Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне правераць радыёстанцыю, бо там замала ўкраінскага шансону


Улады Ўкраіны плянуюць пазачарговую праверку харкаўскага радыё “Шансон”, паколькі доля ўкраінскай музыкі там не дацягвае да 50%. Менавіта такі мінімум нацыянальнай музыкі усталяваны для ўкраінскіх радыёстанцыяў.

Нацыянальная рада па тэлерадыёвяшчаньні ва Ўкраіне прызначыла пазаплянавую праверку тэлерадыёкампаніі «Шансон», паведамляе сайт рады. Пасьля маніторынгу вяшчаньня кампаніі ў Харкаве была выяўлена нізкая доля музыкі ўкраінскіх выканаўцаў.

Як адзначаюць у нацыянальнай радзе, у ліпені 2015 года падчас праверкі «Шансону» там налічылі толькі 47% зь неабходных 50% долі музычных твораў украінскіх аўтараў і выканаўцаў. Гэта зьяўляецца парушэньнем умоў ліцэнзіі. Цягам месяца радыёстанцыя мусіла ліквідаваць брак украінскай музыкі ў этэры.

Калі ў сьнежні 2015 года «Шансон» праверылі ў чарговы раз, то музыкі ўкраінскіх аўтараў і выканаўцаў там знайшлі яшчэ меней – 27,7%. Пры гэтым на самой радыёстанцыі кажуць, што сёньня доля ўкраінскай музыкі ў іх складае больш за 55%.

Нацыянальная рада ўжо выносіла папярэджаньні за невыкананьне долі ўкраінскай музыкі ў этэры іншым радыёстанцыям. Таксама зь мінулага года Міністэрства культуры Ўкраіны выступае за павелічэньне долі ўкраінкай музыкі да 75%.

Адзначым, што нацыянальныя квоты для радыёстанцый існуюць і ў іншых краінах. У Беларусі з 2005 года яны складаюць 75%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG