Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест факела была «Паходня»


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Сівыя, але баявыя. Удзельнікі гарадзенскай «Паходні» ўспаміналі былыя дні. Клюбу споўнілася трыццаць гадоў.

Я працаваў у Горадні ў рэдакцыі абласной газэты. Гэта побач са Старым горадам. Гадзіна на абед была магчымасьцю адхіліцца ад газэтнай руціны. Хадзіў старымі вуліцамі, аглядаў помнікі. Набіраўся духу. Зойдзеш, вып’еш кавы, пагартаеш кнігі, набудзеш. Сам-насам, са сваімі думкамі.

Аднойчы патэлефанаваў Мікола Таранда, стваральнік, запрасіў на клюб. На першым сходзе нас было сямнаццаць. Запрашаў усіх, хто размаўляў па-беларуску, кажа ён сёньня. Ці хто ўмеў. Паходня — слова «неадназначнае». У галоўным слоўніку было ясна сказана, што правільна гаварыць «факел»: факельны, факельшчык, факельшчыца. «Паходня» — састарэлае, з паходнямі першабытныя людзі на мамантаў хадзілі. Несучаснае слова, непрыдатнае пры будаўніцтве камунізму. Што праўда, то праўда. Так і было.

У самім факеле нічога дрэннага, слова нямецкае. Але для нас яно было расейскім, што зразумела. А мы якраз меліся шукаць беларушчыну ў часах мінулых. Калі электрычнасьці яшчэ не было. Значыць, асьвятляць дарогу трэба. І потым: мы ўсьведамлялі, што за паходняй чулася Пагоня. А яна была зьместам, сымбалем нашых гістарычных дзеяў.

Нехта, праўда, крыху жахнуўся: чаму сямнаццаць атрымалася? Як у песьні пірацкай з мастацкага фільму. «Семнадцать человек на сундук мертвеца. Йохо-хо и бутылку рому». Супадзеньне было выпадковым. Хаця куфар са скарбамі ў нашай галаве прысутнічаў. Са скарбамі гістарычнымі, духоўнымі, якія нас падмацуюць.

Чым была тагачасная «Паходня»? Мабыць, міні-мадэльлю будучай Беларусі ў зародку.

Вэтэранам па-рознаму запомніліся пачаткі. Хто прыдумаў клюб? І чыя была назва?.. Была, аказваецца, і ранейшая сходка ў доме Ажэшкі, дзе пісьменьнік Карпюк сказаў: цікавыя часы, магчымасьці ёсьць стварыць клюб беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі. Яшчэ сказаў: я ня буду ў вас выступаць, але заўсёды буду вас падтрымліваць. Асьцярожнічаў. Але дзякуй яму за падтрымку.

Было чалавек дваццаць пяць у Карпюка. І быў прафэсар Ткачоў. Таранда палічыць неабходным нагадаць, што на «Паходні» той паявіўся не адразу, на трэцім пасяджэньні (каб потым кіраваць, абралі аднадушна). Мікола абгрунтоўвае-успамінае: перабудова пачалася, нейкія канфэрэнцыі партыйныя, туды-сюды, далі дыхнуць, на нешта пачалі спадзявацца. На такой глебе паўстала «Паходня».

З чаго пачаць? Паехалі ў Гудзевічы, а тут начальства вакзал сабралася руйнаваць. Кінуліся лісты пісаць, ратаваць. Новая бяда: вэтэраны просяць зруйнаваць архіў, выдатны палац каралеўскіх часоў. Пераключыліся на яго, начальнік чыгункі загадаў зьнесьці вакзальны будынак ХІХ стагодзьдзя. Першы сакратар гаркаму патлумачыў: ніякі гэта ня помнік, хлопцы, адна эклектыка, супакойцеся, будзе ў горадзе навюткі — шкло і бэтон.

Ня мелі вопыту тады, успамінае Мікола Таранда. І прыстрашыць любілі як «Паходня» стала на ногі. На Калыме асьвяжылі баракі для такіх, як вы, казалі яму.

А тут раптоўна выбары першыя, 1990 год. І «Паходня» ў палітыцы апынулася, а пачыналася ўсё з куфра. Сходы зрабіліся вельмі люднымі, Таранда ўспамінае: «Людзі ішлі як вар’яты. 200-300 чалавек заўсёды. Гляджу: падпалкоўнікі, палкоўнікі сядзяць. Мы ім таксама былі карысныя, калі выбары пачаліся. Кожны хацеў атрымаць ад нас падтрымку. І Посахаў (пазьней памочнік Лукашэнкі). Усе спадзяваліся: калі «Паходня» падтрымае, то і ўвесь горад падтрымае».

Прафэсар Ткачоў пайшоў у палітыку асабіста і вырашыў памяняць Горадню на Менск. Навошта ён туды? «Там ня той размах, там можна больш зрабіць, тут мне цеснавата», адказаў прыблізна так. Аб гэтым успамінае прафэсар Пяткевіч. А неўзабаве рух пайшоў на спад. «Паходня» моцна аслабела, была малалікай, падсумоўвае ён, але хоча закончыць на мажорнай ноце: «Але калі мы сабраліся, яна жыве, жыве яе дух, яна зрабіла сваю вялікую справу. Гэта ўжо гісторыя, з гісторыі яе ня выкрасьліць».

Няхай жыве «Паходня»! У гісторыі, канечне. А думкі, думкі цьвярозыя. Зноў браць паходню ў рукі? Зноў пачынаць амаль з нуля? Дасягненьні незалежнасьці ў беларушчыне перакрэсьленыя. Так, сёе-тое захавалася. Насуперак, ня дзякуючы.

Слова «паходня» ў слоўніках сучасным не зрабілася. Вам хочацца рамантыкі? Дык калі ласка: факел зь лямпачкай, на батарэйцы. Шукаць нічога больш ня трэба. Начальству Беларусь безь беларушчыны адпавядае.

Гарадзенскай «Паходні» — трыццаць гадоў, сход былых удзельнікаў клюбу.
Гарадзенскай «Паходні» — трыццаць гадоў, сход былых удзельнікаў клюбу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG