Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грозным зьдзейсьнены напад на праваабаронцу Ігара Каляпіна


Ігар Каляпін пасьля нападу ў Грозным

Ігар Каляпін пасьля нападу ў Грозным

Пра напад на Каляпіна паведаміў адзін зь яго паплечнікаў.

У Грозным, ля ўваходу ў гатэль «Грозны-Сіці», зьдзейсьнены напад на кіраўніка «Камітэту па прадухіленьні катаваньняў» Ігара Каляпіна.

У сацсетках пра гэта паведаміў адзін з паплечнікаў Каляпіна Дзьмітры Утукін. Паводле яго зьвестак, Каляпіна зьбілі, закідалі яйкамі. Да гэтага ў нумар да яго прыйшоў адміністратар з узброенымі паліцэйскімі і выселіў праваабаронцу з гатэлю, піша Утукін.

Карэспандэнт Радыё Свабода Антон Наумлюк, які знаходзіцца ў Грозным, пацьвердзіў інфармацыю пра напад. Паводле зьвестак нашага карэспандэнта, Каляпіна закідалі яйкамі, зялёнкай, таксама кінулі торт, некалькі разоў ударылі. Моцных пашкоджаньняў у пацярпелага няма.

Нападнікаў было каля 15, іх твары хавалі маскі, але, па словах відавочцаў, гэта былі маладыя людзі моцнага целаскладу. Усе яны схаваліся, а паліцыянты ня сталі іх даганяць, заявіўшы, што ня ведаюць, хто гэта, і што іх асобы высьветліць немагчыма. Самога Ігара Каляпіна павезьлі ў аддзяленьне паліцыі.

Каляпін у сераду ўвечары павінен быў сустрэцца з журналістамі і праваабаронцамі, якія прыехалі на судовы працэс па справе ўкраінцаў Станіслава Клыха і Мікалая Карпюка. Напад у гатэлі здарыўся на вачах ва ўдзельнікаў гэтай сустрэчы, якая не адбылася.

Увечары 9 сакавіка невядомыя напалі на групу журналістаў і праваабаронцаў, якія ехалі з Інгушэціі ў Грозны. Каля 20 чалавек у масках зьбілі іх, а мікрааўтобус з рэчамі спалілі. У ліку пацярпелых апынуліся расейскія і замежныя журналісты, а таксама супрацоўнікі «Камітэта па прадухіленьні катаваньняў». У сувязі з гэтым нападам узбуджаная крымінальная справа па некалькіх артыкулах.

XS
SM
MD
LG