Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Банкруцтва «Serge» — першая ластаўка. Хутка іх будзе цэлая хваля — экспэрт


Ілюстрацыйнае фота. Адна з крамаў бялізны «Serge»

Ілюстрацыйнае фота. Адна з крамаў бялізны «Serge»

Эканамічны суд Менску прыняў да разгляду заяву прыватнай кампаніі «Serge» аб прызнаньні яе эканамічна неплатаздольнай. Заява была пададзеная пасьля таго, як былі вычарпаны ўсе меры па прадухіленьні эканамічнай неплатаздольнасьці і дасудовага аздараўленьня, якія прадугледжаныя дзейным заканадаўствам, — кажа заснавальнік кампаніі Сяргей Атрошчанка.

Па гэтай справе распачата вытворчасьць. У вызначэньні суду сказана, што з прадстаўленых «Serge» справаздач-балянсаў праглядаецца неплатаздольнасьць даўжнiка, якая мае ўстойлівы характар. Таму суд прызначыў часовым упраўляючым па справе аб банкруцтве кампанію «Юрыдычны альянс». Ёй даручана правесьці аналіз фінансавага стану і платаздольнасьці даўжніка.

«Эканамічная сытуацыя ў нашай краіне цяпер такая, што прыватны бізнэс шукае любыя шляхі, каб юрыдычна закрыць свой суб’ект гаспадараньня», — камэнтуе сытуацыю для Свабоды кандыдат эканамічных навук Віктар Цярэшчанка:

Віктар Цярэшчанка

Віктар Цярэшчанка

«Банкруцтва звычайна найперш паказвае, што нейкае прадпрыемства ня можа разьлічыцца са сваімі крэдыторамі. І калі справа даходзіць да канкрэтнай працэдуры банкруцтва, то спачатку даўжнік разьлічваецца зь дзяржавай — выплачвае ёй падаткі і г.д.

Далей людзі згортваюць бізнэс, у тым ліку і праз працэдуру банкруцтва. Нічога крымінальнага ў гэтым няма. Гэта легальны законны шлях. Бізнэсовец кажа свайму крэдытору: пішы заяву ў суд, што я з табой не разьлічваюся. Альбо нават, як у выпадку зь „Serge“, уладальнік кампаніі сам ініцыюе банкруцтва.

Выпадак зь „Serge“ — адзін зь першых. Таму ён і прыцягвае да сябе дадатковую ўвагу. Але я, не баючыся памыліцца, сёньня кажу: хутка падобных працэсаў пойдзе сапраўдная хваля. А справа Чыжа дадасьць ёй яшчэ большую моц. І я думаю, што падобныя рэчы будуць зараз фіксавацца ва ўсіх галінах гаспадаркі, за выключэньнем хіба што айцішнікаў, якія, як усе ведаюць, працуюць з прыбыткам. Многія бізнэсоўцы будуць прыкладаць намаганьні, каб забраць сваё прозьвішча зь дзяржаўнага рэестру індывідуальных прадпрымальнікаў альбо суб’ектаў гаспадараньня. У тым ліку і праз працэдуру банкруцтва».

З такім прагнозам пагаджаецца і эканаміст Леў Марголін:

Леў Марголін

Леў Марголін

«Беларуская эканоміка знаходзіцца ў рэцэсіі. А рэцэсія абавязкова патрабуе нейкай дапамогі. А каму нашы ўлады дапамагаюць? Дзяржаўным прадпрыемствам, асабліва буйным. А прыватныя кампаніі, нават калі яны звышляяльна ставяцца да ўлады, экстрадапамогі ад ураду не атрымліваюць. Таму, я лічу, банкруцтвы прыватнага бізнэсу, гэтаксама як сярэдніх і малых дзяржаўных прадпрыемстваў, будуць набіраць сілу».

Кампанія «Serge» вырабляе і рэалізуе бялізну маркі «Serge» у Беларусі і на некаторых зьнешніх рынках. Паводле дадзеных кампаніі, цяпер дзейнічаюць каля 200 партнэрскіх уласных крамаў і гандлёвых сэкцыяў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG