Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабуля Хвядора зь вёскі Тонеж: «Я два разы кульнулася з гары — для весялосьці»


Калі не паехаць на сьвята гуканьня вясны ў вёску Тонеж Лельчыцкага раёну, якое тут называюць «Чырачкай», то можна ўсё жыцьцё памыляцца, думаючы, што ў Беларусі існуе толькі адна сьвятая птушка, наш спрадвечны татэм — белы бусел. Караткевіч, здаецца, першым назваў Беларусь «зямлёй пад белымі крыламі». І ўсе мы з вамі пад ягонымі, бусьлінымі, крыламі.

У Тонежы шануюць і бусла, але перадусім — чырачку, раней казалі — цырачку, арнітолягі часьцей называюць — чырок. Гэта невялічкая такая дзікая качачка, сьветла-попельнага колеру, з карычневай галоўкай. Ад вочак у яе й да патыліцы цягнецца зялёная палоска, ды яшчэ на крыле ёсьць такое ж зялёнае «люстэрачка».

Прылёт з выраю гэтай птушачкі — не жаўранка, не бусла, ня кнігаўкі — і пазначае ў Тонежы прыход вясны.

«Калі нашы продкі ехалі альбо ішлі на балота, каб напрадвесьні сена па лёдзе выцягнуць ці яшчэ па якой патрэбе, то першай яны сустракалі чырачку. От, і ведалі прашчуры, што вясна ўжо ідзе, што пакідаць на балоце далей стагі сена нельга, што пара да сяўбы рыхтавацца. Ад таго чырачцы ўся й пашана», — тлумачыць гісторыю ўзьнікненьня старадаўняга абраду абазнаная тонеская вяскоўка Марыя Карась.

«Ой, чырачка-пташачка»

На зыходзе масьленічнага тыдня — сёлета гэта прыпала на 13 сакавіка, — жанкі ў Тонежы замясілі цеста і напяклі багата адмысловых фігурных пернікаў у выглядзе птушачкі — канечне, чырачкі. Робіцца гэта, вядома ж, супольна, у хаце дбайнай гаспадыні. А калі хто выпеча й самастойна, таксама няблага — абы толькі былі тыя чырачкі-птушачкі. Іх жанкі ўкладваюць у плеценыя кошыкі, дадаючы яшчэ якіх прысмакаў — напрыклад, яечню зь печы ў чыгунку, пшанічную кашу, пампушкі, сырнікі ў сьмятане, — прыкрываюць усё гэта прыгожым ручніком і кіруюцца зь песьнямі на Чарнычову горку вясну гукаць, чырачку ўслаўляць, што вясну тую нясе на сваіх крылах.

Ой, чырачка-пташачка,
Не залетай далечко, не занось мойго венчыка.
Бо мой венчык — патрэбчык.
Братка жаніці, сястру замуж аддаці, вясельле спраўляці...

У дарозе да гары жанкі частуюць печывам-чырачкамі ўсіх, хто напаткаецца, запрашаючы гэткім чынам на самае высокае месца за вёскай — яно й да сонца бліжэй, і чырачцы здалёк відаць, як ёй у вёсцы рады.

Дынеўскія — ад Тонежа да Менску

Да той Чарнычовай горкі кілямэтры з два набярэцца. Таму мясцовыя мужчыны, хто мае коніка, запрагаюць фурманкі, каб падвезьці жанок да сакральнага месца. Ну, і музыку Міхася Дрынеўскага, сваяка й цёзку таго самага Міхася Дрынеўскага — кіраўніка нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь, абавязкова на фурманку бяруць — пад музыку й коні весялей пад горку ўзьбіраюцца.

Паперадзе ўсёй гэтай працэсіі зь зялёнай ялінкай, убранай рознакаляровымі папяровымі кветкамі, крочыць Фёдар Кондзік, невысокага росту васьміклясьнік мясцовай школы, важны на гэты момант і адказны. Ён у вышыванцы, з накінутай на плечы ад холаду курткай. Поруч зь ім дзяўчаткі-школьніцы, таксама ў сьвяточных строях, абавязкова з завязанымі квяцістымі хусьцінамі. Яны перад абрадам ялінку ўпрыгожылі, ведаючы ад мацярок і бабуль, што такая ялінка — сымбаль вясны, росквіту прыроды, сямейных повязяў і ў нейкім сэнсе ўсёй вясковай супольнасьці.

«Паводзім карагоды на гары — і я зацягну ялінку высока на дуб, каб і птушкі, і людзі бачылі, што вясна прыйшла, надзеі на лепшае прынясла», — тлумачыць сваю місію васьміклясьнік Фёдар.

Сунічна-чарнічная тэма

За веснавым авангардам на шастку нясе мажную ляльку — пудзіла Зімы — ліцэіст Арцём, дужы такі тонескі хлопец. Раставую ляльку на драўлянай крыжавіне гуртам зрабіла напярэдадні абраду мясцовая моладзь. Зрабіла з густам і сэнсам. На ляльцы сунічна-чарнічная кофта — гэта як мара тонежцаў пра хуткае лета. У лясах тады пойдуць грыбы, пасьпеюць чарніцы, і люд адвядзе душу ад зімовай млосьці — пойдзе зьбіраць усе гэтыя дары лесу, каб здаць нарыхтоўшчыкам і зарабіць такім чынам капейку. Бо калгас у Тонежы разваліўся, а працаваць мясцоваму люду, апроч лясьніцтва, па сутнасьці, няма дзе.

Сам Арцём адзеты ў зрэбны строй, падперазаны тканым чырвоным поясам, ды яшчэ з саламяным капелюшом на галаве. Зух дый толькі. Хлопец вучыцца ў Мазыры на будаўніка. Праз тры месяцы выпускаецца зь ліцэю — і марыць знайсьці добрую працу. Хоць у Лельчыцах, хоць у Мазыры.

Сакральная горка

Зь вясёлым гоманам грамада ўзьбіраецца на гару, дзе паміж разлапістых хвоек ужо палае вогнішча — мужыкі яшчэ зранку падвезьлі сюды дровы, назьбіралі сушэйшага гальля.

Да аднавяскоўцаў зычным, песенным голасам зьвяртаецца Марыя Карась:

«Блаславіце, людзі добрыя, вясну гукаці!»

Грамада дружна адгукаецца: «Бог благаслаўляе!»

«Давайце чырачку пагукаем — усе ў карагод!»

Узмахнуўшы рукамі, нібы крыламі, і старэйшыя, і маладзейшыя тонежцы ладзяць карагод — і гару апаноўвае ўзьнёслы песенны кліч:

«Агу, вясна, агу, красна, што ты нам вынесла: гаршчок масла, гаршчок сыру. Старым бабам па кіёчку, малым дзеткам — па яечку».

Веснавое шматгалосьсе ляціць да аблокаў, коціцца з гары, перасягаючы, як падаецца, лясы й гоні. І далятае з аднаго боку — ці не да Лельчыцаў, зь іншага — да старажытнага Турава, а на поўдні — ажно да ўкраінскай Жытоміршчыны.

І вось тут, на гэтай сакральнай тонескай гары, міжволі думаецца: а чаму гэты шчымліва-ўзьнёслы абрад, гэты радасны парыў душы палешука насустрач вясьне й сонцу, ня бачаць турысты — ні нашы, беларускія, ні ўкраінскія, ні заходнеэўрапейскія? Ініцыятывы бракуе, кемлівасьці, мэнэджэраў ці проста беларускасьці?

Фанцікі для Яшчура

Тым часам у сярэдзіну кола выходзіць Марыя Кондзік, маладая тонеская бібліятэкарка з голасам салісткі. Да яе далёка шмат якім выканаўцам дакучнай папсы, якая ўжо набіла аскому:

«Агу, вясна, агу, красна, чужыя маці ткуць кросны. Мая ж маці ня ткала, пад лёд мучкі насіла...»

І чуецца ў песьні спрадвечная мара дзяўчыны пра каханага хлопца, добрую жаночую долю й сямейнае гнязьдзечка.

Моладзь заводзіць гульнёвыя карагоды. Сярод іх — «Грушка»: яна расьце, цьвіце, прыносіць плады — і ўрэшце грушку трасуць. Яе па чарзе граюць многія тонескія дзяўчаткі, і ў гэтай жывой дзеі з элемэнтамі тэатралізацыі таксама навука — на будучае жыцьцё.

Вясёлым і дасьціпным выглядае і яшчэ адзін павучальны карагод — «Яшчур». У паганскія часы Яшчур на Палесьсі — гэта такі бог-зьмей, уладар мора і падземнай вады, якой жывіцца ўся расьліннасьць. Капішчы яго, вядома ж, каля балотаў, азёраў ды рэчак.

На гары Яшчурам на пэўны час становіцца ўжо вядомы нам тонескі ліцэіст Арцём. Яго садзяць у цэнтар на кукішкі, а вакол дзяўчаты пачынаюць вадзіць карагод, прыпяваючы:

Сядзіць, сядзіць яшчур,
Ладу-ладую,
Сярод карагоду,
Ладу-ладую.
Ён гарошык точыць,
Ладу-ладую,
Ён жаніцца хочыць,
Ладу-ладую.
—Бяры сабе пані,
Каторую хочаш?

Старэйшыя жанкі падахвочваюць: «Давай, Яшчур, дзяўчат багата!»

Яшчур выбірае з кола дзяўчыну, але тая сьпеўна адмаўляе:

Яшчур, панок,
Не бяры мой вянок.
Вазьмі лепей мой фант — бранзалет.

Калі фантаў назьбіраецца багата, Яшчур дастае з торбы фанцік, выклікае дзяўчыну да сябе ў цэнтар кола і дае заданьні — пасьпяваць, паскакаць альбо нават пацалаваць. Іначай рэч сваю не атрымаеш. Экзамэн часам падказвае грамада, каб выглядала сьмяшней і весяліла дзяўчат, а заадно дапамагала выяўляць, хто на што здатны.

Ялінка на дубе

Навесяліўшыся ўволю, тонежцы спускаюцца з макаўкі гары на паўсотні мэтраў ніжэй, да магутнага дуба. Тут ужо настае чарга Фёдара — лезьці зь ялінкай на дуб, замацаваць яе вышэй, каб усім здалёк было бачна: вясна прыйшла!

Карагод водзяць і вакол дуба, як бы абуджаючы і яго да жыцьця.

І тут ужо настае кульмінацыйны момант — паляць пудзіла Зімы.

Ляльку хлапцы ставяць у цэнтар вогнішча, яе адзежа пачынае дыміць, а пасьля й бярэцца зыркім полымем. Жанкі ў песьнях славяць прыход вясны, а пасьля, узяўшыся за рукі папарна, выстройваюцца ў ручаёк. Гульня працягваецца. Старэйшыя называюць гульню «Брамай», маладзейшыя — «ручайком».

Пакаціліся, як верацёны

У веснавога абраду ў Тонежы ёсьць яшчэ адна цікавостка: качаюцца з Чарнычовай горкі. Сьнегу сёлета няма, таму схіл гары кабеты ўсьцілаюць на дзясятак мэтраў саматканымі дарожкамі ды дзяружкамі.

Першымі спускаецца верацяном дзятва. За імі — усе, хто хоча. Нічога нягожага няма, калі дарослая дзяўчына пакоціцца з хлопцам удваіх альбо мужчына ўпадабае для качаньня кабету.

Васьмідзесяцігадовая бабуля Хвядора Маркевіч ажно два разы кульнулася з горкі — і не верацяном, а праз галаву. Паднялася, крыху атрэсла спадніцу ад леташняй травы і, задаволеная сабою, мовіла: «У нас кажуць гэтак: калі з гары ў дзень сустрэчы вясны пакаціцца, то сьпіна балець ня будзе. А я то думаю, што гэта для весялосьці».

XS
SM
MD
LG