Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Кралюк: Расейская папса служыць правадніком агрэсіі «русского мира» 


Расейская папса служыць адным з галоўных праваднікоў «рускага сьвету» ва Ўкраіне, піша прарэктар Астроскай акадэміі, украінскі філёзаф, пісьменьнік і публіцыст Пятро Кралюк. Прапануем вашай увазе ягоны блог у скароце.

У заходнеўкраінскім горадзе Цярнопалі жыве паэт-эстэт Алег Герман. Ён жа і прафэсар Цярнопальскага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту імя Івана Пулюя. Увогуле чалавек спакойны. Але гэты спакойны эстэт адразу ж пасьля Шаўчэнкаўскіх дзён разрадзіўся гнеўным запісам на сваёй старонцы ў Фэйсбуку:

«Ехаў на маршрутцы да другой бальніцы. Людзей было нямала. З рэпрадуктара грымеў рускі блатняк. Працавала на ўсю катушку радыё „Шансон“. Мае звароты спыніць гэтую агрэсіўную музыку выклікалі ў кіроўцы зьедлівую ўсьмешку.

Тады ад адчаю і абурэньня на ўвесь салён закрычаў: „Маладзец, братан! Правільна дзелаеш! Далбі эціх вшывых бандэраўцаў нашым аружыем! Мы іх там „Градамі“ хлешчам, а ты тут — песьняй!“

Потым вярнуўся да людзей: „Вам што заклала? Ня чуеце, як з вас зьдзекуюцца, як вас анучай пад ногі кідаюць? Як цялятаў вязе на забой гэты здраднік, а вам хоць бы што?! Насалоджваецеся?!“

Якая думаеце была рэакцыя? Траціна пакорліва апусьціла галовы. Траціна пасьпешліва адвярнулася да вокнаў. А астатнія глядзелі што злосна на... мяне, як на ворага і пачала абуральна бурчэць. Кіроўца і не думаў згортваць радыё. І ніводнага голасу не пачуў у падтрымку, ні з патрабаваньнем пераключыць радыёхвалю. Ніводнага!!!

І гэта ў маім родным Цярнопалі. Мабыць, проста прайшлі Шаўчэнкаўскія дні і ўсе зьнялі нарэшце маскі найгранага патрыятызму. Ці як?»...
Расейская папса, а то і адкрыты рускі блатняк сталі звычайнай зьявай ва ўкраінскім грамадзкім транспарце, а таксама ў іншых грамадзкіх месцах — крамах, кафэ, гучыць ён і падчас вясельных гуляньняў. На гэта ўжо і быццам не зьвяртаюць увагу. Лічаць, што так трэба. Як і лічаць нармальнай зьявай, калі нібыта ўкраінскія тэлеканалы масава «круцілі» і «круцяць» расейскія сэрыялы. Або прасоўваюць іншыя прадукты «высокай» рускай культуры...

На жаль, нашы высокія чыноўнікі зусім не ацэньваюць небясьпекі гэтай зьявы. Бо расейская папса ня менш прасоўвае «рускі сьвет», чым гэта робіць ва Ўкраіне Маскоўскі патрыярхат. Гэта прасоўваньне так ці інакш вядзе да таго, што многія ўкраінцы пачынаюць сябе лічыць «людзьмі рускай культуры». І, вядома, нямала сярод людзей і тых, хто талерантна ўспрымае расейскую агрэсію: «Бо рускія — ня агрэсары. Яны, лічыце, блізкія нам людзі. Амаль браты».

Цалкам блог Пятра Кралюка можна прачытаць тут.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG