Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мустафа Джэмілеў: Пакуль у Беларусі аўтарытарны рэжым, сказаць, што яна ў бясьпецы, яе сувэрэнітэт у бясьпецы, цяжка


Мустафа Джэмілеў

Мустафа Джэмілеў

16 сакавіка мінае два гады з дня правядзеньня крымскага рэфэрэндуму, паводле вынікаў якога нібыта амаль 97 адсоткаў крымчан выказаліся за далучэньне паўвострава да Расеі. Як цяпер жыве Крым, ці ёсьць шанцы яго вяртаньня пад юрысдыкцыю Ўкраіны і ці магчымы крымскі сцэнар для Беларусі? Гэтыя пытаньні Свабода абмеркавала зь лідэрам крымскіх татараў — карэннага народу Крыму — Мустафою Джэмілевым.

Мустафа Джэмілеў прызначыў нам сустрэчу ў сваёй кіеўскай кватэры. Запрашаючы ў працоўны кабінэт, ён гасьцінна прапанаваў кавы: «Якая можа быць размова бяз кавы па-крымскататарску?» Сам піў, аднак, гарбату, бо лекары рэкамэндавалі абмежаваць ужываньне кавы.

Мы размаўлялі больш за гадзіну. Пасьля ён паказаў частку свайго вялікага фотаархіву — і пра жыцьцё ў савецкай Якуціі, калі адбываў пакараньне за актыўную дзейнасьць у крымскататарскім нацыянальным руху, і пра працу ў Мэджлісе пасьля вяртаньня ў Крым, сямейныя фатаздымкі і міжнародныя сустрэчы. Менавіта з архіву мы даведаліся пра малавядомы нават ва Ўкраіне факт — сям’я Джэмілева з 1999 году апякала двух чачэнскіх хлопчыкаў, якія засталіся сіротамі пасьля другой чачэнскай вайны, — Зэлімхана і Мусьліма. Цяпер ім больш за 20 гадоў, яны грамадзяне Расеі, але навучаюцца за яе межамі. Мустафу і ягоную жонку Сафінар называюць бацькам і маці.

Фота зь сямейнага архіву Мустафы Джэмілева

Фота зь сямейнага архіву Мустафы Джэмілева

АКУПАЦЫЯ КРЫМУ. ЯК ГЭТА БЫЛО

— Мустафа-ага, ці зьмянілася ваша ацэнка таго, што адбылося два гады таму ў Крыме, і рэальных магчымасьцяў вярнуць Крым ва Ўкраіну?

— Рэфэрэндум ня можа быць пунктам адліку, таму што гэта нейкі блеф. Гэта не рэфэрэндум на самай справе, ён незаконны, і сьвет гэта прызнаў. Акупацыя пачалася значна раней. Мы бяром адлік ад 20 лютага, з дня зьяўленьня «зялёных чалавечкаў».

Тое, што акупацыя незаконная, і тое, што тэрыторыя абавязкова павінна быць вызваленая ад акупацыі, — гэта аксіёма, і ёй альтэрнатывы няма. Прымірыцца з такою самаўпраўнасьцю ў 21 стагодзьдзі — гэта нанесьці вельмі сур’ёзны, руйнавальны ўдар па міжнародным парадку.

Расея растаптала ўсе мажлівыя міжнародныя пагадненьні, у тым ліку і тыя, пад якімі стаяць подпісы і Расеі. Сьвет не павінен і ня можа прымірыцца з гэтым міжнародным разбоем.

Расея растаптала ўсе мажлівыя міжнародныя пагадненьні, у тым ліку і тыя, пад якімі стаяць подпісы і Расеі. Сьвет не павінен і ня можа прымірыцца з гэтым міжнародным разбоем. Пытаньне толькі ў тым, калі і якімі спосабамі можа быць вызвалена акупаваная тэрыторыя Ўкраіны ад акупантаў.

Мы кажам пра тое, што дэакупацыя павінна адбывацца неваенным шляхам, бо гэта нясе сьмяротную небясьпеку, у першую чаргу, для крымскататарскага народу, які найбольш арганізавана і актыўна супраціўляецца акупацыі, дый наагул усім жыхарам Крыму. Цяпер Крым ператвораны ў такую магутную вайсковую базу, што без шматтысячных чалавечых ахвяраў пра яго вызваленьне ваенным шляхам немагчыма гаварыць.

І потым, мы ж маем справу зь дзяржавай, для якой чалавечыя жыцьці нічога ня вартыя, у тым ліку і жыцьці сваіх уласных грамадзянаў. Таму якіх-небудзь зьменаў у стаўленьні да такога беззаконьня няма і ня можа быць.

У МЕНСКУ БЯЗ КРЫМУ

— Усё часьцей гучыць думка экспэртаў, што цяпер існуюць толькі два шляхі вяртаньня Крыму. Адзін зь іх — распад Расеі, а другі — узмацненьне ціску міжнароднай супольнасьці. На ваш погляд, ці ёсьць трэці варыянт разьвіцьця падзеяў?

— Ёсьць яшчэ такі прамежкавы варыянт: скажам, ад улады ў Расеі адыходзіць той чалавек, які ініцыяваў і арганізоўваў акупацыю Крыму, а да ўлады прыйдуць больш здаровыя думаючыя людзі, якія сапраўды клапоцяцца пра сваю дзяржаву. Гэта значыць — сыход Пуціна.

Але дыктатары, тыя ж Сталін ды Гітлер, у першую чаргу вельмі добра распрацоўвалі сыстэму асабістай бясьпекі, таму казаць пра які-небудзь пераварот складана, хоць гэта і ня выключана. Мы бачым, што асабістыя і сэктаральныя санкцыі Захаду вельмі балюча б’юць па эканоміцы Расеі, па людзях у атачэньні Пуціна, і ясна, што гэта ў іх вялікага захапленьня не выклікае.

Калі казаць, скажам, пра базавыя інтарэсы Расейскай Фэдэрацыі, пра тое, што яна мае ў гэтай сытуацыі рабіць, — то, вядома, трэба неадкладна сыходзіць з Крыму. У базавых інтарэсах Расеі наагул было не дапусьціць такой авантуры, але калі гэта ўжо зьдзейсьнена, то трэба неяк сытуацыю выпраўляць.

І цяпер жа пытаньне ня толькі ў тым, што акупанты павінны пакінуць акупаваную тэрыторыю. А хто будзе адказваць за тысячы забітых нашых грамадзян? За забітых грамадзян Расейскай Фэдэрацыі? За разбураныя гарады і вёскі? За нанесеную нашай краіне вялізную матэрыяльную шкоду, якая вымяраецца сотнямі мільярдаў даляраў?

Гэта значыць, неабходны нейкі трыбунал, які будзе судзіць злачынцаў. Але гэта ўжо, так бы мовіць, канчатковы варыянт. У першую чаргу, вядома, трэба вызваляць акупаваныя тэрыторыі.

Цяперашняя расейская дзяржава, яе кіраўніцтва, да гэтага пакуль не гатовыя. А каб яны лепш падрыхтаваліся да такога кроку, я думаю, неабходна проста рабіць санкцыі больш жорсткімі. Санкцыі павінны быць такія, каб пазбавіць магчымасьці гэтую дзяржаву паводзіць сябе так па-хуліганску на міжнародным узроўні.

Цяпер існуюць два віды санкцыяў — з-за акупацыі Крыму і з-за вайсковых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны. Лічу гэта вялікай памылкай, хоць ёсьць нейкія падставы, чаму так адбылося. Украіна была ў такім слабым становішчы, а трэба было любымі шляхамі спыніць ваенныя дзеяньні на ўсходзе, і таму яны ня ўнесьлі ў менскія пагадненьні ніводнага слова пра Крым.

— А вы выходзілі з такімі прапановамі да ўладаў Украіны?

— Па-першае, калі зьявілася гэтае менскае пагадненьне, яго тэксту не было ў друку. Ніхто з намі не кансультаваўся, ня раіўся. Яны ў рамках таго фармату так вырашылі.

А калі мы пачалі гаварыць: чаму там няма Крыму? — нам адказалі, што гэта першы этап — забесьпячэньне тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны на ўсходзе, а Крым будзе другім этапам. Але такім чынам мы страцілі тую плятформу, калі можна казаць пра Крым. Цяпер мы гаворым пра тое, што трэба стварыць новую плятформу.

У Бялградзе на нарадзе міністраў замежных спраў я прапанаваў, каб гэтая плятформа базавалася на падпісантах Будапэшцкага мэмарандуму 1994 году — гэта Вялікая Брытанія, ЗША і Расея, хоць вядома, што Расея ня будзе далучацца.

Тое, што ў Крыме створаная такая магутная вайсковая база з прыкметамі таго, што там ужо можа быць і ядзерная зброя, стварае пагрозу для ўсяго Чарнаморскага рэгіёну.

Але цяпер наш прэзыдэнт Парашэнка высунуў ідэю «Жэнэвы +», калі ідзецца пра ўдзельнікаў жэнэўскага пагадненьня і іншыя краіны, напрыклад Чарнаморскага рэгіёну. Бо тое, што ў Крыме створаная такая магутная вайсковая база з прыкметамі таго, што там ужо можа быць і ядзерная зброя, стварае пагрозу для ўсяго Чарнаморскага рэгіёну. І мы кажам, што ў гэтых перамовах, на гэтай пляцоўцы павінны ўдзельнічаць у першую чаргу Турэччына, Грузія, Румынія, напэўна і Баўгарыя.

Ясна, што Расея будзе адмаўляцца, бо зыходзіць з пазіцыяў, што Крым — частка Расейскай Фэдэрацыі. Таму трэба ствараць умовы, калі Расея вельмі захоча весьці такія перамовы. Яе трэба прывесьці ў такі стан, пры якім ня будзе іншага выйсьця. А гэта — санкцыі, санкцыі і яшчэ раз санкцыі. Больш тут нічога і ня зробіш.

ПРА СТАСУНКІ З РАСЕЙСКІМІ ЎЛАДАМІ

— Перад правядзеньнем крымскага рэфэрэндуму з вамі размаўляў Пуцін. А цяпер расейскія ўлады ці спрабуюць усталяваць з вамі непасрэдныя кантакты? Бо яны ж, напэўна, разумеюць, што без падтрымкі з боку крымскіх татараў немагчымае разьвіцьцё Крыму?

— Расейскую ўладу не цікавіць разьвіцьцё Крыму. Крым ужо цяпер ператварыўся ў такое балота... Без вады, без электрычнасьці.

Крым для іх будзе заўсёды датацыйным рэгіёнам. Паводле расейскіх эканамічных экспэртаў, патрэбна штогод як мінімум 4–5 мільярдаў даляраў. Вытворчасьці там няма, міжнароднага турызму быць ня можа з-за санкцыяў, і яны ніколі ня будуць зьнятыя, пакуль Крым пад акупацыяй.

Для Расеі, вядома, вельмі важна было б, каб прадстаўнікі карэннага народа, у першую чаргу Мэджліс каб прызнаў акупацыю адпаведнаю інтарэсам крымскіх татараў. І, уласна, вось тое запрашэньне ў Маскву, размова з Пуціным былі падпарадкаваныя гэтаму кірунку. Яны не скупіліся, абяцалі залатыя горы, прадстаўніцтва ў органах улады, забесьпячэньне ўсіх правоў...

Але паколькі не дамовіліся, то яны паспрабавалі раскалоць Мэджліс — кагосьці падкупіць, кагосьці шантажаваць... Але ў гэтым яны таксама вялікага посьпеху не дамагліся. Потым яны вырашылі склікаць нацыянальны зьезд крымскіх татараў. Але і гэтага таксама не адбылося.

Яны спрабуюць зьбіраць крымскіх татараў вакол людзей, якія адпрэчаныя ў нашай супольнасьці: ім прыстойныя людзі рукі не пададуць, за стол ня сядуць.

А потым яны пачалі ствараць нейкія арганізацыі, якія б прэтэндавалі на прадстаўніцтва народа. Яны стварылі дзьве арганізацыі: «Крым» і «Крым Бірлігі», на чале апошняй — былы кіраўнік Генічэскай дзяржаўнай адміністрацыі пры Януковічу, якога цяпер расшукваюць украінскія ўлады за крадзяжы ў асабліва буйных памерах.

Яны спрабуюць зьбіраць крымскіх татараў вакол людзей, якія адпрэчаныя ў нашай супольнасьці: ім прыстойныя людзі рукі не пададуць, за стол ня сядуць. І цяпер іх апошняе намаганьне — забараніць Мэджліс, абвясьціць яго ці то тэрарыстычнай, ці то экстрэмісцкай арганізацыяй.

СЯМ’Я Ў ЗАКЛАДНІКАХ

— Але на пэрсанальныя кантакты Расея не выходзіць?

— Наступ адбываецца па некалькіх кірунках. Яны спрабуюць дыскрэдытаваць, розныя фільмы выпускаюць, публікацыі — ілжывыя, прымітыўныя.

Ну, скажам, мяне абвінавачваюць у тым, што мяне судзілі не паводле палітычных матываў, а паводле крымінальных — ці то за рабунак, ці то за згвалтаваньне. Але гэта абсурдна, таму што ў інтэрнэце ёсьць усе мае прысуды. У мяне сем судзімасьцяў, і ўсе яны маюць палітычную афарбоўку. Але ад безвыходнасьці яны пускаюцца на такія рэчы.

Другое, яны ж майго сына ў закладніках трымаюць, вывезьлі яго ў Астраханскую вобласьць, утрымліваюць у страшных умовах, у каменным мяшку, ужо чатыры месяцы не выпускаюць, стан ягонага здароўя жудасны, і ўвесь час намякаюць, што калі, маўляў, дамовімся, то сын вернецца дадому. Вось такія ў іх гнюсныя мэтады. Беспэрспэктыўныя мэтады, я б сказаў.

Мустафа Джэмілеў разглядае фота зь сямейнага архіву

Мустафа Джэмілеў разглядае фота зь сямейнага архіву

— Ваша жонка дагэтуль жыве ў Крыме?

— Яна ў Крыме. Яна баіцца выяжджаць. Мы вельмі рэдка зь ёй бачымся. Апошні раз бачыліся летась у жніўні, на Сусьветным кангрэсе крымскіх татараў у Анкары.

Яна баіцца сюды прыехаць, таму што ўсё залежыць ад самавольства тых гэтак званых уладаў. Яны могуць проста не пусьціць назад, а там старая хворая маці, наш дом, нашы сваякі, уся гаспадарка там.

І больш за тое, мы ж заклікаем суайчыньнікаў не пакідаць Крым, як бы там цяжка ні было. А калі жонка Мустафы Джэмілева выедзе, то тады нашы заклікі будуць дэвальваваныя.

ГРАМАДЗЯНСКАЯ БЛЯКАДА І ПАЛІТВЯЗЬНІ

— А грамадзянская блякада Крыму выявілася пасьпяховай, на ваш погляд?

Блякада адразу атрымала шырокую падтрымку ўкраінскай супольнасьці. І, адпаведна, улады вымушаныя былі карэктаваць свае пазыцыі, улічваючы грамадзкую думку.

— Блякада адразу атрымала шырокую падтрымку ўкраінскай супольнасьці. І, адпаведна, улады вымушаныя былі карэктаваць свае пазыцыі, улічваючы грамадзкую думку. І сказаць, што з боку ўлады было супрацьдзеяньне, я не магу.

Харчовая блякада была першым этапам. Потым мы гаварылі пра неабходнасьць ануляваньня дамовы на пастаўку электраэнэргіі, таму што, па-першае, яна была эканамічна нявыгаднай украінскай дзяржаве. Хоць міністар энэргетыкі казаў процілеглае, але мы на лічбах даказалі, што гэта ня так.

Але самае галоўнае, што ў дамове было напісана, што электраэнэргія пастаўляецца ў Фэдэральную акругу Расеі — Рэспубліку Крым. Гэта як быццам бы прызнаньне Ўкраінай законнасьці, што Крым у складзе Расеі.

Гэта выклікала вялікае абурэньне. Яцанюк нават казаў пра тое, што неабходна гэтую справу перадаць у Генэральную пракуратуру і расьсьледаваць, як і пры якіх абставінах падпісвалася гэтае пагадненьне. І зноў усё ў паветра сышло.

Але ажыцьцявілі і харчовую, і энэргетычную блякаду. І калі ўжо абмяркоўвалася пытаньне, што будзе ў 2016 годзе, размова пайшла — ці трэба заключаць з Расеяй новае пагадненьне аб пастаўках электраэнэргіі.

Мы настойвалі, каб у дамове было напісана, што электраэнэргія пастаўляецца ў АРК (Украіна), часова акупаваную Расейскай Фэдэрацыяй. А ўжо пасьля гэтага маем дамаўляцца пра цэны і пра вызваленьне палітвязьняў.

Мы настойвалі, каб у дамове было напісана, што электраэнэргія пастаўляецца ў АРК (Украіна), часова акупаваную Расейскай Фэдэрацыяй. А ўжо пасьля гэтага маем дамаўляцца пра цэны і пра вызваленьне палітвязьняў.

Але як толькі нашы патрабаваньні былі апублікаваныя, Пуцін адразу ж заявіў, што ён, маўляў, спытае ў насельніцтва Крыму, ці згоднае яно з такой фармулёўкай, каб атрымліваць электраэнэргію. І літаральна на наступны дзень яны апублікавалі дадзеныя апытаньня, згодна зь якімі нібыта 93 адсоткі заявілі, што гатовыя пацярпець, але каб дамовы з такой фармулёўкай не было.

Мы потым цікавіліся, ці праводзілася такое апытаньне. Выявілася, апытвалі праз тэлефон, а людзі баяліся шчыра адказваць, таму што сказаць «так, я згодны на гэтую фармулёўку, што Крым у складзе Ўкраіны» — гэта ж падпадае пад артыкул у Крымінальным кодэксе РФ — замах на тэрытарыяльную цэласнасьць Расеі, а там да пяці гадоў пазбаўленьня волі.

— Крымскататарскія актывісты перасьледуюцца ў Крыме спэцслужбамі, шмат хто ўтрымліваецца ў СІЗА. А чаму крымскататарскі народ не акцэнтуе ўвагу сусьветнай супольнасьці на сваіх вязьнях сумленьня — як, напрыклад, адбываюцца акцыі ў падтрымку Надзеі Саўчанкі?

— Мы пра гэта таксама гаворым. Сказаць, што гэта проста недапрацоўка або недастатковы ўзровень мысьленьня... Я згодны, ва ўкраінскім грамадзтве недастаткова аддаецца ўвага крымскім палітвязьням. І калі, скажам, гаворыцца пра вызваленьне палітвязьняў, то крымскататарскіх вязьняў чамусьці ня ўзгадваюць. Ёсьць, вядома, падставы для прэтэнзіяў.

ПАСТКА ДЛЯ БЕЛАРУСІ

— На вашу думку, у Беларусі магчымы паўтор крымскага сцэнару?

— Акупацыя Крыму шмат для каго ў сьвеце стала поўнай нечаканасьцю. Тым больш за некалькі тыдняў да гэтых падзей Пуцін цалкам выразна казаў, што гэта абсурд і ў іх няма ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзіяў на Крым. Але тым ня менш адбылося.

Уласна кажучы, сьвет павінен быў вельмі занепакоіцца пасьля расейска-грузінскай вайны ў жніўні 2008 году. Але, на жаль, ні сусьветная супольнасьць, ні Ўкраіна не адрэагавалі.

Тады, наколькі я памятаю, гучней за ўсіх крычалі крымскія татары пра тое, што наступным на чарзе можа быць Крым. І мы прапаноўвалі захады, каб супрацьстаяць гэтаму. Але практычна нічога не было зроблена. А пасьля прыходу Януковіча ўсё рабілі з дакладнасьцю да наадварот.

Мы гаварылі пра дэнансацыю дамовы аб знаходжаньні Чарнаморскага флёту ў Крыме, а яе падоўжылі яшчэ на 25 гадоў. Мы казалі пра тое, што трэба дэзынфікаваць структуры ўлады ў Крыме, таму што яны інфільтраваныя расейскай выведкай, — а наадварот, падтрымлівалі прарасейскія сілы.

А галоўным аб’ектам сачэньня стаў Мэджліс крымскататарскага народа. Бо была такая дырэктыва, што галоўную небясьпеку на тэрыторыі Крыму ўяўляюць крымскія татары.

Калі хто-небудзь думае, што Расея супакоіцца на Крыме і далей нікуды ня пойдзе, то ён памыляецца. Таму і пытаньне вызваленьня Крыму — ня столькі пытаньне абароны тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны ці крымскіх татараў. Калі вы ня спыніце агрэсара зараз, тады вы пабачыце боты расейскага агрэсара ў сябе дома таксама.

Цяпер зноў мы гаворым пра тое, што калі хто-небудзь думае, што Расея супакоіцца на Крыме і далей нікуды ня пойдзе, то ён памыляецца. Таму і пытаньне вызваленьня Крыму — ня столькі пытаньне абароны тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны ці крымскіх татараў, якіх там не набярэцца нават паўмільёна, а абарона вашых уласных інтарэсаў. Калі вы ня спыніце агрэсара зараз, тады вы пабачыце боты расейскага агрэсара ў сябе дома таксама.

— А што можа зрабіць беларуская ўлада і Лукашэнка, каб ня трапіць у расейскую пастку?

— Беларусь павінна паводзіць сябе выразна як незалежная дзяржава. Ня ведаю, можа ад празьмернай эканамічнай залежнасьці ад Расеі, але Беларусь не зусім незалежная дзяржава. Хоць, праўда, часам ёсьць разумныя ноткі ў словах Лукашэнкі, калі ён казаў пра тое, што Крым бяз бою здалі. Але, па-першае, Беларусь павінна стаць дэмакратычнай дзяржавай, зь якою б лічылася сусьветная супольнасьць. І пакуль там аўтарытарны рэжым, сказаць, што Беларусь у бясьпецы, яе сувэрэнітэт у бясьпецы, цяжка. Або рэжым Лукашэнкі павінен быць неяк больш лібэралізаваны, або там павінна адбыцца зьмена ўлады.

ХТО ДАПАМАГАЕ

— Цяпер ва Ўкраіне ствараецца шмат інфармацыйных праектаў, якія фінансуюцца Турэччынай. Гэтая краіна больш зацікаўленая ў вызваленьні Крыму, чым улады Ўкраіны?

— Вядома, дэакупацыя Крыму адпавядае інтарэсам украінскай дзяржавы. Але іншае пытаньне, наколькі разумна дзейнічаюць нашы палітычныя сілы. Калі краіна ў такім крытычным становішчы, усе павінны былі б страпянуцца і ў першую чаргу думаць пра краіну. Але, на жаль, пакуль гэтага няма.

Што да праектаў. Я б не сказаў, што ў Турэччыне шмат праектаў. Проста мы, не знаходзячы нейкай дастатковай падтрымкі ў сваёй краіне, вымушаны зьвяртацца да іншых краін.

Вось канал АТР, які разгромлены ў Крыме, вымушаны вяшчаць з тэрыторыі Ўкраіны. Але ён ужо вяшчаць ня можа, таму што ўладальнік тэлеканалу Ленур Ісьлямаў — адзін-адзіны мільянэр сярод крымскіх татар — цалкам зруйнаваны. Яго маёмасьць зрабаваная, арыштаваная, і ён ужо ня можа фінансаваць гэты канал. А гэта адзіны канал, які кругласутачна глядзяць крымскія татары, дый ня толькі — канал ужо быў папулярны да моманту акупацыі.

Дзяржава не выдзяляе сродкаў, і мы вымушаныя шукаць, хто нам дапаможа, каб гэтае вяшчаньне працягвалася. (...) Але захаваньне канала мае калясальнае значэньне ў барацьбе за розумы грамадзянаў, якія жывуць у Крыме.

Дзяржава не выдзяляе сродкаў, і мы вымушаныя шукаць, хто нам дапаможа, каб гэтае вяшчаньне працягвалася. На ўтрыманьне гэтага канала патрэбна максымум 2,5–3 мільёна даляраў у год. Для дзяржавы гэта няшмат. Але захаваньне канала мае калясальнае значэньне ў барацьбе за розумы грамадзянаў, якія жывуць у Крыме.

Крымскія татары хацелі ўжо па дамах зьбіраць грошы для тэлеканала. Справа нават ня ў тых грошах, а ў тым, што як толькі ФСБ даведаецца, што людзі зьбіраюць грошы для варожага для іх канала, яны ж будуць зазнаваць рэпрэсіі. Нам пакуль не ўдаецца растлумачыць.

— Але ўрад Украіны ўжо выдзеліў грошы для пагашэньня доўгу канала перад швэдзкай кампаніяй, якая ажыцьцяўляе яго спадарожнікавую трансьляцыю...

— Так, быццам бы гаворка пра 5 мільёнаў грыўняў. Гэта для пагашэньня доўгу. Але як далей існаваць? Мы пра гэта вельмі сур’ёзна гаварылі з прэзыдэнтам Парашэнкам. Паводле ягонага распараджэньня грошы павінны былі выдзеліць на канал АТР. Але паколькі ў адпаведнасьці з украінскім заканадаўствам нельга выдзяляць грошы на прыватны канал, у бюджэце сфармулявана так: для вырашэньня сацыяльных праблем крымскіх татараў, вымушаных перасяліцца на мацерыковую частку Ўкраіны. А як гэта трансфармаваць на канал? Патрэбныя рычагі нейкія. Дый потым, 40 мільёнаў грыўняў недастаткова. Гэтым можна пакрыць прыкладна палову выдаткаў, а астатнюю частку ўсё роўна трэба шукаць.

Мустафа Джэмілеў разглядае фота зь сямейнага архіву

Мустафа Джэмілеў разглядае фота зь сямейнага архіву

ЦІ БУДЗЕ АЎТАНОМІЯ

— Крымскія татары застаюцца асноўнай рухаючай сілай у барацьбе за Крым. А што павінна зрабіць украінская ўлада пасьля вызваленьня Крыму? Як вы адчуваеце, яна пагодзіцца на крымскататарскую аўтаномію, якой супраціўлялася ўвесь той час, пакуль Крым быў часткай Украіны?

— Асноўнае патрабаваньне пасьляваеннага руху крымскіх татараў — пасьля дэпартацыі, генацыду — было вяртаньне ўсяго народу на сваю тэрыторыю і аднаўленьне нацыянальнай тэрытарыяльнай аўтаноміі.

Мы ня кажам пра тое, што гэта нейкая выключная крымскататарская аўтаномія. Мы гаворым пра аўтаномію, якая б улічвала законныя інтарэсы карэннага народа. Гэта значыць, каб былі мэханізмы абароны яго базавых правоў, функцыянаваньня мовы, адэкватнага прадстаўніцтва ва ўсіх структурах улады з тым, каб не дыктаваць сваю волю, а мець магчымасьць абараняць свае законныя правы.

Цяпер украінскае грамадзтва дарасло да гэтага, і прэзыдэнт казаў пра тое, што пры складаньні новай Канстытуцыі трэба абавязкова ўлічваць гэты факт. Не абавязкова гэтую аўтаномію называць крымскататарскай, хай будзе ранейшая назва — Аўтаномная Рэспубліка Крым. Але Канстытуцыя новай аўтаноміі павінна мець вось гэтыя мэханізмы.

Размова не пра перавагі нейкаму этнасу. Гэта абсурд. Да прыкладу, у той жа Расейскай Фэдэрацыі ёсьць рэспублікі, дзе карэнны народ складае меншасьць, напрыклад, Башкірыя — 30 адсоткаў, Карэлія — 11 або 12 адсоткаў.

Амаль увесь склад усяго кіраўніцтва, ня толькі аўтаноміі, але і службы бясьпекі, пракуратуры, міліцыі на 90 адсоткаў здаўся акупантам. А калі б там былі прадстаўнікі карэннага народа, была б зусім іншая карціна.

Ёсьць сілы, якія супрацьстаяць гэтаму, гэта, у першую чаргу, прарасейскія сілы, бо яны цудоўна разумеюць, што калі б была нацыянальная тэрытарыяльная аўтаномія, то было б значна складаней акупаваць Крым. Зьвярніце ўвагу, амаль увесь склад усяго кіраўніцтва, ня толькі аўтаноміі, але і службы бясьпекі, пракуратуры, міліцыі на 90 адсоткаў здаўся акупантам. А калі б там былі прадстаўнікі карэннага народа, была б зусім іншая карціна.

Расейцы таксама гэта выдатна разумеюць. І таму ўсе гады незалежнасьці расейская прапаганда была скіраваная супраць Мэджлісу як аднаго з галоўных ворагаў, і супраць крымскіх татараў як галоўнай пагрозы бясьпецы Ўкраіны. Казалі, што гэта другое Косава, якое потым стане другой Чачнёй. Так запалохвалі ўкраінскую дзяржаву крымскататарскім пытаньнем.

ВАЙНА — НЯДОБРАЯ ШТУКА

— А ці не падаецца вам, што, чым больш Крым застаецца пад акупацыяй, тым менш магчымасьцяў яго вярнуць, улічваючы, што Расея можа зьвярнуцца да інструмэнтаў, якія шырока выкарыстоўваліся ў савецкі час — напрыклад, замясьціць крымчан сваімі грамадзянамі?

— Мы даўно на гэта зьвяртаем увагу. Расея груба парушае Жэнэўскія пагадненьні аб статусе акупаваных тэрыторыяў. А там адпаведны артыкул кажа пра тое, што акупант ня мае права прывозіць сваё цывільнае насельніцтва на акупаваную тэрыторыю і ня мае права перасяляць мясцовае насельніцтва.

Толькі паводле афіцыйных дадзеных, каля паўтары тысячы супрацоўнікаў адміністрацыяў у Крыме прывезеныя з Расеі. Ідзе пастаянная замена нават тых калябарантаў, якія перайшлі на іх бок.

Але гэта робіцца. Толькі паводле афіцыйных дадзеных, каля паўтары тысячы супрацоўнікаў адміністрацыяў у Крыме прывезеныя з Расеі. Ідзе пастаянная замена нават тых калябарантаў, якія перайшлі на іх бок. У тым ліку і ў вайсковых структурах, службе бясьпекі, пракуратуры.

Некаторым нават у асабістых справах пішуць «нядобранадзейны, схільны да здрады». Іх стараюцца выправадзіць за межы Крыму, адправіць на службу ў далёкія вайсковыя часьці Расеі.

Гэта адбываецца, і вось чаму для іх галоўная перашкода — зноў-такі крымскія татары, каб прымусіць іх пакінуць Крым. Таму адбываюцца застрашвальныя рэчы — выкраданьні і забойствы людзей. Больш за 200 ператрусаў у дамах, кватэрах, мячэцях, зь іх у 95 адсотках — у крымскіх татараў. Гэта значыць, асноўны ўдар ідзе па крымскіх татарах, каб стварыць умовы для вымушанага ад’езду з Крыму.

Яны ж ня могуць, як у 1944 годзе, пасадзіць усіх па вагонах і дэпартаваць. Але яны вярнуліся да той стратэгіі, якая была пасьля першай акупацыі пры Кацярыне, калі таксама не было вагонаў, — адбіралі зямлю, апаганьвалі мячэці, то бок стваралі ўмовы, пры якіх карэнны народ масава пакідаў тэрыторыю Крыму. Цяпер толькі ў Турэцкай Рэспубліцы жыве нашчадкаў выхадцаў у 10 разоў больш, чым у самім Крыме.

Такая стратэгія ў іх ёсьць. Але я ня думаю, што ім удасца прымусіць крымскіх татараў пакінуць Крым. Хоць ім цяпер там вельмі цяжка.

Фота зь сямейнага архіву Мустафы Джэмілева

Фота зь сямейнага архіву Мустафы Джэмілева

— А як вы цяпер жывяце бяз Крыму, без радзімы, безь сям’і?

— Я ж значную частку свайго жыцьця правёў не ў камфартабэльных умовах. Таму адна справа там — у камэры знаходзіцца, дзе чатыры сьцяны, лягер зь цяжкімі ўмовамі. А іншая справа — жыць у велізарным прыгожым горадзе, у асяродзьдзі людзей, якія цябе паважаюць.

У асабовым пляне нейкага дыскамфорту няма. Але ясная справа — там мае родныя, там мая жонка, там мая сям’я, мой дом, усе мае блізкія.

Але што рабіць? Вайна — нядобрая штука. А што казаць пра маё самаадчуваньне, калі ў нас штодня гінуць людзі? Мы ўжо страцілі каля 6 тысяч суграмадзян. Таму мой дыскамфорт — нішто, у параўнаньні з тым, што маладыя людзі, адданыя сваёй радзіме, гінуць ад рук расейскіх акупантаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG