Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Алег Грузьдзіловіч, Ян Максімюк.

Максімюк: Я разумею, што маё пытаньне гучыць вельмі правакацыйна. Але я хачу зьвярнуцца да найноўшага дакладу экалягічнай арганізацыі «Грынпіс» «Ядзерныя шнары: шматгадовая спадчына Чарнобылю і Фукусімы».

Напярэдадні 30-х і 5-х угодкаў ядзерных аварыяў у Чарнобылі і Фукусіме «Грынпіс» замовіў некалькі падрабязных дасьледаваньняў. Іх аўтары вывучылі радыеактыўнае забруджаньне пацярпелых раёнаў і ўплыў аварыяў на здароўе насельніцтва. Экспэрты «Грынпісу» па пытаньнях радыяцыі таксама правялі шэраг палявых дасьледаваньняў у Расеі, Украіне і Японіі, дзе пражываюць людзі, якія пацярпелі ад катастрофаў.

Вынікам гэтай працы і стаў даклад, пра які я ўжо казаў. Гледзячы на тое, якія шнары пакінулі Чарнобыль і Фукусіма на грамадзтве, здароўі людзей і прыродзе, становіцца ясна, робіць выснову «Грынпіс», што самы надзейны шлях у будучыню — адмовіцца ад выкарыстаньня атамнай энэргіі і перайсьці на больш бясьпечныя, чыстыя крыніцы энэргіі.

Ян Максімюк

Ян Максімюк

Я, дарэчы, сёньня патэлефанаваў у маскоўскае бюро «Грынпісу», каб запытацца, чаму гэтыя дасьледаваньні праводзіліся ва Ўкраіне і ў Расеі, а не праводзіліся ў Беларусі, на якую прыпала 80% радыеактыўных ападкаў. І мне адзін з экспэртаў сказаў, што так было заплянавана, а раней яны рабілі замеры і ў Беларусі.

Але Беларусь, натуральна, згадваецца і ў гэтай справаздачы. Паводле «Грынпісу», прыкладна 5 мільёнаў чалавек пражываюць на забруджанай тэрыторыі. Зь іх 1,1 мільёна — у Беларусі. Яны зьвяртаюць увагу, што лясы вакол Чарнобылю ператварыліся ў моцную крыніцу радыеактыўнага забруджаньня і што радыеактыўныя ізатопы перайшлі ў грыбы, драўніну, у рыбу і г. д.

І ад дакладу «Грынпісу» можна перайсьці да грамадзкага ўспрыняцьця Чарнобыльскай катастрофы беларусамі. Якім чынам зьмянілася яно праз 30 гадоў пасьля гэтай трагічнай падзеі?

А са свайго польскага досьведу магу сказаць, што ў Польшчы амаль ня помняць пра Чарнобыль.

Глод: Мне падаецца, што калі сытуацыя ў Беларусі і адрозьніваецца ад польскай, то не нашмат. Калі мы разглядалі першыя два пытаньні (пра пэнсійны ўзрост і сьмяротнае пакараньне), то адзначалі — вельмі важна, як сытуацыя ўспрымаецца людзьмі, народам. А яна ўспрымаецца найперш праз тэлевізар.

Уладзімер Глод

Уладзімер Глод

А ў «беларускім тэлевізары» пра небясьпеку не пачуеш. Там гавораць выключна пра «мірны атам». І сёньня гульню ў «мірны атам» даводзяць да абсурду. Улады сьцьвярджаюць, што Чарнобыль не паўплываў на здароўе наступных пакаленьняў і г. д. Але ж дактары кажуць пра іншае: усе гэтыя лейкозы, усе гэтыя выродлівасьці, уся анкалёгія, якая з усіх бакоў павылазіла, сталі непасрэдным наступствам ядзернай катастрофы. Але, на жаль, у беларускім грамадзтве пануе традыцыйная абыякавасьць: маўляў, пакуль пабудуюць, пакуль запусьцяць, дык яшчэ дзясятак гадоў пройдзе, нас гэта ня тычыцца.

Але калі ў Беларусі насамрэч збудуюць атамную электрастанцыю, а да гэтага ўсё ідзе, то ўсе папярэднія намаганьні ліквідаваць наступствы Чарнобыльскай катастрофы будуць змарнаваныя. Бо новая АЭС у Астраўцы — гэта і новая пагроза. Нас спрабуюць супакоіць, што ў Астраўцы будзе самае сучаснае абсталяваньне. Але калі атамныя катастрофы адбываюцца ў такой высокатэхналягічнай краіне, як Японія, то якія гарантыі могуць даць расейцы? Ніякіх.

Я думаю, што тут магла б лепей спрацаваць і апазыцыя. Бо калі надыходзіць час чарговага «Чарнобыльскага шляху», то ўсё застаецца па-ранейшаму: традыцыйны шлях на Бангалор зь дзяжурным мітынгам і ўскладаньнем кветак ля капліцы. Але, на маё перакананьне, трэба шукаць нешта новае. І засяродзіць усю сваю ўвагу, усе свае сілы на скаардынаваных дзеяньнях, зьвязаных з будаўніцтвам новай АЭС. Бо сёньня новы магчымы Чарнобыль — гэта Астравец.

Грузьдзіловіч: Удакладню, што аварыя на японскай Фукусіме мела прычынай усё ж не тэхнагенныя праблемы, а прыродныя, бо аварыя на АЭС здарылася пасьля вялікага цунамі. Між тым аўтарам Чарнобыльскай аварыі быў менавіта чалавек, пэўны савецкі чалавек. Але ўсё роўна гэта сьведчыць пра небясьпеку ядзернай энэргетыкі, і нездарма ў Японіі грамадзтва схіляецца ўвогуле да адмовы ад усіх АЭС.

Алег Грузьдзіловіч

Алег Грузьдзіловіч

І калі перакідаць мосьцік ад Чарнобыля ў Астравец, то я нядаўна прачытаў у інтэрнэце расповед чалавека, які ехаў з Украіны ў адным цягніку з украінскімі спэцыялістамі, якіх Беларусь завэрбавала для працы на нашай АЭС у Астраўцы. Дык аўтар зьвярнуў увагу на тое, як паводзілі сябе гэтыя людзі ў цягніку, як шмат выпівалі, і жахнуўся. Што ж гэта будзе за АЭС з такімі будаўнікамі, з такім абслуговым пэрсаналам?

Вось з гэтай боязьзю я згодны. Бо той савецкі чалавек, які прывёў да чарнобыльскай аварыі, ён нікуды не падзеўся, тым больш у Лукашэнкавай Беларусі. Тых, хто лічыць, што нават калі нельга, дык усё роўна можна, бо вельмі трэба, — іх застаецца вельмі шмат. І менавіта зь іх будуць набіраць штат станцыі — адкуль жа ўзяць іншых? І нават калі дырэктарам Беларускай АЭС прызначаць вельмі тэхнічна граматнага чалавека, побач заўсёды можа аказацца той інжынэр, які, як на Чарнобыльскай АЭС, дзеля нейкай быццам эканоміі энэргіі, а насамрэч дзеля атрыманьня прэміі ці дзеля кар’ерных мэтаў, вырашыць правесьці незаплянаваны экспэрымэнт — і... аварыя. Таму ўсё ж варта апасацца, што чарнобыльская тэма яшчэ пагрукаецца ў наш беларускі дом, каб сапраўды гэтага не адбылося.

Што да стаўленьня беларусаў да Чарнобылю, дык, на маю думку, Чарнобыль паступова ператварыўся ў такі гістарычны факт, як Айчынная вайна. Факт, якім тыя, у каго ў руках ідэалягічныя рычагі, у пэўным сэнсе маніпулююць. Хочуць — замоўчваюць, хочуць — нешта выціскаюць з гэтага факту для сябе выгаднае. Лукашэнка вунь едзе на чарговую гадавіну аварыі па чарнобыльскіх раёнах, якія сам жа прызнаў ужо амаль чыстымі. Але гэта раз на год, а ў астатнія дні пра Чарнобыль у нас забываюць.

Днямі «Эўраньюс» у навінах рабіў рэпартаж пра гадавіну Чарнобылю, у якім згадваліся як пацярпелыя краіны Ўкраіна і Расея, а пра Беларусь ані слова. Але гэтак і было 30 гадоў таму, што пра Беларусь як пацярпелую ані слова, і мы ўсе з гэтым змагаліся. Выходзіць, вярнуліся на зыходныя пазыцыі.

У жыцьцё прыходзяць новыя пакаленьні, для якіх тэма Чарнобылю — толькі абзац у падручніку гісторыі. А тых, для каго гэта нешта вельмі асабістае, усё меней. Для мяне гэта застаецца асабістай і вельмі важнай тэмай, бо аварыяй закранула сваякоў, давялося працаваць у забруджаным раёне, я шмат пісаў пра гэтую праблему як журналіст. Нават аднаго хлопчыка, які захварэў на рак крыві ў Брагінскім раёне, магчыма, з-за Чарнобылю, удалося ўладкаваць да нямецкіх лекараў — і ён паправіўся і да сёньня жывы-здаровы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG