Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Баранавічах праз канфлікт з кантралёрамі жанчыну пасьля родаў забралі ў СІЗА


22-гадовую Любоў Базылевіч проста з радзільні забралі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, а потым перавялі ў СІЗА. Яе нованароджанага сына адправілі ў дзіцячую бальніцу на штучнае гадаваньне.

Жанчыну абвінавачваюць у тым, што яна зьбіла кантралёраў у гарадзкім аўтобусе. Праваабаронцы лічаць такую меру стрыманьня для маладой мамы празьмерна жорсткай. Пра гэта інфармуе сайт intex-press.by.

Любоў Базылевіч жыве з бацькамі і двума маленькімі дзецьмі — двух і чатырох гадоў — у Жыткавічах. У Баранавічы яна прыехала, каб нарадзіць трэцяе дзіця: там жыве яе грамадзянскі муж.

17 лютага Любоў Базылевіч разам з маці і сьвякрухай ехала ў аўтобусе № 16 у жаночую кансультацыю.

— На прыпынку «Лядовы палац» у аўтобус зайшлі кантралёры. Адна зь іх праверыла нашы талёны і сказала, што адзін прабіты два разы, — кажа Рада, маці Любові Базылевіч. — Дачка адразу прызналася, што гэта яе талён. Мы сталі прасіць, каб ёй, цяжарнай, даравалі.

Але кантралёры настойвалі на штрафе. Паводле словаў Рады, 105 тысяч рублёў у іх з сабой не было. Калі аўтобус пад’ехаў да прыпынку «вуліца Брэсцкая», дзе жанчынам трэба было выходзіць, Любоў Базылевіч накіравалася да дзьвярэй. Кантралёр заступіла ёй дарогу. Тады Любоў пайшла да другіх дзьвярэй, але там яе спыніў кантралёр-мужчына.

— Ён яе адштурхнуў, і Люба ўпала ў праход паміж сядзеньнямі, — кажа Рада. — Мы яе паднялі і сталі сароміць кантралёра: як мужчына можа так абыходзіцца з жанчынай, тым больш цяжарнай?

Канфлікт разгараўся. Рада запэўнівае, што мужчына абразьліва адгукаўся аб іх цыганскай нацыянальнасьці — з-за ўсяго таго, што адбывалася, жанчыны не маглі кантраляваць свае эмоцыі.

— Дачка рвалася да кантралёра, але я яе ўтрымлівала. Праз маё плячо яна ўсё-ткі ўдарыла яго па твары, а свацьця сьцягнула зь яго шапку. Мы і ня думалі, што з-за гэтага завядуць крымінальную справу, — кажа Рада.

Паводле яе слоў, жанчына-кантралёр здымала тое, што адбываецца, на тэлефон з таго моманту, калі Рада і яе свацьця кінуліся абараняць цяжарную дзяўчыну. Знэрваваная Люба спрабавала выхапіць ў яе тэлефон.

Як сьцьвярджаюць журналісты сайту intex-press.by, даведацца вэрсію іншага боку канфлікту не ўдалося: абодва кантралёры адмовіліся ад камэнтараў. Паводле словаў сьледчага, кантралёры сьцьвярджаюць, што дзяўчыну не штурхалі і не зьневажалі.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч лічыць, што СІЗА — занадта жорсткая мера стрыманьня для любога чалавека, які падазраецца ў менш цяжкім злачынстве. Тым больш для жанчыны, якая мае нованароджанае дзіця.

«Згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам, заключэньне пад варту прымяняецца, калі падазраваны не зьяўляецца ў сьледчыя органы, ёсьць падазрэньне, што ён можа ўцячы, ці ня мае пастаяннага месца жыхарства ў Беларусі. У дадзенай сытуацыі я ня бачу падстаў для такой жорсткай меры стрыманьня. На мой погляд, яе цалкам можна замяніць, напрыклад, на хатні арышт ці падпіску аб нявыезьдзе».

Такога самага меркаваньня прытрымліваецца і адвакат Любові, якая накіравала скаргу ў суд Баранавіцкага раёну і гораду Баранавічы з просьбай улічыць абставіны арыштаванай: у яе трое малалетніх дзяцей, адзін зь якіх — нованароджаны, і зьмяніць меру стрыманьня. Скаргу не задаволілі. Адвакат зьвярнулася ў Берасьцейскі абласны суд, які 11 сакавіка, паводле яе словаў, пастанавіў вызваліць Любоў Базылевіч з-пад варты.

Сытуацыю пракамэнтавалі і іншыя спэцыялісты.

Алена Ярсой, псыхоляг: «У жанчын у пэрыяд цяжарнасьці зьмяняецца гарманальны фон, адбываюцца зьмены ў псыхіцы, жанчыны становяцца больш эмацыйнымі. Людзям трэба быць больш цярплівымі да цяжарных і разумець, што яны ў гэты пэрыяд знаходзяцца ў іншым, зьмененым стане».

Іна Тарасюк, экспэрт па грудным выкормліваньні: «Разлука з мамай — гэта стрэс для нованароджанага: як у цэлым для яго арганізму, так і для псыхічнага стану. Па-першае, немаўляці даводзіцца прывыкаць да штучнага гадаваньня, якое для яго чужароднае, але галоўнае — побач зь ім няма мамы, і яно эмацыйна адчувае сябе як дзіця, ад якога адмовіліся. Праз усё гэта выздараўленьне дзіцяці можа зацягнуцца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG