выйграем сярод іншых дыяспар.

Украінцы на фэстывалі нацыянальных культур у Маладэчна
Украінцы на фэстывалі нацыянальных культур у Маладэчна

— Адна з задач дыяспары — захаваньне мовы. Ці ёсьць праблемы з гэтым у Беларусі? Не перашкаджаюць?

— Садкоў з украінскай мовай тут няма. Таксама няма школ і нават клясаў з украінскай мовай навучаньня. Але аднойчы быў выпуск украіністаў у адной з ВНУ. Праблема ў тым, што ўкраінская мова ў Беларусі не запатрабаваная — таму што яна вельмі падобная да беларускай. Беларусы разумеюць украінцаў безь перакладу. Мы разумеем беларусаў таксама. Але мы вельмі хочам зьберагаць сваю мову. Добра, што ў гэтым пляне Беларусь нічога антыўкраінскага не заяўляе. Скажу больш — Беларусь падтрымлівае нас, маўляў, калі ласка, вывучайце мову і беражыце сваю культуру. Іншая справа ў Расеі. Там нават духоўныя лідэры выказваюцца супраць украінскай мовы, супраць украінскай культуры, дый супраць украінскай нацыі і дзяржаўнасьці ўвогуле.

Вышыванкі Дар’і Ясюкевіч
Вышыванкі Дар’і Ясюкевіч

— Ці ўкраінская дыяспара аказвала падтрымку тым, хто апошнія два гады змагаецца за незалежнасьць Украіны?

— Паводле статуту мы ня маем права ні займацца палітыкай, ні нават рабіць палітычныя заявы. Мы культурніцка-асьветніцкая арганізацыя. Але як арганізацыя мы можам выказваць салідарнасьць з той барацьбой, якая вядзецца ва Ўкраіне. Але мы сочым і за тым, што робяць беларусы. Ведаем, што беларускія валянтэры купілі рэанімабіль «Ратаўніца», ведаем, што пэрыядычна зьбіраюць і перадаюць сродкі і рэчы для параненых байцоў. Мы ведаем, што адным зь першых, хто загінуў на Майдане, быў беларус Міхась Жызьнеўскі. Але нейкую падтрымку мы можам аказваць толькі на індывідуальным узроўні, не як арганізацыя.

Вітаньне зь юбілеем “Ватры” ад старшыні Вярхоўнай Рады Уладзімера Гройсмана
Вітаньне зь юбілеем “Ватры” ад старшыні Вярхоўнай Рады Уладзімера Гройсмана

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG