Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ: па ўказаньні Чыжа была створана ілжэфірма для фінансавых махінацыяў


Юры Чыж

Юры Чыж

Па ўказаньні бізнэсоўца Юрыя Чыжа ў 2012 годзе была створана ілжэфірма для фінансавых махінацыяў.

Пра гэта паведаміў журналістам старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Валеры Вакульчык.

«Па ўказаньні Чыжа была створана фірма, ажыцьцяўленьне фінансава-гаспадарчай дзейнасьці не меркавалася ад пачатку», — сказаў Валеры Вакульчык.

Паводле КДБ, гэта не адзіны такі прыклад у дзейнасьці Юрыя Чыжа, паведамляе БелТА.

«У пятніцу, 11 сакавіка, былі атрыманыя доказы датычнасьці да злачынства самога Чыжа. Па яго ўказаньні ў Расеі была створана фірма, якая не ажыцьцяўляла гаспадарчую дзейнасьць. Заснавальнік — грамадзянін РФ, ён жа памочнік і кіроўца Чыжа. „Трайпл“ перадаў ёй права на таварны знак. Штомесяц „Трайпл“ пераводзіў ёй буйныя сумы ў выглядзе платы за таварны знак. Потым гэтыя грошы абнаяўліваліся. Дырэктар кампаніі, ён жа адзіны супрацоўнік, атрымліваў наяўныя грошы і перадаваў так званаму „касіру“ „Трайпла“. Той — Чыжу. Такіх фірмаў было досыць шмат», — сказаў Вакульчык.

Вакульчык падкрэсьліў, што для затрыманьня Чыжа санкцыі прэзыдэнта не патрабуецца.

«Рашэньне прымалася вельмі хутка. Я ведаў, што не магу прыняць меры па затрыманьні без падстаў. З другога боку, разумеў, што могуць зьявіцца падставы для прыцягненьня да адказнасьці. Рашэньне прымаў я. Я выразна ведаю пазыцыю кіраўніка дзяржавы — недатыкальных няма», — сказаў ён.

«Калі нехта трапіў у кадар з кіраўніком дзяржавы або гуляў зь ім у хакей, то ніякага асаблівага падыходу няма. У іх, хутчэй, асаблівая адказнасьць. Яны павінны яе несьці ўдвайне і ўтрайне. Трэба быць крыштальна чыстым перад законам», — сказаў Вакульчык.

«Я ведаю, што ў выпадку патураньня з майго боку сам мог апынуцца на месцы Чыжа. Але ўсё павінна быць пацьверджана доказамі», — цытуе tut.by старшыню КДБ.

«Схема — знаёмая яшчэ з часоў Ільфа і Пятрова», — дадаў Вакульчык.

Пры гэтым устаноўлена, што такіх фірмаў было досыць шмат. Цяпер гэтым займаецца сьледзтва.

Валеры Вакульчык таксама растлумачыў, што летам 2015 году ў КДБ паступіла заява ад Юрыя Чыжа і двух яго партнэраў — грамадзянаў Расеі — у зьвязку з супрацьпраўнай дзейнасьцю Ўладзімера Япрынцава.

«Падчас расьсьледаваньня гэтай крымінальнай справы пры праверцы паказаньняў Япрынцава і іншых былі атрыманыя доказы пра факты ўхіленьня ад выплаты падаткаў у працэсе фінансава-гаспадарчай дзейнасьці групы кампаніяў «Трайпл», — сказаў кіраўнік КДБ.

Старшыня КДБ паведаміў журналістам, што летам мінулага году гендырэктар «Трайпла» Юры Чыж і ягоныя расейскія партнэры зьвярнуліся ў КДБ са скаргай у дачыненьні да дзеяньняў саўладальніка кампаніі Ўладзімера Япрынцава.

У выніку Ўладзімер Япрынцаў і яго сын Казьбек былі затрыманыя.

«Ім ужо гатовыя прад’явіць канчатковае абвінавачаньне паводле арт. 209 „Махлярства“, у старэйшага яшчэ арт. 426 — „Перавышэньне паўнамоцтваў“ (падпісваў фінансавыя дакумэнты, на якія ня меў права). У прынцыпе, можам перадаваць справу ў суд», — сказаў Вакульчык.

A million dollar baby: сына топ-мэнэджэра «Трайпла» падазраюць у фінансавых злачынствах на мільёны даляраў

Раней праходзіла інфармацыя пра тое, што Юры Чыж не ўпаўнаважваў Уладзімера Япрынцава падпісваць ад імя «Трайпла» гарантыйную дамову на пастаўку нафтапрадуктаў у адрас украінскіх бізнэсоўцаў.

Як паведаміў кіраўнік КДБ, пры праверцы паказаньняў Япрынцава і іншых фігурантаў былі выяўленыя факты ўхіленьня ад сплаты падаткаў службовых асобаў групы кампаніяў «Трайпл».

Падчас расьсьледаваньня супрацоўнікі праваахоўных органаў выйшлі на факты нявыплаты падаткаў. 11 сакавіка сілавікі атрымалі доказы датычнасьці да злачынства — ухіленьня ад выплаты падаткаў — і самога Юрыя Чыжа.

«Арыштавана па справе Чыжа пяць чалавек, адзін затрыманы. Шкода — мільярды рублёў, але пакуль складана ацаніць дасканала», — сказаў Вакульчык.

Кіраўнік КДБ дадаў, што справа бацькі і сына Япрынцава і справа Чыжа — розныя справы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG