Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцябраты бязь Леніна ў гонар беларускай Канстытуцыі. ФОТЫ


У межах акцыі «Мы — беларусы, сувэрэнны народ» на Дзень Канстытуцыі 15 сакавіка БРСМ правёў у менскім Палацы моладзі прыём у піянэры і акцябраты.

Фотагалерэя ў вялікім памеры тут

Як афіцыйна паведамляў БРСМ, акцыя мае падкрэсьліць значнасьць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь як асноўнага закону дзяржавы і гаранта грамадзянскіх правоў, нагадаць пра абавязкі кожнага грамадзяніна. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел актывісты менскага гарадзкога цэнтру «Лідэр XXI стагодзьдзя».

Сымболіка сучасных беларускіх піянэраў і акцябратаў набліжаная да атрыбутыкі савецкіх часоў, ня кажучы пра тое, што на білеце БРСМ-аўца красуюцца ордэн Леніна і ордэн баявога Чырвонага сьцяга, якімі ў 1970 і 1945 гадах адпаведна быў узнагароджаны Ленінскі камуністычны саюз моладзі Беларусі. Застаўся нязьменным і піянэрскі салют — сагнутая ў локці правая рука, ускінутая крыху вышэй за галаву.

Праўда, у сымболіцы ёсьць і адрозьненьні. Самае заўважнае — замест чырвонага піянэрскага гальштука на дзяцей надзяваюць ужо чырвона-зялёны. Значак піянэраў — ужо не партрэт Леніна на зорцы ў полымі, а полымя-кветка зь зялёнага ромба, а на значаку акцябратаў ужо ня юны курчавы Ленін, а межы Беларусі.

Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе піянэрская арганізацыя дзейнічае на дзяржаўным узроўні. Таксама на дзяржаўным узроўні піянэры дзейнічаюць у Вэнэсуэле, Лаосе, Віетнаме, Кубе, Кітаі і Паўночнай Карэі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG