Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ляжыць у вэгетатыўным стане». Маці ў шпіталі наглядае за сынам пасьля спробы суіцыду ў турме


Ягор Пратасеня, архіўнае фота

Ягор Пратасеня, архіўнае фота

Праверку спробы суіцыду жыхара Салігорску Ягора Пратасені, якая вядзецца ў Сьледчым камітэце са студзеня, працягнулі да канца сакавіка. Пра гэта маці былога вязьня жодзінскай калёніі Сьвятлана Пратасеня паведаміла карэспандэнту Свабоды. Жанчына атрымала ліст зь міліцыі пасьля таго, як патэлефанавала на «гарачую лінію», якую праводзіла МУС. «Інакш бы не паведамілі. А ад сьледчых з СК саміх нічога няма. Што там расьсьледаваць тры месяцы, незразумела», — кажа Сьвятлана Пратасеня.

Ужо тыдзенья як Ягор Пратасеня перавезены з менскага турэмнага шпіталя ў салігорскі шпіталь. Пра здароўе сына Святлана Пратасеня апавяла без настрою:

«Ляжыць ў вэгетатыўным стане, у прытомнасьць так і не прыйшоў. Цяпер паклалі ў агульную палату, там яшчэ 5 мужчын ляжаць, але лепшыя. Калі я падыходжу дык вочы адкрывае, нібыта рэагуе, але больш нічога. Як прыбяру яго, дагледжу, пакармлю, дык потым вочы закрывае. Лекары сказалі, што мусіць быць цуд, каб прыйшоў у прытомнасьць, дык буду чакаць цуду. А што застаецца?»

У канцы 2015 году Салігорскі раённы суд асудзіў Ягора Пратасеню да 14 гадоў зьняволеньня за распаўсюд наркотыкаў. Пазьней Менскі абласны суд прысуд пацьвердзіў, але вызваліў Ягора Пратасеню ад адказнасьці з прычыны стану здароўя асуджанага. З пачатку году Ягор Пратасеня знаходзіцца ў стане комы пасьля няўдалай спробы суіцыду ў жодзінскай калёніі. На спатканьні з маці пасьля вынясеньня прысуду ў сьнежні 2015 году і ў ранейшых лістах да яе з калёніі Ягор Пратасеня расказваў пра катаваньні і зьдзек з боку апэратыўных супрацоўнікаў салігорскай управы наркакантролю, якія, як ён лічыць, сфабрыкавалі на яго крымінальную справу. Хлопец папярэджваў, што на знак пратэсту і каб адпомсьціць міліцыянтам скончыць жыцьцё самагубствам. Сьвятлана Пратасеня шмат разоў зьвярталася ў міліцыю і пракуратуру, каб правялі дадатковую праверку справы яе сына. 4-5 студзеня ў адзіночнай камэры жодзінскай калёніі Ягор Пратасеня спрабаваў павесіцца, яго дасталі зь пятлі ахоўнікі. Міліцыянты сказалі, што ў пятлі вязень прабыў нязначны час, аднак Сьвятлана Пратасеня ў гэта ня верыць і падазрае міліцыянтаў у нядбайнасьці. Маці спасылаецца на дрэнныя наступствы, бо сын у коме.

Сьвятлана Пратасеня спадзяецца, што цягам тыдня лекары падрыхтуюць усе належныя паперы для афармленьня інваліднасьці сыну. «Тады забяру яго і буду даглядаць дома, сама. Кропельніцу ставіць ды мяняць пампэрсы я ўмею, карміць буду праз трубачку, як цяпер. Дзякуй, што падтрымліваеце», — сказала маці былога вязьня.

Калі Ягор Пратасеня прыйдзе ў прытомнасьць, меры зьняволеньня яго праз рашэньне суду будуць адноўленыя.

XS
SM
MD
LG