Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Данія — самая шчасьлівая краіна ў сьвеце, Беларусь — на 61-м месцы


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Адна з высноваў справаздачы World Happiness Report заключаецца ў тым, што краіны зь меншым узроўнем сацыяльнай няроўнасьці, як правіла, больш шчасьлівыя.

Паводле дасьледаваньня ААН, якое ладзіцца ўжо чацьвёрты раз з мэтай дасьледаваньня ўзроўню шчасьця і задавальненьня жыцьцём у розных краінах сьвету, Данія зьяўляецца самай шчасьлівай краінай у сьвеце.

У першую пяцёрку, акрамя Даніі, увайшлі Швайцарыя, Ісьляндыя, Нарвэгія і Фінляндыя. Усе гэтыя краіны маюць добра разьвітую сыстэму сацыяльнага забесьпячэньня.

Беларусь у гэтым рэйтынгу знаходзіцца на 61 месцы, Літва — на 60 месцы. Крыху вышэй Расея — на 56 месцы, за ёй Польшча — на 57. Украіна — на 123 месцы, Латвія — на 68.

ЗША ў гэтым сьпісе — на 13 месцы, Вялікабрытанія — на 23-м, Кітай — на 83-м.

Завяршае сьпіс з 156 краінаў Бурундзі, дзе працягваюцца масавыя хваляваньні, якія пэрыядычна перарастаюць у гвалтоўныя беспарадкі. Яна апынулася ў рэйтынгу нават ніжэй за Сырыю, у якой у ходзе грамадзянскай вайны за апошнія пяць гадоў загінулі больш за 250 тысяч чалавек.

Справаздача, складзеная Сеткай па выпрацоўцы рашэньняў праблемаў ўстойлівага разьвіцьця ААН (SDSN), — гэта аналіз апытаньняў тысячы чалавек у кожнай краіне, які штогод праводзіцца інстытутам Гэлапа. Апытаных прасілі ацаніць сваё жыцьцё па дзесяцібальнай шкале.

Дасьледчыкі выдзелілі шэсьць асноўных катэгорыяў, якія вызначаюць узровень дабрабыту: ВУП на душу насельніцтва, сацыяльная падтрымка, чаканая працягласьць здаровага жыцьця, асабістыя свабоды, удзел у дабрачыннасьці і ўяўленьні пра ўзровень карупцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG