Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У фільме «Банды Нью-Ёрку» галоўны злыдзень штогод адзначае перамогу над сваім канкурэнтам.

І заўжды ўздымае за яго кубак – за забітага. Гледачам зразумела, што сэнс акцыі ня ў тым, каб ушанаваць палеглага героя, а каб падкрэсьліць сваю ўласную значнасьць.

Калі гляджу на афіцыйныя сьцягі, разьвешаныя па Беларусі да Дня Канстытуцыі, узгадваю кадры з фільму. Толькі ў «Бандах Нью-Ёрку» ладзіцца сапраўднае шоў, а ў Беларусі ўвесь экшн абмяжоўвацца сьцягамі. Не, каб скарыстацца нагодай: кожнага 15 сакавіка зьвяртацца да народу, пасьля глядзець сьвяточны канцэрт са «зьвёздамі беларускай і ацечасьцьвеннай эстрады».

Але ці часта мы чуем слова «канстытуцыя» з вуснаў галоўнага пераможцы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь? Я не адсочваю адмыслова выпускі навінаў БТ. Але ведаю, што калі Лукашэнка заяўляе штосьці гучнае, яго словы разносяць інтэрнэт-сарокі па ўсіх асноўных пляцоўках байнэту. 15 сакавіка такога не бывае апошнія дваццаць гадоў. Менавіта столькі сёлета спаўняецца з часу канстытуцыйнага перавароту. З забойства Канстытуцыі і пераводу краіны на ручное кіраваньне.

Мне падаецца, што як афіцыйнае сьвята Дзень Канстытуцыі захаваўся не для ўнутранага карыстаньня, а для замежжа, для выгляду законнасьці ўлады. Прыблізна як партыі, якія як бы афіцыйна ёсьць, а насамрэч – проста клюбы па інтарэсах, якія ня маюць аніякіх шанцаў на ўдзел у палітычным жыцьці краіны.

Ігар Тышкевіч:

«Чытаю беларускую аналітыку і нейкае адчуваньне “адвык”. Доўга ня мог сфармуляваць, у чым рэч. І тут дайшло. Непрапарцыйна мала тэкстаў пра тое, што мае быць».

«Што б ты зрабіў, калі б стаў прэзыдэнтам?» – такой гульнёй бавяцца ня толькі дзеці. Мне, напрыклад, нядаўна задалі падобнае пытаньне. На мой погляд, першае, што мае быць у асягальнай будучыні – гэта аднаўленьне канстытуцыйнага ладу. Абнуленьне да 24 лістапада 1996.

Суды робяцца незалежнымі, кіраўнікі адміністрацыяў абіраюцца знутры, а не прызначаюцца звонку, парлямэнт робіцца незалежным ад прэзыдэнта. Далей – самакіраваньне, дзяржаўныя СМІ робяцца грамадзкімі. Хто б ні стаў новым кіраўніком краіны, ён мусіць абвесьціць новыя прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары.

За 20 гадоў столькі ўсяго было, што нават людзі з прэтэнзіяй на грамадзкае лідэрства і палітычную актыўнасьць падзабылі, што амаль дваццаць гадоў мы жывем па-за канстытуцыйным полем. Слова «канстытуцыя» мае быць вернутае ў актыўны ўжытак ужо цяпер. «Жыцьцё пасьля Лукашэнкі» можа пачацца калі заўгодна, у кожнае імгненьне. «А мы не гатовыя».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG