Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнты Тбіліскага ўнівэрсытэту захапілі кабінэт рэктара, патрабуючы яго адстаўкі


Частка студэнтаў сьцьвярджае, што спэцслужбы па-ранейшаму спрабуюць кантраляваць становішча ў галоўным унівэрсытэце краіны праз сваіх агентаў

Як перадае карэспандэнт Радыё Свабода Георгій Кабаладзе, у аўторак раніцай, пасьля жорсткай сутычкі з аховай Тбіліскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, дзесяткі студэнтаў уварваліся ў кабінэт рэктара — акадэміка Ўладзіміра Папавы і заявілі, што ня сыдуць да таго часу, пакуль ён не падасьць у адстаўку.

Гэты інцыдэнт стаў кульмінацыяй шматдзённых пратэстаў. Студэнты ня хочуць дапусьціць, каб на пасаду канцлера абралі ўнівэрсытэцкага супрацоўніка Георгія Гапрындашвілі. Студэнты западозрылі, што Гапрындашвілі зьяўляецца тайным агентам грузінскіх спэцслужбаў і некалькі гадоў выконваў функцыю так званага «АДР» — афіцэра дзеючага рэзэрву. Такі «інстытут» існаваў у савецкі пэрыяд, у часы КДБ, і юрыдычна яго ўдалося забараніць у Грузіі толькі летась рашэньнем парлямэнту. Тым ня менш, значная частка студэнтаў сьцьвярджае, што спэцслужбы па-ранейшаму спрабуюць кантраляваць становішча ў галоўным унівэрсытэце краіны праз сваіх агентаў, укаранёных як у кіраўніцтва, так і ў структуры студэнцкага самакіраваньня.

У ноч на аўторак у двары Тбіліскага дзяржунівэрсытэту адбылася масавая бойка паміж прыхільнікамі і праціўнікамі рэктара. Ёсьць прыхільнікі і ў Георгія Гапрындашвілі. Але той вырашыў зьняць сваю кандыдатуру з выбараў канцлера, каб не абвастраць сытуацыю. А вось рэктар адмовіўся падаваць у адстаўку, спаслаўшыся на неабходнасьць «забясьпечыць стабільнасьць акадэмічнага працэсу».

Празь некалькі гадзін пасьля захопу студэнтамі кабінэту рэктара, іх удалося ўгаварыць пакінуць памяшканьне. Рэктар паабяцаў сустрэцца зь імі і разгледзіць іх патрабаваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG