Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі папярэджвае пра адміністрацыйную адказнасьць за наведваньне Крыму


Крым, Судак. Ілюстрацыйнае фота

Крым, Судак. Ілюстрацыйнае фота

МЗС Беларусі папярэджвае беларускіх грамадзян пра магчымыя наступствы наведваньня Крыму.

«Міністэрства замежных спраў заўсёды арыентуе грамадзян Рэспублікі Беларусь, а таксама турыстычныя арганізацыі на тое, што пры плянаваньні адпачынку і турызму за мяжой ім неабходна браць пад увагу ўмовы транзыту, уезду-выезду, а таксама знаходжаньня ў тым месцы, куды яны накіроўваюцца», — цытуе БелаПАН прэс-сакратара МЗС Беларусі Дзьмітрыя Мірончыка.

Дзьмітры Мірончык

Дзьмітры Мірончык

Мірончык адзначыў, што МЗС неаднаразова на працягу 2014–2015 гадоў інфармаваў беларускіх грамадзян пра ўстаноўленыя заканадаўствам Украіны ўмовы для ўезду ў Крым замежных грамадзян.

«Ізноў хацелі б праінфармаваць нашых грамадзян аб тым, што пры плянаваньні паездкі ў Крым у сэзон 2016 году неабходна зыходзіць з таго, што ўезд-выезд на паўвостраў пры руху транзытам праз тэрыторыю мацерыковай Украіны з турыстычнымі мэтамі не ўяўляецца магчымым, — сказаў Мірончык. — Пры наведваньні Крыму праз тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі грамадзянам Беларусі варта мець на ўвазе, што гэта можа паслужыць падставай для адмовы ва ўезьдзе названым грамадзянам на тэрыторыю Ўкраіны і прыцягненьня іх да адміністрацыйнай адказнасьці ў адпаведнасьці з украінскім заканадаўствам».

Статус Крыму як акупаванай Расеяй тэрыторыі не прымусіў беларускія турыстычныя фірмы адмовіцца ад працы з крымскім напрамкам. Туры ў Крым прадаюць шматлікія беларускія турыстычныя кампаніі. Прадстаўнікі турагенцтваў сьцьвярджаюць, што прапанова ёсьць, таму што існуе попыт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG