Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп і Клінтан атрымалі важныя перамогі на першасных выбарах


Дональд Трамп (зьлева) і Гілары Клінтан
Дональд Трамп (зьлева) і Гілары Клінтан

Дональд Трамп і Гілары Клінтан перамаглі ў аўторак на першасных выбарах, па меншай меры, у трох штатах.

Дональд Трамп у рэспубліканцаў і Гілары Клінтан у дэмакратаў прыкметна ўмацавалі свае пазыцыі ў барацьбе за намінацыю на прэзыдэнта ЗША ад Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партыяў, атрымаўшы ў аўторак перамогі на першасных выбарах, па меншай меры, у трох штатах.

Самай важнай для прадпрымальніка-мільярдэра Дональда Трампа стала пераканаўчая перамога ў Флёрыдзе, дзе ён атрымаў каля 46 адсоткаў галасоў рэспубліканцаў, значна апярэдзіўшы свайго бліжэйшага перасьледніка сэнатара Марка Рубіё, які атрымаў 27 адсоткаў галасоў. Рубіё, які разглядаўся ня так даўно ў якасьці найбольш рэальнай альтэрнатывы Трампу, заявіў пасьля паразы ў Флёрыдзе аб спыненьні барацьбы за намінацыю ў прэзыдэнты. Дональд Трамп таксама атрымаў верх у Ілінойсе, Паўночнай Караліне і лідзіраваў зь мінімальнай перавагай у Місуры, дзе падлік галасоў працягваўся раніцай у сераду. На першасных выбарах у Агаё перамогу атрымаў губэрнатар штату Джон Кейсік, што дазволіць яму працягнуць барацьбу за вылучэньне ў прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі.

Гілары Клінтан узяла верх у Агаё, Флёрыдзе і Паўночнай Караліне. Яна лідзіравала зь невялікай перавагай у Ілінойсе і саступала свайму суперніку Бэрні Сандэрсу ў Місуры, дзе працягваецца падлік галасоў.

Вынікі першасных выбараў у аўторак паказваюць амаль непазьбежную перамогу Гілары Клінтан у барацьбе за намінацыю ад Дэмакратычнай партыі. Пытаньне аб тым, ці зможа Дональд Трамп набраць 1237 галасоў выбарцаў, неабходных для намінацыі ў прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі, застаецца адкрытым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG