Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нямецкі ўрад пачаў клапаціцца пра сэкс уцекачоў


Ілюстрацыйнае фота: уцекачы на вакзале ў Нямеччыне, верасень 2015.

Ілюстрацыйнае фота: уцекачы на вакзале ў Нямеччыне, верасень 2015.

Нямецкі ўрадавы партал разьмясьціў тлумачэньне, якое падрыхтаваў Фэдэральны цэнтар мэдычнай асьветы ў пытаньнях здароўя. Яно адраснае — для ўцекачоў, якія прыбылі ў ФРГ з краін, ахопленых вайной і крызісамі. Паводле задумы спэцыялістаў цэнтру, гэта павінна палегчыць зносіны кансультантаў і лекараў зь людзьмі, якія не валодаюць нямецкай.

Фэдэральны цэнтар мэдычнай асьветы ў пытаньнях здароўя, разьмешчаны ў Кёльне, для лепшага ўспрыманьня шырокай аўдыторыяй разьмясьціў на ўрадавым партале тлумачэньні для бежанцаў на 12 мовах, у тым ліку, польскай і расейскай, аб сэксуальных адносінах, магчымых палавых хваробах і плянаваньні сям’і.

Калі дома не давучыўся

Прыежджыя ў ФРГ могуць даведацца, у прыватнасьці, пра тое, што такое сэкс наогул, як зьдзяйсьняць палавы кантакт упершыню, як зьмяняць рытмы цела падчас інтымных адносін, як карыстацца прэзэрватывам, як і што рабіць. А таксама як функцыянуе той ці іншы орган, дзе разьмешчаны «кропкі асалоды», якія позы лепш выбіраць. Адмысловы разьдзел — для людзей зь нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй.

Дзеля зручнасьці ўсе тлумачэньні суправаджаюцца графікай і малюнкамі. Распрацоўшчыкі разьмясьцілі іх пад назвай «Мой арганізм у словах і малюнках». І па разьдзелах: «Сэксуальныя праблемы», «Сэкс упершыню», «Страх перад сэксам», «Сэкс і цяжарнасьць», «Розныя віды сэксу». І нават тлумачэньне, навошта наогул займацца сэксам, з парадамі: для таго, каб «завесьці дзяцей, атрымаць задавальненьне, выказаць каханьне ды іншыя пачуцьці, адчуць блізкасьць з выбраньнікам, расслабіцца». Таксама, што сэксам можна займацца з партнэрам або партнэрамі, але можна абысьціся і бязь іх — і жанчынам, і мужчынам — і якім чынам гэта рабіць. Урад нагадвае, што прастытуцыя ў Нямеччыне легалізаваная, а самі яе носьбіты называюцца сэкс-работнікамі. І што гэта часта ня толькі жанчыны, але і мужчыны, чыімі кліентамі могуць быць прадстаўнікі абодвух палоў.


Выкладзенае на ўрадавым партале выклікала палярныя дыскусіі ў нямецкім грамадзтве. Гаген Грэль, нямецкі блогер, выкладае сваё бачаньне аднаго з правакацыйных малюнкаў на інтэрнэт-старонцы — выявы, дзе цемнаскуры чалавек сьпіць зь белай жанчынай:

«Я думаю, менавіта гэты факт выклікаў дыскусію, паколькі многія мігранты — цемнаскурыя, у прыватнасьці, тыя, хто прыбылі з арабскіх краін. Улічваючы выпадкі гвалту над жанчынамі ў навагоднюю ноч каля кёльнскага вакзалу і ў іншых гарадах Нямеччыны, гэта можна разглядаць як інструкцыю для згвалтаваньня белай жанчыны. Вядома, на малюнку сытуацыя добраахвотнай згоды, то бок выява станоўчая. Але ўзьнікае непрыемнае адчуваньне, якое ўзьнікла ў мяне, напрыклад. Відавочна, стваральнікі парталу рабілі гэта бяз злога намеру, яны хацелі паказаць менавіта тое, што мы бачым. Але ствараецца ўражаньне, што хтосьці распаўсюджвае прапаганду, не ўсьведамляючы, што гэта — прапаганда», — робіць выснову нямецкі блогер.

Гэта можна разглядаць як інструкцыю для згвалтаваньня белай жанчыны


Распрацоўшчыкі гэтай інфармацыйнай плятформы зь Фэдэральнага цэнтру мэдычнай асьветы ў пытаньнях здароўя тлумачаць, што яна створана для мігрантаў, якія патрабуюць дадатковага тлумачэньня з нагоды сэксуальных адносін. Бо ў тых краінах, адкуль прыбываюць уцекачы, сэксуальная адукацыя пераважна або адсутнічае наогул, або не зьяўляецца прадметам навучаньня. А таксама сьцьвярджаюць, што матэрыял разьлічаны перш за ўсё на супрацоўнікаў кансультацыйных бюро і лекараў — для палягчэньня іх маўленчых зносін зь бежанцамі.

У адным з выпускаў часопіс «Bild» спытаў у дзяржаўнага сакратара Міністэрства па пытаньнях сям’і ФРГ Эльке Фернэр, чаму ўрад вырашыў прыцягнуць да сэксуальнай адукацыi менавіта мігрантаў? Фэрнер патлумачыла, што «ўцекачы, якія пражываюць у Германіі нядоўга, павінны атрымаць пэрсанальны і прамы доступ да ведаў у гэтай сфэры».

XS
SM
MD
LG