Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогер Матолька патрабуе прыцягнуць да адказнасьці сьледчага, які адпусьціў баевіка «ДНР»


Антон Матолька

Антон Матолька

З нагоды публікацыі Свабоды пра беларускага баевіка «ДНР» блогер Антон Матолька зьвярнуўся ў Сьледчы камітэт Беларусі.

У кастрычніку 2015 году ў Воршы быў затрыманы беларускі баявік так званых ДНР і ЛНР Іван Яравы з пазыўным «Пушкін». Пра затрыманьне Івана Яравога паведаміла афіцыйная газэта «СБ Беларусь сегодня» ў артыкуле «Гастарбайтеры войны» (нумар ад 11 лютага 2016 году). Артыкул быў прысьвечаны беларусам, якія ваююць на Данбасе. У публікацыі «СБ» паведамлялася толькі пра факт затрыманьня — што было з Іванам далей, газэта не ўдакладняе.

Сам жа Іван Яравы пацьвердзіў карэспандэнту Радыё Свабода, што пасьля пабыўкі ў Беларусі вяртаўся зноў ваяваць, але яго высадзілі зь цягніка, тыдзень трымалі ў Магілёўскім СІЗА, а пасьля ён даў расьпіску, што папярэджаны аб крымінальнай адказнасьці за наёмніцтва, і яго адпусьцілі.

Іван Яравы

Іван Яравы

Яравы сьцьвярджаў, што затрымлівалі яго супрацоўнікі КДБ і Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК), пры гэтым спэцслужбы ведалі, куды ён вяртаецца. Ён выказаў меркаваньне, што яго адпусьцілі дзякуючы добраму стаўленьню да яго сьледчага. «Я сядзеў у кабінэце сьледчага і гуляў у кампутарныя гульні. І ён жа мне з дому паесьці прыносіў, цыгарэты даваў. Было такое чалавечае стаўленьне», — заявіў Свабодзе Яравы.

Блогер Антон Матолька з нагоды гэтай публікацыі зьвярнуўся ў Сьледчы камітэт. У сваім звароце ён адзначае, што словы Івана Яравога сьведчаць пра тое, што разгляд ягонай справы праваахоўнымі органамі быў неаб’ектыўны.

У сувязі з гэтым Матолька папрасіў правесьці службовую праверку ў адносінах да сьледчага, які займаўся справай Яравога, і прыцягнуць яго да дысцыплінарнай адказнасьці.

У адказе Ўпраўленьня Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці адзначаецца, што супрацоўнікі Аршанскага міжраённага аддзелу СК праверкамі ці крымінальнай справай у адносінах да Івана Яравога не займаліся і ў СІЗА ці ІЧУ баевіка не заключалі. Зварот Матолькі быў перанакіраваны кіраўніку 7-га ўпраўленьня ГУБАЗіК па Віцебскай вобласьці палкоўніку Сяргею Калантаеву.

Раней Свабода ўжо спрабавала атрымаць тлумачэньне ад праваахоўных органаў Беларусі наконт справы Івана Яравога.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG