Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыя ІП скончылася. Чыноўнікі паабедалі і прынялі звароты прадпрымальнікаў


Лідэр «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка не выключае правядзеньня новых вулічных акцыяў, калі ўлады ня пойдуць на кампраміс з прадпрымальнікамі.

У акцыі ля будынку Міністэрства па падатках і зборах, арганізатарамі якой былі Мікалай Статкевіч і Анатоль Шумчанка, узялі ўдзел каля 300 чалавек.

Больш за гадзіну ўдзельнікі акцыі чакалі, пакуль у чыноўнікаў скончыцца перапынак на абед і да іх хтосьці выйдзе. Прадпрымальнікі скандавалі «Работу», «Адмена», патрабавалі, каб да іх выйшаў міністар.

Зрэшты, частку ўдзельнікаў акцыі прапусьцілі ў будынак Міністэрства па падатках і зборах, дзе яны перадалі аднаму з чыноўнікаў сотні заяў прадпрымальнікаў з патрабаваньнем адмяніць указ № 222.

Пасьля гэтага Анатоль Шумчанка заявіў прадпрымальнікам, што калі зварот у Міністэрства па падатках і зборах ня дасьць плёну, то наступны зварот будзе накіраваны Аляксандру Лукашэнку. Ён ня выключыў правядзеньня новых вулічных акцыяў, але не назваў канкрэтных датаў — усё будзе залежаць ад далейшых паводзін улады.

Затрыманьняў падчас акцыі не было. Між тым на аднаго з удзельнікаў акцыі — Алеся Тужыкава — склалі адміністрацыйны пратакол. Актывіст прынёс плякат «Штрафы Bel Toll — генацыд перавозчыкаў». Як выявілася, пратакол на Алеся Тужыкава склаў ягоны аднавясковец — міліцыянт, зь якім яны разам вучыліся ў школе ў Пухавіцкім раёне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG