Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Герой-дэпутат або махляр і шпіён?


Сямён Сяменчанка ў кастрычніку 2014 году.
Сямён Сяменчанка ў кастрычніку 2014 году.

Пракуратура падазрае ўкраінскага дэпутата, былога камандзіра батальёну «Данбас» Сямёна Сяменчанку ў працы на Крэмль.

Словазлучэньне «расейскі агент» сёньня ўсё часьцей гучыць ва Ўкраіне і ў Вярхоўнай Радзе, і з вуснаў кіраўнікоў Службы бясьпекі, і на шматлікіх судовых працэсах.

Найбольшая колькасьць крамлёўскіх агентаў, як заяўляюць украінскія радыкалы, акупавалі Вярхоўную Раду і кабінэты выканаўчай улады. З падачы пракуратуры пад падазрэньне трапіў і былы камандзір добраахвотніцкага батальёну «Данбас», а цяпер адзін з жорсткіх крытыкаў дзейнага прэзыдэнта Ўкраіны і яго каманды, дэпутат парлямэнцкай фракцыі «Самадапамога» Сямён Сяменчанка.

Экс-камбат: з маёраў ў шараговыя

Сустрэцца з Сямёнам Сяменчанкам ў Кіеве і запісаць зь ім інтэрвію асабіста карэспандэнту Свабоды не ўдалося. У апошнія тыдні ён практычна не пакідае Крывы Рог, дзе ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі як адзін з ключавых кандыдатаў на пасаду мэра гораду. Пасьля таго, як у мінулую восень мясцовы выбаркам абвясьціў тут пра перамогу ранейшага кіраўніка горада Юрыя Вілкула з перавагай 752 галасы над апазыцыйным кандыдатам, пачаліся пратэсты гараджан, якія, у тым ліку, мітынгавалі і ў Кіеве, заяўляючы аб падтасоўцы вынікаў галасаваньня. Гэтыя акцыі праходзілі пры падтрымцы Сяменчанкі і яго калегі па парлямэнцкай фракцыі «Самадапамога» Ягора Собалева. У выніку Вярхоўная Рада прызначыла датэрміновыя выбары ў Крывым Рогу на 27 сакавіка.

Прадстаўнікі прэс-службы Сямёна Сяменчанкі падалі Радыё Свабода яго адказы на пытаньні, адпраўленыя па электроннай пошце. Ніжэй — урыўкі:

— Яшчэ задоўга да выхаду парлямэнцкай фракцыі «Самадапамога» з кааліцыі, членам якой вы зьяўляецеся, і да ўдзелу ў перадвыбарнай гонцы за пасаду мэра Крывога Рога ва ўкраінскай прэсе пачалі зьяўляцца матэрыялы пра вашае цёмнае мінулае, а 22 сьнежня мінулага года вас пазбавілі афіцэрскага званьня. Вы сьцьвярджаеце, што супраць вас праводзіцца кампанія па дыскрэдытацыі. Хто яе арганізатары?

Дыскрэдытацыя мяне асабіста пачалася адразу пасьля заключэньня першых Менскіх пагадненьняў

— Дыскрэдытацыя мяне асабіста пачалася адразу пасьля заключэньня першых Менскіх пагадненьняў па ўрэгуляваньні канфлікту ў Данбасе 15 верасьня 2014 года. Людзі, якія актыўна арганізоўвалі гэтую кампанію, — гэта і былы міністар абароны Ўкраіны Валерый Геляцей і начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Ўкраіны генэрал арміі Віктар Мужэнка. Далей падключылася палітычны складнік. Фактычна кампанія па маёй дыскрэдытацыі стартавала пасьля спыненьня нашымі байцамі гуманітарных канвояў для жыхароў Данбаса, што накіроўваюцца алігархам Рынатам Ахметавым, — такім чынам мы дамагаліся вызваленьня ўсіх украінскіх вайскоўцаў, якія ўтрымліваюцца на акупаваных тэрыторыях, і захопленых раней пад Ілавайскім. Затым падключыліся піяр-агенцтва з «Апазыцыйнага блёку».

І, нарэшце, апошнія падзеі, якія ўжо былі бліжэй да выбараў у Крывым Рогу, — гэта падзеі 22 сьнежня 2015 году. Непасрэдным выканаўцам зьяўляліся генпракурор Украіны Віктар Шокін і былы выканаўца абавязкаў камандуючага Нацыянальнай гвардыяй Украіны генэрал Мікалай Балан. Рэч у тым, што паводле закону пазбавіць воінскага званьня можна двума шляхамі: калі ёсьць прысуд суду па зьдзяйсьненьні цяжкага крымінальнага злачынства або калі ёсьць дысцыплінарнае спагнаньне. У мяне няма ні таго, ні іншага. Акрамя таго, я узнагароджаны ордэнам Багдана Хмяльніцкага III ступені і нагрудным знакам «За доблесную службу» ў Нацыянальнай гвардыі...

Сяменчанка або Грышын?

Украінскі журналіст Уладзімір Бойка, які ў адным з сюжэтаў тэлеканалу «Інтэр» абвінаваціў Сяменчанку ў падробцы дакумэнтаў і працы на расейскую ФСБ, сьцьвярджае, што экс-камбату «Данбаса» удалося сабраць некалькі дзесяткаў мільёнаў грыўняў і некалькі мільёнаў даляраў для добраахвотнікаў, якія нібыта аселі ў яго кішэнях.

У інтэрвію Радыё Свабода Ўладзімір Бойка распавядае, чаму ён перакананы, што Сямён Сяменчанка — махляр, які можа працаваць на расейскія спэцслужбы:

Я магу сьцьвярджаць, што ён — махляр.

— Больш за год я дасьледую біяграфію цяперашняга дэпутата Вярхоўнай Рады, які называе сябе Сямёнам Сяменчанкам. Я магу сьцьвярджаць, што ён — махляр, раней судзімы грамадзянін Украіны, які не зьяўляецца тым чалавекам, за якога сябе выдае. Яго сапраўднае імя — Канстанцін Грышын. Падчас журналісцкага расьсьледаваньня мне ўдалося высьветліць, што ёсьць факты, якія кампрамэтуюць яго біяграфію. І гэтыя факты былі выкарыстаныя расейскімі спэцслужбамі пасьля акупацыі Расеяй Крыму. Сяменчанка — ураджэнец Севастопаля, ён там нарадзіўся, доўга пражываў і менавіта там ў 1996 годзе быў арыштаваны і восем месяцаў утрымліваўся ў СІЗА.

У Севастопалі Сяменчанка працаваў бармэнам ў бары «Абалонь», яго арыштавалі па абвінавачваньні ў зьдзяйсьненьні шэрагу злачынстваў — ад незаконных валютных апэрацый да ўтойваньня крадзенага. Ленінскі раённы суд Севастопалю прысудзіў яго да аднаго году і шасьці месяцаў зьняволеньня. У сувязі з прыняцьцем першай Канстытуцыі Ўкраіны летам 1996 года ў сьнежні таго ж году ён быў амніставаны і выйшаў на волю (сам Сяменчанка у інтэрвію ўкраінскаму інтэрнэт-выданьню LВ раней пацьвердзіў, што сапраўды быў арыштаваны, але не ў 1996, а ў 1995 годзе, і восем месяцаў утрымліваўся ў Севастопальскім СІЗА, але пры гэтым сьцьвярджаў, што яго затрымалі па іншым артыкуле — «аб неданясеньні аб злачынстве». — РС).

Цяпер Сяменчанка, нягледзячы на гэтае інтэрвію LB, апублікаванае 26 лістапада 2014 году, адмаўляе, што калі-небудзь утрымліваўся пад арыштам і быў судзімы. Чаму? Рэч у тым, што, як высьветлілася, усе матэрыялы крымінальнай справы ў дачыненьні да Грышына Канстанціна Ігаравіча былі вывезены з Севастопаля ў Маскву, таму Сяменчанка зьмяніў сваё прозьвішча, каб не маглі яго ідэнтыфікаваць, і цяпер сьмела заяўляе, што такіх фактаў у яго біяграфіі не было. Паколькі я даўно займаюся прававой журналістыкай, маю пэўныя сувязі, я азнаёміўся з матэрыяламі гэтай крымінальнай справы, якая цяпер знаходзіцца ў адной з расейскіх спэцслужбаў, і нават апублікаваў дактыляскапічную формулу Сяменчанкі з матэрыялаў гэтай справы. Для таго каб абвергнуць гэтую інфармацыю, Сяменчанку ўсяго толькі трэба паказаць свае рукі і даць добраахвотную згоду на правядзеньне дактыляскапічнай экспэртызы, і затым параўнаць з той дактыляскапічнай формулай, якую я апублікаваў. Яна унікальная і належыць аднаму чалавеку.

— Вы лічыце, што Сямён Сяменчанка можа быць агентам расейскіх спэцслужбаў?

— Агент ці не агент, пэўна могуць ведаць толькі два чалавекі: той, хто вэрбаваў, і той, каго вэрбавалі. Гэта досыць далікатныя адносіны. Але цяпер гаворка ідзе пра іншае. У біяграфіі народнага дэпутата Украіны ёсьць факты, якія могуць служыць падставай для вэрбоўкі. І ніводная спэцслужба сьвету, калі яна зацікаўлена ў атрыманьні такога агента, ня зможа прайсьці міма такіх фактаў і абавязкова гэтым скарыстаецца. Сяменчанка ўзмоцнена хавае ад ўкраінскага грамадзтва ганебныя факты сваёй біяграфіі. Ён запэўнівае, што быў афіцэрам, нібыта служыў на Чарнаморскім флёце, нібыта скончыў Вышэйшае ваенна-марское вучылішча імя П. С. Нахімава, — таму што ўсе архіўныя дакумэнты з Севастопаля вывезены ў Маскву.

Пракурор кажа пра справы супраць Сяменчанкі

Між тым, нягледзячы на заяву Уладзімера Бойкі пра тое, што батальён «Данбас» быў створаны толькі ўвосень 2014 года, пасьля парлямэнцкіх выбараў, існуе дастаткова шмат сьведчаньняў ўдзелу гэтага падразьдзяленьня пад кіраўніцтвам Сяменчанкі у баявых дзеяньнях на ўсходзе Украіны. Баец з пазыўным «Дабэрман», напрыклад, праслужыў пад камандаваньнем Сяменчанкі паўгода і абвінавачвае яго ў гібелі добраахвотнікаў пад Ілавайскам ў жніўні 2014 га.

Злачынца з прысвоеным ліпавым званьнем.

«Злачынца з прысвоеным ліпавым званьнем, які завёў маіх сяброў у Ілавайскі кацёл, сам зьліняў. Як яго паранілі, ведаеце? Неспадзявана стрэлілі, хлопчык атрымаў у попу раненьне, але затое яго на верталёце вывозілі, а там у нас байцы з адарванымі нагамі і рукамі. Ён баязьлівец, інтрыган. Ён загубіў многіх маіх сяброў, гэта эфэсбэшная кансэрва», — заявіў у інтэрвію«Інтэру» баец з пазыўным «Дабэрман».

Ваенны пракурор Украіны Анатоль Маціёс на адной з нядаўніх прэс-канфэрэнцый у Кіеве паведаміў, што ў дачыненьні да Сямёна Сяменчанкі расьсьледуецца крымінальная вытворчасьць па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу Ўкраіны, а менавіта артыкулаў 146, 358, 366 і 365 (незаконнае пазбаўленьне волі, перавышэньне службовых паўнамоцтваў, службовы падман, выкарыстаньне падробленых дакумэнтаў).

Дыктатура закону будзе працаваць у нашай украінскім дзяржаве ў дачыненьні да ўсіх без выключэньня.

«Дыктатура закону будзе працаваць у нашай украінскім дзяржаве ў дачыненьні да ўсіх без выключэньня. У тым ліку і ў дачыненьні да дэпутатаў-здраднікаў, судзьдзяў-хабарнікаў, здраднікаў у пагонах, ваенных агрэсараў з боку Расейскай Фэдэрацыі.

Як і ўсе іншыя справы, якія расьсьледуюць нашы сьледчыя, і гэтая справа будзе даведзеная да лягічнага завяршэньня з абвяшчэньнем адпаведных падазрэньняў і накіраваньнем яе ў суд», — запэўнівае Анатоль Маціёс. Калі сьледзтва будзе мець пераканаўчыя доказы віны Сямёна Сяменчанкі, Генэральная пракуратура можа зьвярнуцца да Вярхоўнай Рады з просьбай зьняць зь яго дэпутацкую недатыкальнасьць.

Поўны тэкст можна прачытаць тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG