Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць Паўночнай Карэі


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства фінансаў ЗША абвясьціла аб новых эканамічных санкцыях супраць Паўночнай Карэі з-за нядаўніх выпрабаваньняў Пхэньянам балістычных ракет.

Прадстаўнік Белага дому Джош Эрнэст паведаміў 16 сакавіка, што санкцыі ўведзеныя пасьля рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН, у якой асуджаюцца ядзерныя выпрабаваньні.

7 лютага Паўночная Карэя заявіла пра запуск ракеты далёкага радыюсу дзеяньня. Паўднёвакарэйскія і амэрыканскія ваенныя заявілі, што запуск быў прыкрыцьцём для тэставаньня балістычнай ракеты, здольнай несьці ядзерны зарад — выпрабаваньне, якое забароненае некалькімі рэзалюцыямі Рады Бясьпекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.

2 сакавіка Рада Бясьпекі ААН аднагалосна прыняла рэзалюцыю аб узмацненьні санкцыяў у дачыненьні да Пхэньяну. Згодна з новымі санкцыямі, усе грузы, якія ідуць у Паўночную Карэю ці зь яе, будуць правяраць на прадмет забароненых тавараў і тэхналёгіяў.

Рэзалюцыя прадугледжвае забарону на імпарт з КНДР вугалю, жалезнай руды, каштоўных мэталаў, а таксама эмбарга на пастаўкі ў гэтую краіну ўсіх відаў авіяцыйнага паліва.

У апошнія гады ЗША і іншыя краіны Захаду ўвялі шэраг санкцыяў супраць Паўночнай Карэі, патрабуючы скараціць ядзерную праграму, але Пхэньян не зьвяртаў увагі на гэтыя патрабаваньні.

XS
SM
MD
LG