Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ёсьць асобы, якія ўваходзяць у гісторыю не шматлікай і пастаяннай прысутнасьцю навідавоку, але нейкімі знакавымі выпадкамі, якія акрэсьліваюць жыцьцё эпохі, ратуюць гонар нацыі, робяцца легендамі.

Увесну 1976-га я ўжо год займаўся боксам і сьпяшаўся ў менскі Палац Спорту, дзе мусіў адбыцца фінал Міжнароднага турніру. Нас, юных спартоўцаў, прапускалі бясплатна, і мы наведвалі турнір кожнага дня. Фінал – важная справа, але гэтым разам шлях мой да Палаца Спорту перакрэсьлілі сябры-раўналеткі, што выпраўляліся на сустрэчу з дзяўчынкамі, сярод якіх мелася быць тая, што мне падабалася. Я паўстаў перад спакусай і глыбока задумаўся, куды скіравацца.

Турнір быў вельмі прадстаўнічы, адна толькі каманда Кубы на чале з алімпіёнікам Тэафілам Стывенсанам чаго была вартая. Зрэшты, пры ўсёй павазе да іншых двубояў, што мелі адбыцца ў заключны дзень, гледачы валам валілі на фінал у цяжкой вагавай катэгорыі паміж усё тым жа Тэафілам і Ігарам Высоцкім. Непераможны Стывенсан, які меў лічаныя паразы, быў раней біты Высоцкім на турніры на Кубе, што напаляла гэты фінал дадаткова.

Атмасфэру баксэрскага супрацьстаяньня згушчаў яшчэ фактар такога неўсьвядомленага іміджавага супрацьстаяньня лідэраў СССР і Кубы. Штучная сківіца і шамкаючы рот Леаніда Брэжнева выглядалі жахліва супраць жывога агню у прамовах рэвалюцыйнага ідала – Фідэля.

Агульныя разьлікі аматараў дый адмыслоўцаў боксу былі на баку кубінца. Чэргі па аўтограф, здымкі, інтэрвію ў газэтах і на тэлевізіі, захопленыя позіркі, жаданьне папросту дакрануцца да легенды, усё гэта належала Стывенсану.

Дарэчы, на пачатку кар’еры трэнэр кубінца – Алсідас Сагара ня надта зважаў на юнага Стывенсана, бо лічыў, што той ня мог цярпець, калі прапускаў важкія ўдары. Трываць – важнае мастацтва.

Гэты дзень не падмануў тых, каму пашанцавала апынуцца на трыбунах палаца. На рынгу дзея разьвівалася паводле законаў спартовага жанру. Была эпічная сеча. Народ роў так, што дрыжэлі сьцены. У першым і другім раўндах Высоцкі даставаў Стывенсана левым зьнізу па печані, і кубінцу лічылі накдаўны. У заключным трэцім Стывенсан патрапіў праз руку, і ўжо адкрылі лік Высоцкаму. Бой сягнуў апагея. Нарэшце, акцэнтавана скончыўшы сваю сустрэчную атаку, Высоцкі дабіў алімпійскага чэмпіёна левым бакавым. Стывенсан павіс на канатах пад акампанэмэнт рэфэры, які адлічваў дзесяць сэкунд накдаўну, пасьля выпрастаўся, разгарнуў плечы, страпянуўся і абрынуўся долу. Рэфэры прамовіў – аўт, і менскі Палац спорту здрыгануўся, як ад землятрусу.

Калі Ігару Высоцкаму, дарэчы, сыну рэпрэсаваных бацькоў, паднялі руку, натоўп ня ўседзеў на месцах. Пераможцу вынесьлі з рынгу на руках!..

Так нарадзіўся народны герой – Ігар Высоцкі, які ўвайшоў у склад эпічных асілкаў, хоць ніколі ня быў чэмпіёнам Эўропы, Сьвету, Алімпіяды. Але пра яго больш чым пра каго ходзіць розных легенд і паданьняў.

Дабіць своечасова – ня менш важнае мастацтва, чым трываць.

Увогуле бокс вельмі вобразны спорт, бо супрацьстаяньне двух характараў, увасобленае ў двух байцах, якім няма як схаваць ад гледачоў свае дзеяньні, эмоцыі, учынкі за кімсьці іншым. Рынг выяўляе ня толькі цьвёрдасьць, якая вартая хваласьпеваў, але й чалавечыя хібы, якія хочацца хутчэй выкрасьліць з памяці. Згадваю, як сорамна было югаславам у 1978-м у Бялградзе, калі на сваім хатнім рынгу ў фінале Чэмпіянату сьвету супраць таго ж Стывенсана іхны баец, як падкошаны, абрынуўся на падлогу ад удару, што не даляцеў да цэлі.

Калі ўявіць сабе палітычную сцэну беларускай найноўшай гісторыі за рынг, то можна зь лёгкасьцю заўважыць герояў і антыгерояў, безаглядна сьмелых і сьмелых на словах, можна акрэсьліць нават пэрсанажа, надта падобнага на таго югаслава на бялградзкім рынгу. Хапае тых, хто ўмее трываць, але бракуе тых, хто здолеў бы своечасова перахапіць атаку суперніка й дабіць.

Каму замінае недахоп досьведу, каму – малая вага, каму – адсутнасьць акцэнтаванага ўдару. З усіх патэнцыйных выпадкаў на званьне народнага героя можна прыгадаць хіба што хук Міколы Статкевіча ў сківіцу Юрыю Азаронку за наскрозь ілжывую стужку «Дзеці лжы». Гэты ўчынак выратаваў гонар цэлай грамадзкай плыні. Пасьля таго хуку, дарэчы, кар’ера Азаронка хутка сканала, а Статкевіча чакалі новыя выпрабаваньні, якія ён з годнасьцю вытрымаў.

Вяртаючыся ў вясну 1976-га, мушу зазначыць, што нараджэньне народнага героя ў менскім Палацы Спорту я глядзеў шмат разоў, але па тэлевізары і ў запісу, пра што невымерна шкадую да сёньня. Спакусіўшыся на прапанову раўналеткаў, я прайграў двойчы, бо дзяўчына, якую я разьлічваў сустрэць, пайшла разам са сваім бацькам на бокс у Палац спорту і назірала паўстаньне народнага героя ўжывую. Я цешу сябе надзеяй, што, можа быць, мне яшчэ пашанцуе, і я атрымаю другі шанец убачыць гэткую велічную дзею – паўстаньне народнага героя, хоць бы й не на баксэрскім рынгу, але на якім менскім Пляцы. Дайце веры, ніякія спакусьлівыя прапановы маіх раўналеткаў, не прымусяць мяне схібіць другі раз.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG