Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Недалёка ад беларускай мяжы расейскія мытнікі затрымалі машыну з 8 тонамі сыру вытворчасьці Капыльскага філіяла «Слуцкага сыраробнага камбіната».

Супрацоўнікі памежнай службы ФСБ Расейскай Фэдэрацыі па Смаленскай вобласьці разам з прадстаўнікамі Смаленскай мытні ліквідавалі 12 сакавіка чарговы канал нелегальнай пастаўкі жывёлагадоўчай прадукцыі з Беларусі ў РФ, перадае БелаПАН.

Недалёка ад беларуска-расейскай мяжы быў спынены маршрут вялікагрузнага тэнтаванага транспартнага сродку, якім кіраваў грамадзянін Беларусі. Пасьля дагляду ў фуры разам з газаванай вадой выявілі 8 тон сыру вытворчасьці Капыльскага філіяла ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат».

«За апошні час гэта ўжо ня першы выпадак увозу жывёлагадоўчай прадукцыі пад выглядам тавараў прыкрыцьця на гэтым участку», – сказала Сьвятлана Земчанкова, памочнік кіраўніка ўпраўленьня Рассельгаснагляду па Бранскай і Смаленскай абласьцях.

Паколькі вэтэрынарна-суправаджальных дакумэнтаў на харчовую прадукцыю перавозчык не прадставіў, груз перадалі ва ўпраўленьне Рассельгаснагляду па Бранскай і Смаленскай абласьцях.

На месцы інспэктары высьветлілі, што перавозчыкам газаванай вады й сыру было беларускае прыватнае прадпрыемства «СВ Транс». Але суправаджальныя дакумэнты мелі істотныя разыходжаньні ў найменьні прадукцыі, якая перавозілася.

Напрыклад, грузаадпраўнікам і адначасова грузаатрымальнікам значыўся адзін і той жа індывідуальны прадпрымальнік. Замест дакумэнтаў на сыр былі прад’яўленыя дакумэнты на
крухмал у россыпу. Месцам разгрузкі значылася Масква, але адрас не ўдакладняўся.

«Паколькі ні ў адным, ні ў іншым дакумэнце не было выразнага адрасу канчатковай дастаўкі грузу, застаецца незразумелым якім чынам і куды кіраваўся транспартны сродак», – сказала Земчанкова.

Прычыну такіх дзеяньняў беларускага боку яна патлумачыла тым, што з сакавіка 2016 года Рассельгаснагляд увёў забарону на пастаўкі малочнай прадукцыі ў РФ для ўсіх філіялаў Слуцкага сыраробнага завода. Прычына – сыстэматычнае выяўленьне ў сыры перавышэньня масавых долей кансэрванту.

«Паколькі адчувальныя аб’ёмы выпрацаванага з разьлікам на расейскі рынак сыру масава аселі ў разьмеркавальных складах Беларусі, нядобрасумленны бізнэс спрабуе выкарыстоўваць любыя магчымасьці для яго прасоўваньня ў гандлёвы абарот», – сказала Земчанкова.

На партыю ўсяго затрыманага сыру накладзены адміністрацыйны арышт. Неўзабаве прадукт будзе ўтылізаваны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG