Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Re1ikt» супраць «Shuma» — лепшыя альбомы 2015 году


Гурт «Rel1kt»
Гурт «Rel1kt»

У менскім рок-клюбе «TNT» адбылася восьмая па ліку цырымонія ўзнагароджваньня лепшых альбомаў беларускай музыкі па выніках году.

Асноўная барацьба за колькасьць узнагародаў вылілася ў змаганьне двух калектываў: «Re1ikt» і «Shuma».

Паводле ацэнак экспэртаў сайту experty.by лідэрамі сэзону былі абодва гэтыя калектывы, якія атрымалі па 9,25 бала зь 10 магчымых.

У выніку, паводле рэглямэнту ў справу вызначэньня лепшых уключыліся дадатковыя паказьнікі. Такім чынам, гурт «Re1ikt» за альбом «Лекавыя травы» атрымаў узнагароды ад штатных экспэртаў сайту і народных экспэртаў (сталых наведвальнікаў сайту). Тым часам як «Shuma» зрабілася пераможцам паводле галасаваньня вялікага журы і замежных экспэртаў.

Гурт «Shuma»
Гурт «Shuma»

Інтрыга захоўвалася ледзь не да апошняй хвіліны цырымоніі, калі рук дзьвюх салістак «Shuma» ўжо не хапала, каб прыняць ганаровыя дыплёмы.

У выніку пераможцамі былі названыя наступныя каманды: лепшым дэбютным альбомам была вызначаная каманда зь Берасьця «NABR», лепшым альбомам у намінацыі інды-поп/электронны альбом была прызнаная праграма гурту «Серебряная свадьба» «Музыка — всё». Рэшту ўзнагарод падзялілі паміж сабой два калектывы: «Re1ikt» і «Shuma».

Дырэктар кабарэ-бэнд «Серебряная свадьба» Аляксандар Багданаў
Дырэктар кабарэ-бэнд «Серебряная свадьба» Аляксандар Багданаў

Першыя былі адзначаныя ў намінацыях «Лепшы рок-альбом», атрымаўшы пры гэтым прызы штатных і народных экспэртаў. Тым часам «Shuma» была названая пераможцам у намінацыях «Лепшы фолк-альбом», «Лепшы беларускамоўны альбом», і «Альбом году», атрымаўшы пры гэтым падтрымку вялікага журы і замежных экспэртаў.

Чым быў адметны музычны беларускі 2015 год? Сваім меркаваньнем дзеліцца сябра штатнага журы сайту experty.by Ягор Цывілька.

— Акрамя таго, што Віктар Сямашка назваў 2015 годам жаночым, матрыярхальным, зыходзячы са змаганьня за асноўныя ўзнагароды паміж «Re1ikt» і «Shuma», аднак для мяне галоўным зьяўляецца наступнае: прэміі атрымала беларускамоўная музыка. Асноўная тэндэнцыя апошніх гадоў — гэта павелічэньне прачытаньня народных традыцый у творчасьці нашых калектываў. І ў 2015 годзе адбылося нешта неверагодае. І «Re1ikt», і «Shuma», у творчасьці якіх яўна адчуваецца подых нашых продкаў.

Каманда зь Берасьця «NABR»
Каманда зь Берасьця «NABR»

А вось як успрыняла гендэрную перавагу над мужчынамі гурта «Re1ikt» удзельніца бэнду «Shuma» Надзея Чугунова.

— Для мяне гэта быў вялікі сюрпрыз. Я чакала нейкай перамогі, але не спадзявалася на такую вялікую колькасьць узнагарод. Гэта для мяне вельмі прыемна. Мы зараз працуем над другім альбомам. Ён будзе крышку адрозьнівацца ад першага: мы спрабуем зрабіць народныя песьні больш моднымі, стыльнымі. 30 красавіка мы пакажам зробленае ў Менску. З дапамогай правайдэру «Атлант телеком», які цягам ужо некалькіх гадоў зьяўляецца партнэрам сайту experty.by, гурт «Shuma» атрымае падтрымку правядзеньня вялікага сольнага канцэрту, бліжэйшы зь якіх адбудзецца ў Менску 30 красавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG