Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітынг уцекачоў з Данбасу ў Кіеве: «Чыноўнікі спрабуюць ўскласьці адказнасьць за страту тэрыторыяў на простых людзей»


У Кіеве на майдане Незалежнасьці 13 сакавіка адбылася акцыя «У імя памяці загінуўшых, дзеля абароны жывых», арганізаваная выхадцамі з Луганшчыны і Данеччыны.

Яны ўспаміналі сваіх сяброў, блізкіх, пабрацімаў, якія аддалі жыцьці за ўкраінскую незалежнасьць і тэрытарыяльную цэласнасьць. Добраахвотнікі ствараюць мартыралёг, у якім ужо больш за дзьве сотні імёнаў прадстаўнікоў Данбаса, і гэты жалобны сьпіс працягвае папаўняцца. З партрэтамі гэтых людзей сёньня актывісты і выйшлі на плошчу.

«Сёньня асобныя чыноўнікі ўраду вядуць палітыку стварэньня сацыяльнае напружанасьці, пазбаўляючы людзей з Данбасу ўсіх дапамогаў і пэнсіяў... Чыноўнікі спрабуюць ўскласьці адказнасьць за страту тэрыторыяў на простых людзей, якія апынуліся закладнікамі расейскіх акупантаў і былі кінутыя дзяржавай на волю лёсу» — сьцьвярджаюць арганізатары акцыі.

Падставай для акцыі сталася інфармацыя, што ўкраінская ўлада хоча перадаць кантроль над акупаванымі тэрыторыямі Данбасу «кампрамісным» фігурам — а менавіта алігархам Ахметаву і Бойку.

Удзельнікі мітынгу заяўлялі, што ўкраінскія суды і спэцслужбы перасьледуюць нявінных грамадзян, у той час як кіраўнікі і баевікі прарасейскіх атрадаў спакойна езьдзяць на падкантрольныя законнай ўладзе тэрыторыі і нават афармляюць дапамогу за «вытворчыя траўмы», атрыманыя ў баях супраць войскаў Украіны. Паводле выступоўцаў, палітыка ўкраінскіх уладаў прыводзіць да ўзмацненьня ўлады прарасейскіх баявікоў на непадкантрольных ураду тэрыторыях.

XS
SM
MD
LG