Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ўвёў, так і вывеў: Славенскі комік пра Пуціна


Клемэн Слаконья ў выглядзе Пуціна

Клемэн Слаконья ў выглядзе Пуціна

Славенскі актор Клемэн Слаконья — пра сатыру на расейскага прэзыдэнта, якая раптоўна сталася прароцкай. Зь ім пагаварыў наш калега з Расейскай службы Радыё Свабоды Марк Крутаў.

Кліп славенскага коміка, тэлевядучага, актора і сьпевака Клемэна Слаконьі Putin, putout паглядзелі на Ютубе ўжо амаль 4 мільёны чалавек — гэта ўдвая больш, чым колькасьць насельніцтва краіны. Магчыма, пасьля рашэньня Пуціна аб вывадзе асноўнай часткі расейскай вайсковай групоўкі з Сырыі гэты лік вырасьце яшчэ больш: назву кліпа (якую можна перакласьці як «увядзі, выведзі») добра пераклікаецца з сырыйскай кампаніяй Расеі. Ролік Слаконьі, у якім ёсьць кадры, дзе Пуцін уручае сваім салдатам гвазьдзікі і адпускае іх зь мірам па хатах, аказаўся амаль прароцкім.


Насамрэч песьня Putin, putout — гэта палітычная сатыра, якая задумвалася аўтарам ўсяго толькі як промаролік да фіналу славенскага адбору на конкурс «Эўразвізіі». Нечакана для яго самога кліп на гэтую песьню стаў, бадай, самым папулярным вірусным відэа ў Эўропе з пачатку гэтага году. Слаконья кажа, што не хацеў нікога пакрыўдзіць сваім творам, але ўжо атрымаў пасьля яго публікацыі некалькі пагроз на свой адрас — упершыню ў кар’еры.

У кліпе ў жартоўнай форме абыгрываецца ня толькі тэма вайны, але і многія іншыя расейскія гісторыі, якія атрымалі вядомасьць за мяжой — ад арышту удзельніц групы Pussy Riot да Алімпіяды ў Сочы. Слаконья ў ролі Пуціна скача на кані, усыпляе амурскую тыгрыцу, п’е гарэлку, грае на баяне і адключае ад электрычнасьці ўувесь зямны шар. Паводле актора, яго разьлік быў на тое, што відэа спадабаецца ўсім — і прыхільнікам Пуціна, і яго праціўнікам. Здаецца, гэта спрацавала: кліп Putin, Putout ня выклікаў адмоўнай рэакцыі нават у расейскіх прапагандысцкіх СМІ, дзе пра яго распавялі ў нэўтральным або нават камплімэнтарным ключы.

Праўда, некалькі пагрозаў на свой адрас пасьля публікацыі гэтага відэа артыст ўсё ж атрымаў — як ён кажа, такое здараецца ўпершыню за ягоную кар’еру (а парадыраваў Слаконья многіх — ад філёзафа Славоя Жыжэка да папы рымскага). У інтэрвію Радыё Свабода Клемэн Слаконья распавёў, ці баіцца цяпер прыяжджаць у Расею, ці чакаў ён, што яго кліп стане вірусным, і што на самой справе думаюць у Славеніі пра расейскага прэзыдэнта:

— Як атрымалася, што вы вырашылі напісаць песьню пра Пуціна? Каму-небудзь наогул ёсьць справа да Пуціна ў Славеніі?

— Гэта доўгая гісторыя. Я пераўвасабляўся ў многіх зорак, збольшага славенскіх, у сваім шоў, якое я вяду з 2007 году. Калі я зрабіў некалькі кліпаў на ангельскай мове, то ўбачыў, што яны хутка становяцца вельмі папулярнымі на Ютубе. Таму я вырашыў пачаць новы праект пад назвай #перасьмешнік з, каб сьпяваць песьні ўжо пра сусьветна вядомых асобаў па-ангельску, у фармаце такіх жартоўных відэаролікаў. Я паўтара года рыхтаваў гэты праект, шукаў спонсараў, але не знайшоў і вырашыў першы ролік зрабіць за свае ўласныя грошы. Пачаць я вырашыў з самага ўплывовага чалавека ў сьвеце паводле вэрсіі часопіса Forbes, Пуціна.

Ці ёсьць каму ў Славеніі справа да Пуціна і да Расеі? Вядома. Камусьці ён падабаецца, камусьці не, у некага няма ніякай думкі з гэтай нагоды, але мы ўсе ўспрымаем яго як адзіную рэальную апазыцыю «дзікаму, дзікаму Захаду». Ён адназначна магутны лідэр самай вялікай краіны ў сьвеце.

— Пад «дзікім, дзікім Захадам» вы маеце на ўвазе Амэрыку?

— Так, я маю на ўвазе Амэрыку.

— Вы хочаце сказаць, што ў Славеніі людзі незадаволеныя Амэрыкай, шукаюць альтэрнатыву і знаходзяць яе ў асобе Пуціна?

— Не-не. Мы падзеленыя. Мы ня ведаем, каму верыць. Адны людзі падтрымліваюць Захад, іншыя не давяраюць яму. Некаторыя шукаюць нешта іншае, я думаю.

— Ці можна сказаць, што Пуцін папулярны ў Славеніі?

— Ну, ён увесь час у навінах. Як я ўжо сказаў, камусьці ён падабаецца, камусьці не, але ... так, я думаю ён папулярны, улічваючы той факт, што ён увесь час у навінах.

— І што людзі пра яго думаюць? Падтрымліваюць яго? Баяцца?

— Я ня ведаю. Пасьля майго відэа, магчыма, ён стаў яшчэ больш падабацца людзям у Славеніі.

— Дзе вы чэрпалі натхненьне і матэрыял для сваёй песьні? Вы выкарыстоўвалі і гісторыю Pussy Riot, і тэму «газавых войнаў», вы ўсе гэтыя гады ўважліва сачылі за Пуціным і Расеяй або проста зазірнулі ў інтэрнэт за пару дзён да таго, як напісаць тэкст?

— Крыніца натхненьня — гэта заўсёды чалавек, якога я пляную адлюстраваць. Я заўсёды праводжу стараннае дасьледаваньне перад тым, як напісаць песьню і зьняць ролік. Пра Пуціна шмат кажуць у апошнія паўтара года, так што знайсьці матэрыял не было праблемай. Я ўсё ролікі пра яго перагледзеў на Ютубе і выбраў тыя моманты, якія мне падаліся самымі цікавымі і пры гэтым пацешнымі.

— Яшчэ адна тэма, якая знайшла адлюстраваньне ў вашым відэа, — гэта газавы шантаж, да якога Расея, на думку многіх, зьвярталася і зьвяртаецца для вырашэньня палітычных пытаньняў у Эўропе. Гэта тое, чым людзі ў Славеніі па-сапраўднаму занепакоеныя?

— Так, мы ж у Эўропе, і мы — частка агульнай карціны ў гэтым пляне. У нас гэта абмяркоўваюць. Спадзяюся, мы цяпер па-ранейшаму будзем атрымліваць газ з Расеі (сьмяецца).

— Калі гаварыць сур’ёзна, што вы думаеце пра Расею? Гэта краіна-агрэсар, якая распачала вайну са сваім суседам, якая ўдзельнічае ў вайне ў Сырыі, ці гэта проста нешта такое, над чым можна пасьмяяцца у жартоўным кліпе, і толькі?

— Ня ведаю, гэта трэба ў вашых суседзяў спытацца (сьмяецца). Насамрэч я думаю, што ісьціна дзесьці пасярэдзіне. Мы ня можам цалкам верыць ні таму, што кажуць у СМІ, ні словам палітыкаў. Я атрымаў некалькі пагрозаў з Расеі з-за свайго відэа! Такое адбываецца ўпершыню за ўсю маю кар’еру. Я думаю, расейцы вельмі ганарацца сабой і пакрыўдзіць іх вельмі лёгка. Але я ўжо казаў, што нікога крыўдзіць не зьбіраўся, я тут проста для таго, каб забаўляць людзей.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG