Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Чыж землякам: «Я вам не алігарх, я такі ж чалавек, як і вы»


Сабалі – родная вёска Юрыя Чыжа

Сабалі – родная вёска Юрыя Чыжа

Рэпартаж карэспандэнтаў Свабоды з радзімы арыштаванага алігарха Юрыя Чыжа, вёскі Сабалі Бярозаўскага раёна.

Пра ператрус у офісе кампаніі «Трайпл» і затрыманьне Юрыя Чыжа аднымі зь першых даведаліся жыхары вёскі Сабалі, дзе нарадзіўся апальны алігарх, ім патэлефанавалі з гэтай навіной зь Менску яшчэ ў пятніцу ўвечары.

Пра родную вёску Сабалі, што ў Бярозаўскім раёне, Юрый Чыж ніколі не забываўся. Вяскоўцы кажуць, што ён ніколі не адмаўляў у просьбах, калі да яго зьвярталіся. А наведваў сваю радзіму амаль кожны месяц. Праўда, у бацькоўскай хаце, дзе цяпер жыве жонка брата, са словаў вяскоўцаў, Чыж не спыняўся.

Родная хата Чыжа ў Сабалях, дзе жыве жонка яго брата

Родная хата Чыжа ў Сабалях, дзе жыве жонка яго брата

Любіў заходзіць да знаёмых. Прычым ніколі не акцэнтаваў увагу на сваім статусе, кажа жыхар вёскі Сабалі Іван Жалудка:

Іван Жалудка, жыхар Сабалёў

Іван Жалудка, жыхар Сабалёў

«Прыяжджае да нас і кажа: „Я вам не алігарх, я вам такі ж чалавек, як і вы“. Прыходзілі з маім сынам, зь якім ён сябруе, да мяне дадому і калі сядалі за стол, дык ён прасіў, каб не перакладвалі ежу ў талеркі. Казаў: „Будэм йісты зь мыскі. По-колышнёму“. Вось які ён чалавек. Калі хадзіў па вёсцы, да яго мог падысьці любы і пагаварыць. Нікім ніколі ня грэбаваў. Крыўдзіць такога чалавека нельга. Ён жа сябраваў з Лукашэнкам. Нават у хакей зь ім гуляў. А што цяпер здарылася?».

Крама ў Сабалях

Крама ў Сабалях

У роднай вёсцы Юрыя Чыжа засталося толькі пяцьдзесят чалавек. Калісьці тут было 300 жыхароў. Арыштаваны прадпрымальнік дапамагаў кожнаму без выключэньня. У прыватнасьці, усім вяскоўцам за свой кошт набываў дровы на зіму.

Лазьня ў Сабалях, будаўніцтва якой фундаваў Юрый Чыж

Лазьня ў Сабалях, будаўніцтва якой фундаваў Юрый Чыж

Прыяжджаў Юры Чыж сюды і па сваіх бізнэс-справах. Непадалёк ад вёскі на шашы Берасьце-Менск ён будаваў культурна-этнаграфічны комплекс «Наш родны кут Сабалі».

Музэйныя хаткі

Музэйныя хаткі

Праект прадугледжваў інвэставаньне з боку ТАА «Трайпл» 15 мільёнаў даляраў і павінен быў прыняць першых наведнікаў яшчэ летась. Тут пачалі будаваць гатэль, рэстаран, этнаграфічны музэй, аўтазапраўку. Большая частка працаў ужо завершаная. Але зь мінулай восені працы на аб’екце спыніліся. Каля комплексу ўдалося пабачыць толькі ахоўніка, які неахвотна сказаў журналістам, што нічога ня ведае пра будучыню праекту:

Турыстычны комплекс каля возера недабудаваны

Турыстычны комплекс каля возера недабудаваны

«Шкада, канечне, калі праца, сродкі, што былі ўкладзеныя ў стварэньне турыстычнага аб’екту, будуць марнымі».

Будаўніцтва музэйнага этнатурыстычнага комплексу каля Сабалёў кампаніяй Юрыя Чыжа

Будаўніцтва музэйнага этнатурыстычнага комплексу каля Сабалёў кампаніяй Юрыя Чыжа

У суседняй вёсцы Равяцічы жыхары кажуць, што комплексам зацікавіўся нейкі прадпрымальнік, магчыма, інвэстар зь Нямеччыны. Мясцовая жыхарка Ірына Лусько зазначыла, што комплекс быў надзвычай важным аб’ектам для апальнага алігарха:

«У яго была мара — адрадзіць сваю родную вёску Сабалі. Меркавалася, што як будзе завершана будаўніцтва турыстычнага комплексу, узьнікнуць новыя працоўныя месцы, сюды пацягнуцца людзі. Якраз у вёсцы шмат пустых дамоў».

Незавершанае будаўніцтва аўтазапраўкі “Трайпл” побач з “алімпійскай” дарогай каля Сабалёў

Незавершанае будаўніцтва аўтазапраўкі “Трайпл” побач з “алімпійскай” дарогай каля Сабалёў

Адной з магчымых перашкодаў будаўніцтву, кажа жыхарка вёскі Равяцічы, стаў зусім ня крызіс, але хвароба Юрыя Чыжа:

«Я чула, што ён сур’ёзна захварэў. Лекаваўся недзе ў Ізраілі. Але ці дакладна гэта, мы ня ведаем. Але ведаем дакладна, што ён надзвычай шмат добрага зрабіў для вяскоўцаў, для жыхароў, для мясцовасьці наагул. Ён надзвычай добрасумленны чалавек, добразычлівы».

«Арышт — гэта палітыка, ён не вінаваты»

Равяцічы – вёска, куды Юрый Чыж хадзіў у школу

Равяцічы – вёска, куды Юрый Чыж хадзіў у школу

У вёсцы Равяцічы, дзе будучы алігарх закончыў школу, пра затрыманьне Юрыя Чыжа ведаюць ня ўсе. Мінакі, пачуўшы пра навіну, зьдзіўляюцца і выказваюць непаразуменьне.

Настаўніца мясцовай школы Ірына Лусько кажа, што шакаваная. Навіну пра затрыманьне яна даведалася ад карэспандэнтаў Свабоды:

Сьцяг “Трайпл” на надворку школы ў Равяцічах

Сьцяг “Трайпл” на надворку школы ў Равяцічах

«Я лічу, што гэта палітыка, ён не вінаваты. Столькі ж справаў было ім зроблена. І для школы, і для мясцовай царквы. Бо калі памерла яго маці, прадпрымальнік пабачыў, што будынак царквы надзвычай стары і патрабуе рамонту. За свой кошт ён адрамантаваў дах, паставіў прыгожую агароджу».

Царква ў Равяцічах, на рамонт якой Юрый Чыж дапамог сваімі сродкамі

Царква ў Равяцічах, на рамонт якой Юрый Чыж дапамог сваімі сродкамі

Стэфаніда Маркаўна Чыж, былая класная кіраўніца прадпрымальніка кажа, што Юры Чыж ніколі не губляў сувязі са школай і настаўнікамі. Яшчэ калі ня быў алігархам, ён дапамагаў школе вялізнымі на тыя часы грашыма, а пазьней наагул цалкам за свае сродкі аднавіў будынак, набыў для школы тэхнічныя сродкі. Дапамагаў нават прыватна, калі была неабходнасьць.

Музэй краязнаўца Анатоля Жалудкі ў Сабалях

Музэй краязнаўца Анатоля Жалудкі ў Сабалях

Экспанат музэю

Экспанат музэю

У школе ж Юры Чыж паказваў заўсёды досыць высокія вынікі, узгадвае настаўніца школы Ала Каладзінская:

«Ён быў вельмі адказным. Яго слухалі і галоўнае — за ім ішлі. Ён ня быў выдатнікам, але быў вельмі актыўным. Ён быў камсоргам у школе. Памятаю, калі вырашалася пытаньне на пэдагагічнай радзе пра яго кандыдатуру, то яшчэ мой муж сказаў, што Юры Чыж справіцца і мае права на гэтую пасаду. Ён быў сапраўдным лідэрам».

Партрэт продкаў Юрыя Чыжа ў музэі ў Сабалях

Партрэт продкаў Юрыя Чыжа ў музэі ў Сабалях

Аднавяскоўцы Юрыя Чыжа выказваюць спадзяваньне, што сытуацыя зь іх земляком — непаразуменьне, што пасьля разьбіральніцтва Юрыя Чыжа вызваляць.

Каля Сабалёў краязнавец Анатоль Жалудка ўсталяваў помнік у гонар паўстанцаў 1863 году

Каля Сабалёў краязнавец Анатоль Жалудка ўсталяваў помнік у гонар паўстанцаў 1863 году

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG