Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ледзяная лазьня: У расейскіх рэабілітацыйных цэнтрах «ламалі рукі, рэбры»


Як у расейскіх закрытых рэабілітацыйных цэнтрах "матывуюць на лячэньне" нарказалежных пацыентаў, расказвае Анастасія Кузіна з расейскай службы Радыё Свабода.

«Мяне спусьцілі ў склеп, у яму, і пачалі паліваць халоднай вадой са шлянга. Хвілін сорак. Потым выцягнулі, я рукі-ногі разагнуць не мог, кінулі на ложак. Але я і другі раз сказаў, што не хачу заставацца. Мяне зноў у яму. Трымалі ўжо даўжэй, праз гадзіну сутаргі пачаліся, я спрабаваў выбрацца, адзін з гэтых людзей упёрся ў галаву. я яго схапіў за руку і сказаў: „Цяпер са мной у ваду пойдзеш!“ Тут я адчуў удар: мяне закідалі аўтамабільнымі коламі, каб ня вылез. І палівалі далей ... »

Гэта не катаваньні, ня допыт, не канцлягер, як можна падумаць. Гэты сапраўднае пекла адбываецца проста сёньня ў многіх мясьцінах пад назвай «матывацыйныя дамы», таму што ў Расеі нарказалежнасьць не прызнаецца хваробай.

Восем гадоў таму супрацоўнікі рэабілітацыйнага цэнтру «Дэльфін» у горадзе Краснакамск Пермскага краю забілі пацыента. Пасьля таго, як будынак штурмам узяў АМАП, выявіліся падрабязнасьці: людзей у гэтым цэнтры білі бітамі, кабэлямі і электрашокерамі, ужывалі «рытуальныя катаваньні», апраналі і фатаграфавалі ў зьневажальным выглядзе. 40-гадовага Уладзіміра Казеева забілі да сьмерці. У выніку паводле артыкулу «Незаконнае пазбаўленьне волі» на тры гады быў асуджаны дырэктар фонду «Перм без наркотыкаў» Аляксандар Шаромаў. На сьледзтве ён казаў, што ў цэнтры практыкаваліся правільныя мэтады: «Цьвёрдасьць, ізаляцыя, дысцыпліна».

Мяне спусьцілі ў склеп, у яму, і пачалі паліваць халоднай вадой са шлянга. Хвілін сорак. Потым выцягнулі, я рукі-ногі разагнуць не мог, кінулі на ложак

Але гэта было ня першае забойства пацыента ў закрытым рэабілітацыйным цэнтры. У 2002 годзе зарэгістраваны два аналягічныя злачынствы — у Кацярынбургу і горадзе Пыць-Яха Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі. Цела забітага тросам Ільлі Букаціна выявілі ў памяшканьні цэнтру «Горад без наркотыкаў». А вось труп Сяргея Касьцяна вывезьлі ў лес і спалілі. Тады па шэсьць гадоў за «прычыненьне цяжкіх цялесных» атрымалі дырэктар кацярынбурскага рэабілітацыйнага цэнтру фонду «Горад без наркотыкаў» Максім Курчык і кіраўнік арганізацыі «Мой горад без наркотыкаў» у Пыць-Ясе Станіслаў Абаза.

Магчыма, калі б да вінаватых ужылі больш сур’ёзнае пакараньне паводле артыкулу «Забойства» і калі б гаворка ішла не пра атожылках вядомага фонду «Горад без наркотыкаў», які заўсёды дэманстратыўна стаяў за прававым полем, то ўсе гэтыя гісторыі засталіся б у мінулым. Але бізнэс на прымусовым лячэньні наркаманіі выжыў, і за апошнія два-тры гады сыстэма «матывацыйных дамоў» (так цяпер называюць закрытыя рэабілітацыйныя цэнтры з жорсткімі ўмовамі) распаўсюдзілася па ўсёй Расеі, захаваўшы старыя мэтады. Толькі ў Татарстане за 2014-2015 гады ў такіх цэнтрах з асаблівай жорсткасьцю былі забітыя тры чалавекі і як мінімум адзін павесіўся.

Калі размаўляеш зь людзьмі, якія прайшлі праз «матывацыйны дом», то зьдзіўляесься: як яны там наогул застаюцца жывыя? Таму што сыстэма пад назвай «матывацыйныя дамы» ня мае з рэабілітацыяй нічога агульнага.

... Выдаткаваўшы на лячэньне ўсе грошы або проста не знайшоўшы наркалягічнай дапамогі, бацькі кідаюцца на любую прапанову ізаляваць іх сына або дачку ад наркотыкаў. Гэты попыт на ізаляцыю і задавальняюць «матывацыйныя дамы». Прычым бацькам абяцаюць ня толькі заматываваць, угаварыць іх часта ўжо дарослае дзіця на праходжаньне курсу рэабілітацыі «ў закрытым рэбцэнтры» з назвай тыпу «Выход», «Возрождение» ці «Преображение», але і забраць яго з дому на машыне ў іншы рэгіён. Кошт такой матывацыі — 30 тысяч рублёў за месяц. У прызначаны час па пацыента прыяжджаюць дужыя хлопцы з кайданкамі і шпрыцом з аміназінам на выпадак супраціву. Пасьля чаго чалавека прывозяць у загарадны дом і стараюцца пратрымаць там некалькі месяцаў, каб атрымаць з бацькоў максымальную суму. Такая псэўдарэабілітацыя — вельмі прыбытковы бізнэс. У навакольлі той самай Казані дзейнічае да сарака такіх дамоў. А пацыентаў туды звозяць з усёй Расеі.

Барыса А. забралі зь ягонай кватэры ў Растове летам 2015 году.

Потым далі красоўкі 49-га памеру, а да іх прыбітыя дошкі, як абцасы, каб усе чулі, як я перасоўваюся, і ня ўцёк. Цыгарэту папрасіў, далі брус

— Я быў дома, — распавядае ён. — Адчыніў на званок дзьверы, там мама, і зь ёй двое. Зразумеў, што зараз забяруць. Я кажу маці: «Вось у мяне ёсьць тэст, я тры дні цьвярозы, давай ты зараз паглядзіш, што я нічога не ўжываў!» Ірвануўся да тэлефона, тут яны пачалі мяне вельмі жорстка біць. Я выбег на балькон, пачаў крычаць: «Ратуйце! Пажар!», яны мяне скруцілі, пачалі яшчэ мацней біць, нагамі. Дастаюць шпрыц і нешта мне уколваюць. Мае крыкі пачулі, прыйшла паліцыя, і нас забралі ў аддзел. Там маці пачынае хлусіць, што кайданкі яе, што ўсё адбываецца добраахвотна. А мне ўсё цяжэй гаварыць, таму што ўкол дзейнічае. І, увогуле, я паехаў у Казань з гэтымі двума проста з аддзяленьня. А як гэта адбылося, ня памятаю...


Да Грыгорыя П. з Альмецьеўску прыехалі «супрацоўнікі ФСКН»:

— Сказалі: «Трэба праехаць для высьвятленьня абставінаў». У машыне замкнулі кайданкі, але калі я ўбачыў, што мы ўжо выехалі з гораду, то хацеў выскачыць з машыны. Мяне зьбілі. Прыехалі ў Казань, мяне гэтак сама ў кайданках пагрузілі ў іншую машыну. Там я зноў спытаўся, куды едзем, і зноў атрымаў па качану...

Віталя Ц. прывезьлі «на матывацыю» з Ульянаўску 28 сьнежня 2015 году:

— Прыяжджаем разам з бацькамі ў пасёлак Дзярбышкі пад Казаньню. Там здаровыя два ілбы, нармальна з намі размаўляюць. Але толькі за бацькамі зачыняюцца дзьверы, гутарка адразу робіцца іншая. Мяне вывелі з дому і павялі ў лазьню. Штурхалём загналі і хвілін 20 лілі на мяне халодную ваду з двух шлянгаў. Ну і нагамі трошкі пакалочвалі... Я там прабыў месяц, мяне яшчэ тры разы вадзілі ў лазьню, як мне казалі, «за няроўныя паводзіны»...

Лазьня і шлянг з халоднай вадой у любую пару году — абавязковы атрыбут «матывацыйнага дома».

— Кожны дзень кагосьці ў лазьню вадзілі, — кажа Рыгор. — Выклікалі ў кансультанцкую спачатку. Ідзеш бяз задняй думкі, цябе скручваюць і адводзяць, і музыку па плешку ўключаюць, каб не чуваць было. Калі ўтрох не спраўляюцца, клічуць яшчэ. Я аднаму там палец адкусіў. Пастаянна казаў, што хачу дадому, мяне ўвесь час білі і перавозілі з дому ў дом. І там зноў білі ў лазьні...

Можа дадацца яшчэ і яма з вадой або бочка зь лёдам. Але «праз лазьню» праходзяць усе пачаткоўцы ў першыя гадзіны знаходжаньня. Потым іх, скурчаных ў сутаргах, завалокваюць у дом і прыкоўваюць кайданкамі да ложка. Другая абавязковая рэч — «апгрэйды»: цяжкія прадметы, якія трэба насіць на шыі ці ў руках за правіны.

— Я калі прыехаў і мяне з лазьні валаклі, людзі як раз з хаты выйшлі пакурыць, — успамінае Рыгор, — І я ўбачыў, што ў іх ва ўсіх на шыі ці ў руках нешта вісіць. Бярвёны, дыскі аўтамабільныя. Тэрапія такая. Я хварэў, папрасіў таблетку. Мне далі блін ад штангі і сказалі: «Вось табе таблетка, яна цябе вылечыць». І зь ёй я хадзіў два дні. Потым далі красоўкі 49-га памеру, а да іх прыбітыя дошкі, як абцасы, каб усе чулі, як я перасоўваюся, і ня ўцёк. Цыгарэту папрасіў, далі брус. Так і хадзіў — красоўкі, на шыі блін, у руках брус. Ня хочаш насіць — вядуць у лазьню...

Ежа — вадкая каша і суп з паўкурыцы на 20 чалавек. Спалі ўтрох на двух ссунутых ложках з адным матрацам гадзіны тры ў суткі. За непадпарадкаваньне — ледзяная вада. Уцячы адтуль было складана — за парадкам сачылі пяць-шэсьць чалавек зь ліку тых, хто раней прайшоў такое самае «лячэньне» і толькі чакаў зручнага выпадку, каб з асалодай некага зьбіць ці зьняважыць.

— Тэлефанаваць нікуды нельга было, — кажа Аляксей У., які адбываў «рэабілітацыю» ў сяле Каймары. — Нават, па сутнасьці, размаўляць аднаму з адным нельга было. Мы з адным хлопцам казалі, што вось, уцячы б адсюль. Я выйшаў пакурыць, падышлі шасьцёра супрацоўнікаў, зьнялі з мяне зімовую куртку, сунулі мяне ў бочку з вадой і сказалі: «Ты ўцячы хочаш?» Пасьля чаго выцягнулі з бочкі і зьбілі палкамі. Гэта былі такія самыя «выздараўліваюшчые», «стажоры», якія глядзелі за парадкам, і ў іх былі паўнамоцтвы і ежы болей.

— Я зразумеў, што забіваць ня будуць, калі паводзіць сябе прыстойна, — кажа Барыс. — Насіць ўсе гэтыя пакрышкі, ніводнага слова ў адказ, бесьпярэчна ўсё выконваць. Хадзіць на вяроўцы. Я так правёў 47 дзён ...

«Хадзіць на вяроўцы» — не перабольшаньне. Усе катаваньні і прыніжэньні прыкрываюцца ў «матывацыях» словам «трэнінгі». Яны неабходныя, каб паказаць чалавеку, які ён наркаман і адкід, каб «зламаць пыху і свавольства». Ёсьць трэнінг «Бегемоцік» — чалавека засоўваюць па шыю ў бочку зь лёдам, а зьверху лёд паліваюць бэнзінам. Пасьля чаго палохаюць запальнічкай, каб няшчасны нырнуў з галавой. Ёсьць «Бомж» — вымазваюць чалавеку твар гразьзю, і ў такім выглядзе ён сядзіць на вуліцы некалькі дзён, сілкуючыся з «камазіка», вядра з-пад маянэзу. У гэты «камазік» і кашу кладуць, і гарбату наліваюць.

А ноччу была «пісаніна».

— За дзень усякія касякі падлічвалі і давалі ўвечары заданьне: напісаць у сшытку 200 раз нешта зьневажальнае, — кажа Рыгор. — Нешта накшталт «Калі я не зраблю тое і тое, то бамжы засунуць мне паганую мятлу, пракруцяць» і гэтак далей... Пішаш-пішаш, а ўжо ўставаць. Я за паўтара месяца гадзін дзесяць паспаў...

Аб катаваньні бессаньню гавораць усе. Дайшло да таго, што калі ў адным з дамоў прапанавалі выбар «лазьня або пісаніна», людзі пагадзіліся на ваду, абы толькі потым можна было паспаць хаця б некалькі гадзін.

Кірыл К. з Іжэўску, якога таксама трымалі мінулай зімой у пасёлку Дзярбышкі, распавядае, як іх зьвязвалі па 30 чалавек адной вяроўкай, і яны так увесь дзень на вяроўцы хадзілі. «І калі ў прыбіральню, так усе глядзяць, таму што ў цябе адна рука на вуліцы, дзьверы не зачыніць. І ўсе працэдуры — адной рукой...»

«Хадзіць на вяроўцы» — не перабольшаньне. Усе катаваньні і прыніжэньні прыкрываюцца ў «матывацыях» словам «трэнінгі»

Кірыл прайшоў некалькі «матывацыйных дамоў», у кожным быў па тры-пяць тыдняў. Быў ён і ў «лайце»: у такім доме ня б’юць, а толькі пішуць заданьні. Там былі дзяўчаты. З адной зь іх ён пазнаёміўся, стаў абменьвацца цыдулкамі. Калі запіскі знайшлі, выклікалі «матыватараў», і іх разьвезьлі па розных хатах. Кірыла пасьля ледзяной лазьні кінулі на ложак без матраца, на голую сетку. Побач паклалі бервяно з прылепленым да яго жаночым партрэтам і назвалі яго імем той дзяўчыны. Так Кірыл спаў дзесяць дзён. На галаве яму выгалілі выяву жаночага палавога органа. Калі ён кажа пра гэта, у яго сьціскаецца горла.

Людзі вар’яцелі. Аляксей успамінае «пацана Захара Захарчанку», які «не зусім слухаўся»:

— Яго білі вельмі моцна, жахліва. Аднойчы зьвязалі і ў склеп кінулі, а там вады па калена, ён там валяўся зьвязаны. Яго потым паклалі на ложак на дубцы, і так ён тыдзень ляжаў, па дробязі кармілі. І ў прыбіральню хадзіў тамсама ... Мне сказалі, што цяпер Захар у псыхушцы ...

Гэты хлапчук хадзіў з двума бярвёнамі на шыі. Іх нельга было неяк пакласьці, на калені, скажам, палохалі, што ў бочку сунуць і заб’юць палкамі

Пацыенты спрабавалі ўцякаць. Аднаго з тых, што ўцёк з дома пад Зеленадольскам, прывезьлі на трэція суткі назад. Праз гадзіну ў яго быў разьбіты твар, правая рука была кайданкамі прыкаваная да аўтамабільнага кола. Спаць гэтага мужчыну паклалі на верхнюю койку, каб яму цяжка было туды з колам залазіць. Пакуль ён уначы левай рукой усё не напіша — ніхто не ішоў спаць.

Ім ламалі рукі, рэбры. Ставілі зьвязанымі на гарох. Нехта ў склепе пасьля абліваньня капаў і засыпаў яму. Гвалт не зьніжаўся ні на градус круглыя суткі, і тады людзі ламаліся. Самы вядомы з апошніх выпадкаў: чалавек зь Ялабугі, які павесіўся ў сяле Каймары. Здарылася гэта ў канцы мінулага года. Ніхто дакладна ня ведае, як яго звалі, але нібыта Васіль.

— Гэты хлапчук хадзіў з двума бярвёнамі на шыі, — кажа Аляксей. — Іх нельга было неяк пакласьці, на калені, скажам, палохалі, што ў бочку сунуць і заб’юць палкамі. Не хавалі нават. Кіляграмаў 10 адно бервяно было. І вось гэты хлапчук хадзіў так, кажа: «Стаміўся я». Гады 23 яму было. Уваткнуў сабе асадку ў галаву пад скуру, каб на яго зьвярнулі ўвагу, што ён стаміўся. Мы нават абмеркаваць гэтага не маглі, бочкай палохалі, каб не размаўлялі. І нам далі гадзіну сну днём — «рэлакс». Я заснуў. А калі прачнуўся, ён ужо павесіўся на дужцы ложка. Паўседзячы адцягнуўся наперад — і сам сябе задушыў. І мяне, як быў у тапачках і трэніровачным, тут жа на машыне павезьлі ў іншы дом...

— Далі паперы, — ківае Рыгор, — што «ў сувязі са сканчэньнем тэрміну арэнды мы пераяжджаем у іншы дом, прэтэнзій ня маем, усё прайшло нармальна». І на працягу гадзіны ўсіх вывезьлі ў іншы дом. Маці яго спрабавала нешта высьветліць, канцоў не знайшла...

І ня дзіва, што не знайшла: дамы мяняюць адрасы кожныя некалькі месяцаў. А ў выпадку забойства або самагубства сьляды замятаюць на працягу сутак, балазе ехаць ёсьць куды: у любы прыватны дом з высокім плотам.

І Аляксей, і Барыс, і астатнія пацыенты кажуць, што акрамя злосьці, шаленства і агрэсіі ім такая «матывацыя» нічога не дала. І ісьці на сапраўдную рэабілітацыю пасьля такога ўжо ня хочацца.

— У мяне цяпер вельмі моцнае пачуцьцё крыўды на бацькоў, — кажа Кірыл. — Я нават баюся пытацца ў мамы, ці ведала яна, куды мяне адправіла. Калі яна адкажа, што ведала, то... Я малю бога, каб ня ведала. Я не змагу яе дараваць.

Пратрымаўшы гэтых хлопцаў па максымуму — Аляксея, напрыклад, з траўня мінулага году, — матыватары, усё гэтак сама ў кайданках, прывозяць іх у звычайныя цэнтры. Частка людзей трапіла ў рэбцэнтар Фонду Цімура Ісламава.

— Я і сам думаў адкрыць свой «матывацыйны дом». У рэабілітацыі, насамрэч, важная этапнасьць, — кажа Цімур. — І калі чалавек пад «солямі», яго таксама адразу ў цэнтар не пакладзеш, ён чаго заўгодна нарабіць можа. І вось я знайшоў чалавека, які такім домам кіраваў... Сустрэліся, ён і фармулюе свае патрабаваньні да памяшканьня: «Высокі плот, каб можна было чалавеку ўламіць без праблем, склеп, наручнікаў 3-4 пары і шпрыцаў чым болей. А прэпараты мы, добра, самі купім». У мяне валасы ўсталі дыбарам. Спачатку я думаў: можа, проста трапіўся дэфармаваны чалавек? Але потым зразумеў: там людзі не за грошы працуюць, а дзеля асалоды, гэта па вачах відаць. І я ад думкі адкрываць дом адмовіўся...

Паводле дакумэнтаў «матывацыйныя дамы» трымаюць сваіх пацыентаў добраахвотна — ва ўсіх ёсьць дамовы. Больш за тое, яны і рэбцэнтрамі называюць сябе толькі для староньніх. А ў статутаху іх значыцца «аказаньне сацыяльных паслуг з забесьпячэньнем пражываньня». Таму ні наркалёгія, ні ахова здароўя ў цэлым іх правяраць ня можа.

— За тым, што там адбываецца, ніхто ня сочыць, — кажа намесьнік кіраўніка сьледчага аддзелу па Савецкім раёне Казані ўпраўленьня Сьледчага камітэту Расеі па Татарстане Руслан Калінька. — Мы даўно б’ем у званы з гэтай нагоды, пішам прадстаўленьні ў розныя інстанцыі, але бяз толку. У горздраве, напрыклад, нам адказалі, што гэтыя цэнтры па-за іх кампэтэнцыяй...

Так што ў поле зроку паліцыі яны трапляюць толькі калі адбудзецца нешта зусім страшнае. Толькі за апошнія два гады за «матывацыйнымі дамамі» Казані — тры забойствы.

У траўні 2015 году ў пасёлку Шчарбакова памёр ад зьбіцьця 40-гадовы Марат Бікбулатаў. Ягоная маці кажа, што аддала за гэтую «рэабілітацыю» агулам 200 тысяч рублёў. Яе сыну зламалі нос і рэбры, але сказалі, што «стала дрэнна з сэрцам у лазьні». Справа распачата ў дачыненьні да аднаго з валанцёраў паводле артыкулу «Наўмыснае прычыненьне цяжкай шкоды здароўю, што выклікала празь неасьцярожнасьць сьмерць пацярпелага».

Марат праходзіў «лячэньне» ў рэбцэнтрах «Независимость», «Независимость +» і «Фенікс». Што цікава, цэнтар «Независимость», даслаўшы Марата далей, пераехаў з Шчарбакова ў сяло Бела-Бязводнае Зеленадольскага раёну ў дом, дзе раней разьмяшчаўся іншы рэабілітацыйны цэнтар, «Начало». Але ўвосень 2014 году ён зачыніўся... пасьля сьмерці 42-гадовага мужчыны з Набярэжных Чалноў. Пацыент прабыў там менш за тыдзень і памёр ад шматлікіх пераломаў грудзіны, дваццаці рэбраў, пашкоджаньня лёгкага і вострай ўнутранай страты крыві. За гэта 9 гадоў калёніі таксама атрымаў нейкі валанцёр. А цэнтар адрадзіўся ў сяле Вазьнясенскае пад іншай назвай — «Школа жизни». У сьнежні 2015 году там быў забіты 40-гадовы Андрэй Папоў з Падмаскоўя, ён памёр ад разрыву селязёнкі. У «прычыненьні шкоды» зноў абвінавачваюць валанцёра.

Камэнтар кіраўніка Міжнароднай праваабарончай групы «Агора» Паўла Чыкава:

— Юрыдычная праблема заключаецца ў тым, што раней «матывацыйных дамоў» не было, і не было неабходнасьці прававога рэгуляваньня іх дзейнасьці. Ну і добра б, калі б там ня мучылі і не забівалі людзей. Таму што гэта нейкі ГУЛАГ, які распоўзься па краіне. І значыць, прававая аснова патрэбна. Толькі вакол Казані — да 40 такіх дамоў на 20-30 чалавек. Гэта бізнэс з абаротам на мільёны рублёў. Калі людзі плацяць такія грошы, трэба правяраць — за што. Я лічу, што, па-першае, у гэтым пытаньні — аказаньні паслуг нарказалежным людзям — павінна быць сэртыфікацыя, і павінен быць кантроль — як дзяржаўны, так і грамадзкі. Дзяржаўныя органы цалкам могуць з гэтым змагацца, прынамсі, у Татарстане — дакладна. Аднаго часу газэты ў Казані стракацелі аб’явамі аб «досуге». Паліцыя і мэрыя аб’ядналіся — за год стала чыста. Так што барацьба з гэтымі канцлягерамі — пытаньне адной-дзьвюх нарадаў, і духу не застанецца ад гэтай заразы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG