Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працаўнікі «Нафтана» напісалі «чалабітную», але не Лукашэнку


Супрацоўнікі прадпрыемства, раней самага багатага ня толькі на Віцебшчыне, але і ў Беларусі, скардзяцца на тое, што «Нафтан» стаў банкрутам, і вінавацяць у гэтым кіраўніцтва ААТ.

У якасьці галоўных прычынаў эканамічнага спаду работнікі прадпрыемства лічаць карупцыю і сыход з «Нафтану» адмыслоўцаў- навапалачан:

«Пракуратурай вобласьці агучаныя сумы з шасьцю нулямі (гэта ў валюце!) ў крымінальных справах, распачатых у дачыненьні да кіраўнікоў „Нафтана“. Якім чынам такія людзі маглі зьявіцца на адказных пасадах? На працягу некалькіх апошніх гадоў з кіроўных пасадаў практычна цалкам былі прыбраныя ўсе мясцовыя адмыслоўцы (галоўны інжынэр, намесьнік па будаўніцтве, намесьнік па эканоміцы, намесьнік па бясьпецы і г.д.), і на іх месцы расстаўленыя непрафэсіяналы, якія ніколі не працавалі ў нафтаперапрацоўцы і не жылі ў Наваполацку».

У лісьце гаворыцца, што ўсе апошнія гады кіраўніцтва прадпрыемства «імітуе бурную дзейнасьць, без рэальнай працы і вынікаў». І што адміністрацыя не шукае рэальнага выйсьця ў складаных эканамічных умовах, а эканоміць выключна за кошт працаўнікоў, якіх угаворваюць «уціснуцца ў заробках, прыпыніць калектыўную дамову, скасаваць усе льготы і пазбавіцца сацыяльных аб’ектаў». Гаворыцца таксама, што праграма мадэрнізацыі прадпрыемства, на якую выдаткаваныя значныя сродкі, правальваецца, што цяпер не гатовая да ўводу ў эксплюатацыю ніводная з заплянаваных установак, і няма перадумоваў для таго, каб у 2016 годзе сытуацыя зьмянілася, бо «не падрыхтаваная адпаведная інфраструктура».

Менавіта на мадэрнізацыю прадпрыемства ўскладае надзеі кіраўніцтва ўраду: у пачатку сакавіка тут пабываў віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка, які заявіў падчас паездкі, што «Наваполацкаму ААТ „Нафтан“ неабходна завяршыць тэхнічнае пераўзбраеньне ва ўстаноўленыя тэрміны, каб адпавядаць сусьветным тэндэнцыям разьвіцьця галіны і павысіць канкурэнтнасьць прадукцыі на зьнешніх рынках».

Спадар Сямашка заявіў, што ўсе інвэстыцыйныя праекты маюць быць выкананыя цягам 2016-2017 гадоў і падкрэсьліў, што прадпрыемству трэба шукаць новыя «ўнутраныя рэзэрвы», бо «магчымасьці рэспублікі не бязьмежныя. Бюджэт фармуецца ў рэгіёнах, яго напаўняльнасьць залежыць ад эфэктыўнай работы рэальнага сэктару эканомікі».

Віцэ-прэм’ер сёлета наведаў «Нафтан» ужо двойчы (папярэдні раз — у канцы студзеня), аднак зьменаў пасьля мінулага «наганяю» работнікі не заўважылі. Падчас апошняй сустрэчы на «Нафтане» з удзелам віцэ-прэм’ера генэральны дырэктар прадпрыемства Ўладзімер Трацьцякоў зноў абяцаў, што 2016 год стане «ключавым для „Нафтана“», бо ў гэты час плянуецца «дабудаваць і здаць сем новых установак, якія прадугледжваюць паляпшэньне тэхналягічных працэсаў».

Аптымістычнай рыторыкай спрабуе заспакоіць работнікаў мясцовая газэта «Весьнік «Нафтана». У апошнім нумары, які выйшаў пасьля візыту Уладзімера Сямашкі, галоўны інжынэр ААТ Рыгор Пласьцінін распавядае, якія добрыя пэрспэктывы чакаюць прадпрыемства пасьля мадэрнізацыі, але ні слова ня кажа аб наяўных праблемах.

Ня ўбачыўшы вынікаў ад прыезду віцэ-прэм’ера, працаўнікі прадпрыемства вырашылі напісаць калектыўны ліст, зьвяртаючыся да вышэйшых службовых асобаў краіны — прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова, кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандра Косінца, старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалая Шарсьнёва і кіраўніка Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіла Орды. Калектыўны ліст разьмешчаны таксама ў сацыяльнай сетцы «В Контакте» у групе «Полоцк і Новополоцк». Гэтая публікацыя набрала ўжо больш як сотню камэнтароў. А тое, што пасьля адпраўкі ліста на прадпрыемстве зьявіліся чуткі пра хуткі прыезд «для разьбіральніцтва» Аляксандра Лукашэнкі, у бальшыні камэнтатараў выклікаюць скепсіс.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG