Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Фінансавы ГУЛАГ «гаспадзіна Пэжэ»


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

«У Беларусі будуць заводзіць адміністрацыйную справу за парушэньні на футбольным полі». На футбалістаў? За парушэньні? Вядома, сьцёб. Але гэта жарт, за якім вымалёўваецца найбліжэйшая беларуская пэрспэктыва.

Зьміцер Бартосік пазнаёміў шырокую публіку зь лякальным слэнгавым слоўцам, якое можа стацца агульным азначэньнем для ўсіх кантрольна-карных службовых пасадаў – купіздай. «Купі і здай» казалі сталінскія выбівалы падаткаў з «аднаасобнікаў», якія не жадалі далучыцца да калгасаў і не маглі аплаціць падатак, які вымагаўся ў выглядзе натуральных прадуктаў, лічы – аброку.

Тое, што «купіздаі» захлынуцца ўсіх правяраць-караць – для мяне відавочна. Колькасьць правяральшчыкаў небезразьмерная, а віды «аброку» ўсё павялічваюцца. А гэта ж яшчэ не ўступіла ў сілу абмежаваньне на ўвоз тавараў з-за мяжы. А інтэрнэт? Ці ўсе ўжо павыдалялі з кампутараў «торэнт» і пераўсталявалі ліцэнзійныя апэрацыйныя сыстэмы ды праграмы? А ці ўсе новыя падаткі і акцызы ўжо прыдуманыя?

Але мне падаецца, што «купіздаі» і не зьбіраюцца ісьці ланцугом, каб усіх атачыць і пакараць. Думаю, што лёгіка іншая – найперш мець саму магчымасьць пакараць кожнага. На выбар. Вобразна кажучы, колькасьць і разнастайнасьць забаронаў-перапонаў мусіць дасягнуць такой велічыні, калі можна браць проста на вуліцы каго заўгодна.

Так было калісьці за Сталінам, толькі больш цынічна і жорстка. Трэба ГУЛАГу столькі і столькі працоўных рук у гэтым годзе, раз – і набралі. А ў Беларусі вымярацца будзе не рукамі, а сумамі. Постіндустрыйная эпоха – рук нават больш, чым трэба. З рук грошай не заробіш.

Па прыведзенай вышэй спасылцы ёсьць камэнтар: «Ня трэба мець ніякіх ілюзій. Бо Рыгоравіч аддасьць апошняе, каб тыя, хто кажа «купі і здай», і ад каго ён, насамрэч, залежыць, змаглі заўсёды купіць. І здаць тых, хто ня змог купіць».

У тым і загвоздка, што каб «аддаць апошняе», трэба гэтае апошняе дзесьці ўзяць. Гэта нявыкрутка для «купіздаяў» ад самага галоўнага да самага дробнага – дзе ўзяць?

Пакуль ідзе «ўсё, як мы любім» – усё паводле закону. Мала дзе, як у Беларусі, можна сустрэць супольнасьць, што так любіць, каб усё было правільна, усё паводле закону. А пасьля: «Мяне з работы звольнілі!», «У мяне бізнэс адабралі!», «Мяне аштрафавалі!» Эээ – не. Глядзі – усё ж паводле закону.

У свой час актыўная фаза Майдану пачалася праз тое, што ўкраінскі парлямэнт зьбіраўся прыняць закон, згодна зь якім кожны ўдзельнік несанкцыянаванай акцыі мог быць прыраўняны да тэрарыста з адпаведным турэмным тэрмінам у артыкуле. Выйшаў на плошчу – і атрымаў пятнаццаць гадоў. Паводле закону.

Беларусь не Ўкраіна, у Беларусі пятля накідаецца спакваля.

Толькі вось колькі ні накідвай, у людзей ад гэтага грошай больш ня стане. У тым ліку ў «купіздаяў», у тых, хто кантралюе і карае. Гэта пакуль яны як эцылопы з «Кін-Дза-Дзы» могуць пальцам тыцнуць у грамадзяніна, сказаць «ку», і атрымаць што трэба. Дый не сабе, а «гаспадзіну Пэжэ».

Але пасьля пачнецца – сабе. Бо дзе яшчэ ўзяць? Гэта будзе масавая дробная карупцыя. Калі закон не выконваецца з абодвух бакоў, і калі паўстаюць новыя – негалосныя – правілы.

Хочацца ўжо цяпер сказаць «купіздаям», маўляў, ды сабатуйце вы якія-кольвек карныя загады. Займайцеся выключна профільнай справай: лавіце злачынцаў, лічыце падаткі, дапамагайце разьвівацца малому бізнэсу.

Бо быў адзін вядомы старажытны рымскі «рукавадзіцель», які законам пастанавіў лічыць каменьчыкі на беразе мора грашыма. Вядома чым скончыў і ён, і ягонае «гасударства для народа». Накрыла ўсіх.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

XS
SM
MD
LG