Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уральская рэспубліка: чаго хочуць сэпаратысты пасярод Расеі — эканамічнай аўтаноміі ці новай нацыі?


Свабода шукала бел-чырвона-белы сьцяг, а знайшла прыхільніка ўральскай нацыі.

У 1993 годзе ў Сьвярдлоўскай вобласьці Расеі была абвешчаная Ўральская рэспубліка, якая праіснавала толькі чатыры месяцы. Мясцовыя ўлады — як, прынамсі, цяпер сьцьвярджаецца, — не патрабавалі сувэрэнітэту, а хацелі толькі большай эканамічнай і заканадаўчай самастойнасьці. Яны абапіраліся на вынікі мясцовага рэфэрэндуму, на якім абсалютная большасьць жыхароў прагаласавала за зьмену статусу вобласьці.

Рэспубліка зьнікла бяскроўна, пасьля ўказаў тагачаснага прэзыдэнта Расеі Ельцына аб роспуску Свярдлоўскага аблсавета і адхіленьні ад пасады стваральніка Ўральскай Рэспублікі сьвярдлоўскага губэрнатара Эдуарда Росэля. У наступным годзе Росэль стаў старшынём абласной думы, а яшчэ праз год шляхам выбараў вярнуўся на пасаду губэрнатара вобласьці, якая хацела стаць рэспублікай.

«Ройзман, Росэль і суб'ект» — матэрыял расейскай Свабоды

Плошча Ўральскай рэспублікі ў межах Сьвярдлоўскай вобласьці была амаль роўная плошчы Беларусі, насельніцтва складала каля 4,7 млн чалавек (зь іх 1,3 млн у Екацерынбургу). Ва Ўральскай рэспублікі была свая Канстытуцыя, свой сьцяг, надрукавалі нават уласныя грошы — і дагэтуль застаюцца ейныя прыхільнікі.

Тэма Ўральскай рэспублікі зацікавіла нас дзякуючы аднаму фота: двое мужчын стаяць побач, адзін трымае бел-зялёна-чорны сьцяг Уральскай Рэспублікі, другі — бел-чырвона-белы сьцяг. Зьвязацца зь імі ня выйшла — гэта ня дзіва, бо прыхільнікі Ўральскай рэспублікі неахвотна ідуць на кантакт.

«Публічныя заклікі да парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці»

Блогер Андрэй Марошкін, таксама вядомы як Андрэй Брэйва, — ня толькі стваральнік жартоўнай супольнасьці «Царква чалябінскага мэтэарыта», але і адміністратар даволі сур’ёзнай суполкі «За змагарскую Ўкраіну! За свабодны Ўрал!». Другая — настолькі сур’ёзная, што Марошкіна судзяць па абвінавачаньні ў публічных закліках да парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Расеі. За гэта яму пагражае да 5 год турмы. На тэрыторыі Расеі ягоная старонка заблякаваная.

Марошкіна таксама называлі падазраваным у расфарбоўцы бюста Леніна ў колеры ўкраінскага сьцяга. Гэта цікава яшчэ і таму, што пэўны час Марошкін падтрымліваў «самаабарону» ў Крыме, затым сэпаратыстаў ва ўсходняй Украіне і нават браў удзел у сэпаратысцкім батальёне «Ўсход» (сьцьвярджае, што па людзях не страляў). Але потым рэзка зьмяніў погляды, назваў падзеі 2014 году «геапалітычнай подласьцю», вярнуўся ў Расею і стаў прапагандаваць Уральскую рэспубліку.

Адзін з уральскіх франкаў 1991 году, скан: Канстанцін Б., Wikimedia
Адзін з уральскіх франкаў 1991 году, скан: Канстанцін Б., Wikimedia

Марошкін — не адзіны расеец, якога падазраюць у сэпаратызьме. Акрамя відавочных прыкладаў Чачні і Дагестану, сэпаратысцкія настроі можна пабачыць у Башкартастане, Карэліі, Татарстане, Якуціі ды іншых рэгіёнах. У Расеі ў 2014 годзе спрабавалі правесьці марш за фэдэралізацыю Сыбіры і марш «Хопіць карміць Маскву», але ні той, ні другі не адбыўся. Актывістка яшчэ адной ініцыятывы, маршу за фэдэралізацыю Кубані Дар’я Палюдава ня раз трапляла за краты.

Прыхільнікі Ўральскай рэспублікі неахвотна выходзяць на кантакт, баючыся перасьледу. Некаторыя спакойна тлумачаць, што падазраюць карэспандэнта ў супрацы са спэцслужбамі, некаторыя проста адсылаюць матам.

«Практычна поўнае непрыманьне расейскай улады»

Адміністратар адной з суполак «УКантакце», Андрэй Раманаў з Магнітагорску (Чалябінская вобласьць), як і іншыя, паставіўся да пытаньняў пра Ўральскую рэспубліку зь недаверам, хоць сам ён ужо не ў Расеі. Але згадзіўся перадаць пытаньні аднаму з уральскіх сэпаратыстаў, які таксама браў удзел у арганізацыі ў Екацерынбургу пікету ў падтрымку маршу за фэдэралізацыю Сыбіры. Суразмоўца пажадаў застацца ананімным.

«Розныя прыхільнікі Ўральскай рэспублікі па-рознаму бачаць гэтую праблему, — кажа актывіст. — Нехта ўкладвае ў гэта проста ідэю пра дэцэнтралізацыю дзяржаўнага кіраваньня, нехта ідзе крыху далей. У мяне ж у гэтым пляне досыць шматпавярховая канцэпцыя.

Па-першае, я адштурхоўваюся ад практычна поўнага непрыманьня ня толькі цяперашніх расейскіх уладаў, але і ад непрыманьня расейскай дзяржаўнасьці як такой. Мне яна ўяўляецца чымсьці незвычайным, такім, што разбэшчвае тое грамадзтва, якое ў межах гэтай дзяржаўнасьці жыве. Такім чынам, у маёй лёгіцы расейскай дзяржавы не павінна існаваць у любым выглядзе.

Начны Екацярынбург, фота: Alex Alishevskikh via Flickr, CC BY-SA 2.0
Начны Екацярынбург, фота: Alex Alishevskikh via Flickr, CC BY-SA 2.0

Па-другое, я ўсё ж разумею, што нейкія рэзкія дзеяньні могуць толькі спудзіць насельніцтва і папросту дыскрэдытаваць саму ідэю, і вылучаць лёзунг „ад’яднаемся проста заўтра“ можа быць небясьпечна, што паказала гісторыя з Андрэем Брэйвай. Дый само аддзяленьне ў цяперашніх умовах хутчэй больш нашкодзіць, чым прынясе карысьць, з прычыны таго, што ўральскае насельніцтва яшчэ да гэтага не гатовае і абсалютна не ўяўляе, як гэта — жыць самастойным дзяржаўным жыцьцём».

Ня хочуць «ад мора да мора»

Межы Ўральскай рэспублікі розныя ейныя прыхільнікі падаюць па-рознаму: хто абводзіць асобным колерам толькі Сьвярдлоўскую вобласьць, хто дадае частку Чалябінскай, хто поўную Чалябінскую вобласьць, хто падпісвае Ўральскай рэспублікай усю Ўральскую фэдэральную акругу — таксама Курганскую і Цюменскую вобласьці, Ямала-Ненецкую аўтаномную акругу і Югру.

«Межы будучай Уральскай Рэспублікі для мяне — гэта тыя тэрыторыі, большая частка насельніцтва якіх лічыць сябе ўральцамі: Сьвярдлоўская, Чалябінская, Пермская, Арэнбурская, Курганская вобласьці, — прапануе свой варыянт сэпаратыст. — Уральцы ў маім разуменьні — славянскі народ, таму Башкартастан не ўключаю. Цюменская вобласьць — ужо Сыбір, нягледзячы на тое, што ўваходзіць ва Ўральскую фэдэральную акругу. Што да некаторых абласьцей Казахстана, якія былі тэрыторыямі Ўральскага казацкага войска — неяк ня хочацца прад’яўляць прэтэнзіі да суседняй дзяржавы».

«Фэдэралізацыя Сыбіры» — матэрыял расейскай Свабоды

Чаму б гэтым людзям, уральцам, а таксама сыбірскім ці якуцкім сэпаратыстам не заклікаць да супольнага адасабленьня ад Масквы? Напрыклад, да незалежнага Заўральля ці дзяржавы ў межах сучаснай Расеі, толькі без Масквы, Санкт-Пецярбурга і Каўказа?

«Я хутчэй скептычны, таму што некалькі славянскіх народаў у складзе адной дзяржавы неяк не ўжываюцца. Сыбір у захопніцкіх тэндэнцыях адносна Ўралу абвінавачваў яшчэ на пачатку ХХ стагодзьдзя ўральскі „абласьнік“ Грузьдзеў. Так што лепей уральцам — сваю дзяржаву, сыбіракам — сваю, так лягчэй будзе ўжыцца».

Нацыя, якую можна стварыць

«Можна сказаць, што я ўральскі нацыяналіст і выступаю за фармаваньне ўральскай нацыі, якая ў далейшым сама вызначыць свой лёс, — заяўляе прыхільнік Уральскай рэспублікі. — Але гэта мэта стратэгічная, для далёкай сьветлай будучыні, магчыма нават празь некалькі стагодзьдзяў. А для нейкай бачнай пэрспэктывы Ўральская аўтаномія — было б някепска, бо гэты рух якраз у тым жа кірунку.

Асабіста я лічу, што трэба разьвіваць уральскую ідэнтычнасьць, каб уральскі народ усьведамляў сваю асобнасьць, і ідэя Ўральскай рэспублікі ў дадзеным выпадку служыць нядрэннай дапамогай, бо выдатна адлюстроўвае гістарычна ўласьцівае ўральцам вальнадумства».

Каля пасёлка Зюзельскага ў Сьвярдлоўскай вобласьці. Фота: Alex Alishevskikh via Flickr, CC BY-SA 2.0
Каля пасёлка Зюзельскага ў Сьвярдлоўскай вобласьці. Фота: Alex Alishevskikh via Flickr, CC BY-SA 2.0

Ці толькі на палітычных і эканамічных пытаньнях трымаецца ідэя Ўральскай Рэспублікі? Суразмоўца так ня лічыць, хоць падкрэсьлівае, што ня можа казаць за ўсіх. Нацыянальна-культурныя аспэкты, кажа ён, таксама ёсьць.

«Сама славянская калянізацыя Ўралу пачыналася з поўначы, з тэрыторыяў былых Наўгародзкай і Вяцкай рэспублік, — згадвае ён гісторыю. — Гэты факт абумовіў паўночны характар самога ўральскага народу. Дзесьці да сярэдзіны ХХ стагодзьдзя ў вёсках яшчэ захоўвалася самабытная ўральская гаворка, частка паўночнага дыялекту, на якім свае аповеды пісаў Бажоў. Але ў працэсе індустрыялізацыі, урбанізацыі і міграцыі ХХ стагодзьдзя гэтыя народныя звычаі сьцерліся пад катком саветызацыі. У гэтым пляне я высоўваю ідэю ўральскага адраджэньня, шмат у чым пад уплывам сучасных сыбірскіх „абласьнікоў“, якія нават кадыфікавалі сыбірскую мову».

Справжні уральські патріоти

Па словах актывіста, ацаніць колькасьць прыхільнікаў такіх ідэяў можна па колькасьці падпісантаў суполак «УКантакце» — у заблякаванай «Фэдэратыўнай Рэспубліцы Вялікі Ўрал» некалі было 10 тысяч чалавек, у актыўнай дагэтуль «Уральскай рэспубліцы» — 6 тысяч. Да таго ж, запэўнівае суразмоўца, прыхільнікі Ўральскай рэспублікі ёсьць у гарадзкой думе Екацерынбургу і ў Грамадзкай палаце Сьвярдлоўскай вобласьці.

«Аддзяляцца — дык усім» — матэрыял расейскай Свабоды

«Самі ўлады часам выкарыстоўваюць гісторыю Ўральскай Рэспублікі 1993 году, як ні дзіўна, у станоўчым ключы, для піяру губэрнатара Сьвярдлоўскай вобласьці, — згадвае актывіст. — Мясцовыя „патрыёты“ яго нават у „пятую калёну“ запісалі, напэўна, збольшага праз гэта».

Адзін з плякатаў у сацсетках
Адзін з плякатаў у сацсетках

Аднак жа дзіўная рэч: ад чвэрці да паловы сяброў суполак пра Ўральскую рэспубліку, як паказвае статыстыка «Ўкантакце», — не з Расеі. Гэта можна было б зьвязаць з гвалтоўным перасяленьнем народаў у савецкія часы, але на 2010 год у той жа Сьвярдлоўскай вобласьці было 90,6% тых, хто сваю нацыянальнасьць вызначыў як расейскую, толькі 3,5% татараў і 0,9% украінцаў.

«Украінцы актыўней за ўсіх падтрымліваюць Уральскую Рэспубліку, ці ня больш актыўна за саміх уральцаў! — пацьвярджае здагадку карэспандэнта суразмоўца. — У прынцыпе, прычыны гэтага зразумелыя. Праяўляюць пэўную цікавасьць і прадстаўнікі іншых народаў, але значна менш актыўна».

Задаём пытаньне, прынцыповае для ўкраінцаў, якія хацелі б падтрымаць Уральскую рэспубліку: чый Крым і хто ваюе ў ДНР?

«У большасьці сваёй уральскія рэспубліканцы супраць анэксіі Крыму, дзеяньні на Данбасе лічаць агрэсіяй Расеі супраць Украіны. Я толькі аднаго чалавека магу ўспомніць, які адначасова быў за Ўральскую Рэспубліку і рэзка супраць Украіны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG