Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як паведамляе партал TUT.by, адзін з уплывовых некалі бізнэсоўцаў краіны, які ўваходзіў у найбліжэйшае кола кіраўніка Беларусі, Юры Чыж затрыманы супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі няма.

Паводле TUT.by, гэтую інфармацыю паведамілі карыстальнікі парталу і пацьвердзілі некалькі інфармаваных крыніц.

«У „Трайпл“ былі клясычныя „маскі-шоў“. КДБ затрымала кіраўнікоў кампаніі», — напісалі карыстальнікі.

«Вы разумееце, што бяз санкцый кіраўніка дзяржавы нічога не адбылося. Але ён (Юры Чыж. — TUT.BY) ужо некалькі месяцаў быў у няміласьці. Таму нельга сказаць, што затрымалі члена каманды прэзыдэнта», — кажа суразмоўца.

«Яго ўплыў, можа быць, аслабнуў, але не настолькі, каб не змагацца за свой бізнэс, якому ўжо больш за 20 гадоў. Не апярэджваць падзеі. Усё будзе нармальна», — парыруе чалавек з атачэньня Чыжа.

Непрыемнасьці пачалі перасьледаваць кіраўніка групы кампаній «Трайпл» Юрыя Чыжа неўзабаве пасьля затрыманьня яго партнэра Ўладзіміра Япрынцава. Паміж імі адбыўся канфлікт. І меркаваньне дзелавых колаў падзялілася з нагоды ўдзелу ў гэтым асноўнага ўладальніка «Трайплу». Адны лічылі, што Чыж мусіў падставіць плячо свайму паплечніку, іншыя лічылі, што правільна зрабіў, што здаў Япрынцава. «На грошы папаў сын Япрынцава. Валодзя як бацька хацеў выратаваць сытуацыю. Але ў выніку сам трапіў за краты па наводцы Юрыя», — кажа крыніца. «А пры чым тут дружба? Як гаворыцца, нічога асабістага — толькі бізнэс. Япрынцавы накуралесілі — гэта іх справы», — апануе чалавек з атачэньня Чыжа.

Крыніцы сьцьвярджаюць, што абодва карысталіся заступніцтвам на самым версе і пад гэтай маркай вялі бізнэс. «Асноўныя падазрэньні — ашуканскія схемы, вывад капіталу за мяжу. Пасывы і актывы ўжо даўно ў бізнэсоўца ня скачуць», - кажа суразмоўца парталу TUT.by.

У «Трайпл» адмовіліся ад камэнтароў. Юры Чыж не здымае трубку. У КДБ атрымаць камэнтар не ўдалося.

***

Камэнтуючы інфармацыю пра затрыманьне Юрыя Чыжа, эканаміст Леў Марголін сказаў карэспандэнту Свабоды:

«Усе апошнія дзеяньні Лукашэнкі кажуць пра тое, што вельмі не хапае грошай. Пра гэта можа сьведчыць і затрыманьне Чыжа. А калі ўлічыць, што ў нас сталы артыкул бюджэту - гэта адкупныя ад тых бізнэсоўцаў, якіх спачатку саджаюць, а потым выпускаюць, то я думаю, што Лукашэнка можа разьлічваць на вельмі добры куш ад спадара Чыжа. А калі пакапацца, то гэтых усіх набліжаных можна садзіць аднаго за адным. І ў гэтым ніхто не сумняваецца. Бо ў нас ёсьць такая каста тых, хто гуляе з Лукашэнкам у хакей, ці яшчэ нешта робіць разам, і яны лічаць, што ім усё дазволена. Ну, а калі вельмі не хапае грошай, то можна і іх патрэсьці. А тое, што гэта было зроблена з вышэйшага дазволу, ніякіх сумневаў няма».

Галоўны рэдактар «Ежедневника» Сяргей Сацук у размове з карэспандэнтам Свабоды адзначыў, што пакуль няма афіцыйных пацьверджаньняў пададзенай інфармацыі пра затрыманьне Чыжа:

Сяргей Сацук

Сяргей Сацук

«У Чыжа вельмі шырокі бізнэс, таму можа быць вельмі многа меркаваньняў пра тое, за што яго маглі затрымаць, Але ён ня першы і не апошні: колькі разоў ужо так затрымлівалі бізнэсоўцаў. Раней затрымлівалі таксама партнэраў Чыжа па нафтавым бізнэсе. Нейкія дзеяньні вакол Чыжа вядуцца ўжо некалькі гадоў. Пастаянна некага вакол яго бралі, а яго не чапалі. Нейкія прэтэнзіі замежныя партнэры прысылалі. Яго партнэры, а ня ён сам, пастаянна сьвяціліся ў крымінальных справах. Тым больш нібыта з падаткамі ў яго былі сур’ёзныя праблемы. Таму зусім можна сказаць, што гэта чакана».

Паводле кіраўніка цэнтру «Стратэгія» Леаніда Заікі, затрыманьне Чыжа сьведчыць пра тое, што ўлада ў Беларусі моцная і бескампрамісная:

Леанід Заіка

Леанід Заіка

«І як казалі ў часы Брэжнева, няма ніякіх закрытых зон для крытыкі партыі. Што ўсе, хто знаходзіцца побач з прэзыдэнтам, могуць быць падвергнуты жорсткаму выпрабаваньню. Значыць, нешта недзе ня так гандлявалі. Чыж — гэта ніякая не ўплывовая асоба, гэта такі самыч, як Абрамовіч пры Пуціне. Гэта нармальная сытуацыя, калі трымаюць людзей на даверы. Але ёсьць махляры на даверы, а ёсьць памочнікі на даверы. На жаль, у бізнэсе ў Беларусі, як і ва Ўкраіне такая сытуацыя існуе. Ён працуе пад тымі або іншымі структурамі, крок управа, крок улева і вынік натуральны. Тым больш ужо было, калі Чыжа на некалькі гадзін „закрывалі“. А потым „адкрылі“.

Але я заўсёды казаў, што трэба ж мець меру. А то ён пабудаваў гмах у цэнтры Менску, апошнія паверхі вышэйшыя, чым кабінэт прэзыдэнта ў будынку адміністрацыі. Гэтак жа нельга. Я жартаваў, а насамрэч яно так і ёсьць».

РС: Чыжа называлі «кашальком» прэзыдэнта, як ён мог яго затрымаць?

«Трэба сказаць, што нават у Фросі ёсьць тры-чатыры кашалькі. Аляксандар Рыгоравіч чалавек чэсны, кашалькоў няма. Але ён рашае задачы — фінансаваць хакейныя матчы, «Славянскія базары», нейкіх палітыкаў. Ня можа быць у вядомага палітыка толькі адзін нейкі Чыж. Беларусь праводзіць шматвэктарную зьнешнюю палітыку. Чаму тады прэзыдэнт ня можа праводзіць шматвэктарную бізнэс-палітыку?»

***

У 2013 годзе быў абнародаваны топ-10 сьпісу самых пасьпяховых бізнэсоўцаў Беларусі. Лідэрам стаў уладальнік «Трайплу» Юры Чыж. 50-гадовы Юры Чыж — ураджэнец вёскі Сабалі Бярозаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Пачынаў бізнэс з продажу ў Расею машыны беларускай гарэлкі, а цяпер валодае фірмай «Трайпл», якая займаецца, сярод іншага, і нафтавым бізнэсам. Юры Чыж таксама ўласьнік заводу будаўнічых матэрыялаў у Бярозе, ён пабудаваў лядовую пляцоўку на праспэкце Дзяржынскага, «Чыжоўка-Арэну», якая стала другой па значнасьці пляцоўкай для хакейнага чэмпіянату ў Менску, які прайшоў у 2014 годзе. Юры Чыж валодае таксама футбольным клюбам «Дынама — Менск», але пакуль вялікіх посьпехаў у гэтым відзе спорту не дасягнуў. Хіба што праславіўся як уласьнік, які зьмяніў за некалькі гадоў больш за 20 трэнэраў.

У 2007 годзе Юрыя Чыжа затрымалі праваахоўныя органы, але неўзабаве ён выйшаў на волю і ні ў якай крымінальнай справе не фігураваў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG