Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Коні ў міліцыі і ў ягонай адміністрацыі. А які я конь пасьля будоўлі?»


У Беларусі распачалася падрыхтоўка да падвышэньня пэнсійнага ўзросту. Аляксандар Лукашэнка заявіў на адмысловай нарадзе: «55–60 гадоў — гэта нармальны ўзрост. І скажы жанчыне, што яна старая ў 55 гадоў або пэнсіянэрка! Слухайце, пакрыўдзіцца! А калі мы прапануем: калі ты не старая, не пэнсіянэрка, давай папрацуй — іншае нейкае меркаваньне. Тое ж самае і пра мужыкоў можна сказаць. Яны дэманстратыўна ня крыўдзяцца, але ў душы. У 60 гадоў мужык — гэта конь, на якім можна яшчэ араць і плугам не ў адзін корпус, а ў тры корпусы зачапіць, і пацягне». Лукашэнка адзначыў, што сярэдняя працягласьць жыцьця ў краіне павялічылася ў параўнаньні зь 90-мі гадамі мінулага стагодзьдзя.

Ці згодныя з такім меркаваньнем цяперашнія і патэнцыйныя пэнсіянэры, Свабода пацікавілася ў мінакоў на вуліцах Менску:



«„Коні“ у міліцыі і ў ягонай адміністрацыі — няхай там пашукае»

Жанчына з пакетам прадуктаў: «Занадта рана нам пэнсію „намералі“?! Нібыта тады, калі прызначалі гэтыя пэнсіі, людзі па 45 гадоў жылі, а зараз раптам па 90 сталі! Я, да прыкладу, усё жыцьцё на „Інтэграле“ прапрацавала, у цэху, дзе кіслоты, дзе шкоднасьць вялікая — у нас маладыя жанчыны — нарадзіць ніхто нармальна ня мог — ні ў каго здароўя не было ўжо ў маладосьці, ва ўсіх, хто ў цэхах працаваў. Зубы павысыпаліся і валасы таксама — вось якія мы маладыя ў 55 гадоў. А мужчыны з нашага цэху — многіх ужо няма. А зараз хочуць зрабіць так, каб мы ўвогуле на працы і паміралі — і мужчыны і жанчыны».

Жанчына-пэнсіянэрка, працуе прыбіральшчыцай: «Я сёньня прыйшла на працу і зьвярнула ўвагу: мае каляжанкі — пэнсіянэркі: маладзейшыя, старэйшыя і нават у добрым веку. Гэта ж ганьба! Якраз і гаворка зайшла, яны і кажуць, што мусяць ісьці на працу, бо ня могуць пражыць на адну пэнсію! Людзі адпрацавалі ўсё жыцьцё і мусяць працаваць да сьмерці на ежу, бо нашых пэнсій і нават разам з гэтымі заробкамі — ні на што іншае не хапае. І я таксама — я пэнсіянэрка і мушу працаваць яшчэ на дзьвюх працах! Калі б мне маёй пэнсіі хапала ці я б гэтак працавала яшчэ? А што на працы было — я была прыбіральшчыца у ЖЭСе ўсё жыцьцё, каб ня выгналі са службовага жыльля. Я і тады падпрацоўвала, бо за тыя заробкі таксама нічога „лішняга“ дазволіць сабе не магла. І што, доўга я так змагу па дзьве-тры працы цягнуць? Ад работы нават коні дохнуць. Што людзі пра гэта кажуць? Клянуць людзі».

Мужчына — зьбіральнік вазкоў каля гіпермаркета: «„Коні“ у міліцыі і ў ягонай адміністрацыі — няхай там пашукае. А я конь пасьля будоўлі? Працавалі і працуюць — і ў холад, і ў сьпёку — смалой расплаўленай дыхалі, грузы якія пераносілі. А на рыштаваньні будаўнічыя ў 65 гадоў нехта залезе, на вышыні ў 16 паверхаў працаваць? Хіба залезьці, каб разьбіцца — няхай бы самі паспрабавалі. Канечне, Лукашэнка сам і ягоная зграя — ім і да 80 можна працаваць — што яны робяць у сваіх кабінэтах? І пэнсіі сабе па 15 мільёнаў намераюць — навошта ім на пэнсіі працаваць? Ім можна і паразважаць якія мы „коні“, што я мушу вазкі вось зараз зьбіраць, бо на пэнсію пражыць не магчыма. Зажэрліся і абнаглелі».


Лукашэнка заяўляе пра тры варыянты падвышэньня пэнсійнага веку: зь цяперашніх 60 і 55 гадоў для мужчын і жанчын — адпаведна да 65 і 60, 63 і 60, альбо 63 і 58 год. Ці ёсьць гэтыя прапановы абгрунтаваныя эканамічна мяркуе эканаміст і палітык Леў Марголін:

«Тая сыстэма, якая ёсьць у нас — яна цалкам залежыць ад эканамічнага ўзроўню, які зараз ёсьць у нашай краіне. Калі добра працуе эканоміка, то і „салідарная“ пэнсыйная сыстэма таксама працуе добра. Гэта паказвае досьвед вельмі многіх разьвітых эканамічных капіталістычных краін. Адпаведна, калі эканоміка трашчыць па швах, то і салідарная пэнсыйная сыстэма ідзе сьледам. Але цікава тое, што ад падвышэньня пэнсійнага ўзросту нейкія зьмены ў гэтай сыстэме ня вельмі залежаць. Бо падвышэньне пэнсійнага ўзросту ня робіцца так, што сёньня было 60, а заўтра ўжо 65. Гэта звычайна адбываецца павольна, па некалькі месяцаў на год. Я думаю, што і ў нас так будзе і таму — я больш, чым упэўнены — нашае кіраўніцтва не дачакаецца станоўчых вынікаў гэтай „рэформы“. Гэта паўплывае на пэнсійны фонд толькі праз некалькі гадоў.
Вядома, што гэта балюча, асабліва ў нашай краіне з гледжаньня заробкаў людзей. Калі чалавек зарабляе 2-3 мільёны, то ён глядзіць на гэтую пэнсію, як на „манну нябесную“, бо гэта дадаткова яшчэ 2-3 мільёны — і тады, нарэшце можна жыць. А тут — як тая „моркаўка“ перад восьлікам — адыходзіць усё далей і далей. А што тычыцца мужчын, то яны ўвогуле могуць да патрэбнага часу і не дажыць».


«Калі мужчыну бязглузда параўноўваюць з канём, то коней куплялі, гледзячы на іх зубы»


На канец 2015 году сярэдняя пэнсія ў Беларусі складала 2 839 400 рублёў, альбо каля 153 даляраў ЗША. Калі сярэдняя працягласьць жыцьця — 67 гадоў для мужчын і 78 для жанчын, — то мужчынам скароцяць гады на пэнсіі з 7 да 4 ці 2, а жанчынам — з 23 да 20 ці 18. Лідэр незалежнага прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч мяркуе, што пэнсійную рэформу варта пачынаць не мэханічным падвышэньнем пэнсійнага ўзросту:

«Безумоўна, тое, што зараз адбываецца ў пэнсійнай сыстэме — так далей працягвацца ня можа. Але так, як гэта было прапанавана паводле трох варыянтаў падвышэньня пэнсійнага ўзросту, то гэта таксама можна абгрунтаваць, што маўляў, 100 чалавек працуе на 61 пэнсіянэра. Але хто сёньня рабіў маніторынг здароўя мужчын пасьля 60-гадовага ўзросту? І, калі такога мужчыну бязглузда параўноўваюць з канём, то дазволю сабе нагадаць, што коней калісьці куплялі, гледзячы на іх зубы. Калі ў каня добрыя зубы, значыць ён добра есьць, мае добрае здароўе і сілу і можа добра цягнуць свой воз. Паглядзіце сёньня ў стаматолягаў на людзей 60-гадовага ўзросту — там хутка ня будзе чым есьці. А мы кажам пра конскае здароўе — здароўе нацыі згубленае.

І што тычыцца пэнсійнай рэформы, то яна можа мець месца, але для гэтага трэба ўзяць не расейскі нейкі варыянт, а, да прыкладу, узяць узор у латышоў. Там ёсьць мінімальная і максымальная пэнсія для ўсіх працаўнікоў. Палічыце пэнсіі тых, хто працуе ў сілавых структурах, войску — якая гэта нагрузка на бюджэт? Распавядзіце гэта людзям і правядзіце грамадзкія слуханьні, што калі да 60 гадоў будуць працаваць тыя, хто ідзе зараз на пэнсію ў 45, то гэта будзе гэткая эканомія для бюджэту. А калі пры гэтым пэнсія ня будзе вышэй за 2-3 мільёны і трэба падвышаць пэнсійны ўзрост усё роўна і для астатніх працаўнікоў, то пэнсія будзе аднолькавая для ўсіх катэгорый, пачынаючы ад прэзыдэнта і ягоных чыноўнікаў, да сьлесара на заводзе. І тады гэта будзе справядліва і тады будзе зразумела, што гэта неабходна рабіць у наш час. А калі гэта робіцца так, што ўсе згодныя, акрамя пэнсіянэраў, то прабачце, якая ж гэта рэформа? А працавала б эканоміка, то былі б і грошы. Безумоўна, што гэты ператрус ні ў чым не павінных людзей зьвязаны з тым, што ўлады ня здолелі арганізаваць эфэктыўную працу эканомікі краіны».

«Беларускае кіраўніцтва правяло шэраг экспэрымэнтаў над „народцам“, і пабачыла, што глытаюць гэтыя непапулярныя захады»


Лукашэнка адзначыў, што знаходзіцца паміж двума меркаваньнямі: прапановамі ўраду па павышэньні пэнсійнага ўзросту, заснаванымі на эканоміцы, і меркаваньнем народу. Але заявы пра клопат аб меркаваньні народу ў Беларусі ніколі ня спраўджваюцца: рашэньне прымаецца ня з гледжаньня эканамічнай мэтазгоднасьці і інтарэсаў людзей, а зь меркаваньняў самазахаванасьці самога чынавенскага корпусу. Палітоляг Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што непапулярныя крокі ўраду будуць зацьверджаныя кіраўніком краіны:

«Пэнсійную рэформу варта было б праводзіць у так званыя «тлустыя» гады, калі даходы беларусаў расьлі. Прычым гаворка вядзецца менавіта пра пэнсійную рэформу, а не банальнае задзіраньне пэнсійнага ўзросту, як гэта плянуюць зрабіць улады. Але, калі вярнуцца ў 2000 — гады, калі начальству ў Беларусі здавалася, што танная расейская нафта-газавая «дурніца» будзе вечнай, то пра рэформы тады ніхто ня думаў. Падпіраць стала ў апошнія гады, але летась Аляксандр Лукашэнка думаў пра сваё «абраньне», таму адмахваўся ад пэнсійнай праблемы і заспакойваў электарат, што, маўляў, яна рубам яшчэ ня стала і рана пра яе казаць. А зараз, каб нешта тэрмінова вырашаць, бо ў казьне банальна няма грошай, то вырашаюць самым прымітыўным спосабам — падвышэньнем пэнсійнага ўзросту. Хоць незалежныя экспэрты і аналітыкі даўно раілі выкарыстоўваць элемэнт накапляльнай сыстэмы. Бо зараз у нас працягвае працаваць састарэлая, яшчэ з савецкіх часоў, так званая салідарная сыстэма. Гэта, калі дзяржава сама «наразае» пэнсію — тонкімі скрылікамі адной катэгорыі пэнсіянэраў і больш тлустымі для іншай. Пры накапляльнай сыстэме чалавек сам працуе на сваю пэнсію і калі добра працуе, то мае добры капітал на сталасьць. Але дзеля гэтага неабходны цэлы комплекс рэформаў: у прыватнасьці, павінны працаваць фінансавы рынак, на якім прыватныя пэнсійныя фонды маглі бы «пракручваць» грошы і на іх маглі бы скоплівацца добрыя працэнты. Гэта азначае ламаньне ўсёй эканамічнай сыстэмы, чаго беларуская ўлада вельмі баіцца. Бо сёньня пэнсіянэры — гэта «государевы» людзі, якім «клапатлівы бацька» «дае» гэтыя пэнсіі. Калі будзе працаваць накапляльная сыстэма, то чалавек будзе сам пачувацца гаспадаром свайго лёсу і ляяльнасьць гэтай катэгорыі электарату да ўладаў можа істотна зьменшыцца.

Ці баіцца Аляксандр Лукашэнка нейкіх бунтаў на гэтай глебе? Думаю, што ня надта. Па-першае, што няма выйсьця — казна пустая і праблема будзе абвастрацца. А па-другое — беларускае кіраўніцтва правяло ўжо шэраг экспэрымэнтаў над «народцам», як яны называюць, і пабачылі, што збольшага глытаюць гэтыя непапулярныя захады. Таму спадзяюцца, што і зараз праглынуць, хоць гэтыя захады не дадуць, па вялікім рахунку, выйсьці з заганнай сытуацыі, бо ўлады па-ранейшаму ўпарта адмаўляюцца праводзіць комплексныя сыстэмныя рэформы ў Беларусі".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG